Аднойчы гэты Валера заявіўся не адзін, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнікаў. У іх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткі. Так, звычайныя карткі рацыянаванага продажу крупаў, мукі, солі, якія выдаваліся службоўцам нямецкіх установаў, і якія наладзілі падрабляць у лесе. Ці, можа, у якой гарадзкой друкарні? Значыцца — фальшывыя карткі. Вядома, для такой апэрацыі апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нінку ці цётку Ганулю, але ж, мабыць, іх было шкада. I ён вечарком з напарнікам насыпаўся да Барсука.
Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы і бяз хлеба, даядаў апошні чыгунок бульбы, што зарабіў за рамонт коміна ў суседзяў; солі ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць і шчодра надзяляюць карткамі. На, схадзі ў лаўку, атавар, нам прынясеш і сабе возьмеш. Нам што-нішто, галоўнае — цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзі ня сквапныя, мы савецкія партызаны…
Барсук ня мог паверыць — такая раскоша! I такія слаўныя хлопцы — гэтак сардэчна пашкадавалі адзінокага дахадзягу-інваліда! На тым тыдні на рынку паліцаі адабралі ў яго здатныя боты, якія хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далі высьпятка ў зад. Гэтыя ж во — задарма даюць карткі: маргарын, соль, мука…
Ён ня йшоў — ляцеў з тымі карткамі ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохі засмуціўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакаліся. Яны прыйшлі толькі ўначы, распыталі, як і што. I яшчэ далі картак, якія дужа тады падтрымалі згаладнелага Барсука.
Пасьля вайны Барсук некалькі разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, і кожны раз цалаваў ягоныя рукі: такі слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асабліва, калі даў Барсуку даведку, быццам той — сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня «Граніт». Менавіта тая даведка дала яму сілы жыць пасьля страты сям’і. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсію з быткамбінату, дзе рабіў на розных работах, і нават выбіўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асабліва як дазнаўся, што Валера вялікі начальнік, робіць не ў Беларусі і наўрад ці прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамічных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталі з вайны, і найчасьцей успамінаў яго зь цеплынёй у старэчым позірку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзіў вялікай справе Маркса-Энгельса-Леніна. Ды і Сталіна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада — заўжды кепска. Як пазванілі з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помніка правадыру, ён і прыйшоў. Прынес свой апошні вазончык зь бягонямі, бо трэба ж было ўважыць і правадыра, і змагароў за ягоную справу, і Валеру, і таго сяржанта, якія некалі гэтак уважылі адзінокага, пагарджанага нямога.
Зрэшты, пасьля вайны тая гісторыя з Барсуком стала вядомая многім.
Праўда, пра яе ня ведаў адзін толькі Барсук. Ці варта было яму пра тое расказваць? Ці ён паверыць?
Можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка. Тым болей, што цяпер можна ўжо перахрысьціцца — адкрыта, і нават з замілаваньнем…
Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня «чорны воран», бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе баку, ды ён не разабраў, што — не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой ці як яго — малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах, паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у якую іншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…
Читать дальше