Можа, пад ранак трохі заснуў.
Прачнуўся, як ужо разьвіднела, сеў, пачаў выціраць запэцканае падбародзьдзе, грудзі. І тады на пальцах убачыў кроў — як і ўчора ў бамжа. Зь ягонага рота таксама ішла кроў. Значыцца, і яго неўзабаве чакае тое ж.
Але ж ён не хацеў паміраць…
Ён з натугай устаў і, хістаючыся, пайшоў берагам прэч. Прэч ад гэтай затокі, ад вогнішча, ад незакапанай магілы. Яму трэба было дабрысьці да броду.
Мабыць, новая мэта надала нейкай сілы — хістка, няўпэўнена, аслабела ён адолеў, аднак, немалы кавалак шляху па лесе. Але і выдыхся дашчэнту. Упаў у падлеску, сярод арабінавага маладняку, доўга ляжаў. Сьвядомасьць яго затуманілася, часам ён пераставаў разумець, хто ён і дзе знаходзіцца. Але не надоўга. Усё ж ён прымушаў сябе ўстаць і йсьці. Яму вельмі трэба было дайсьці да броду.
— Людзі-і-і-і, людзі-і-і-і, — намагаўся ён крыкнуць, але зь ягоных вуснаў зьлятаў толькі шэпт. Ніхто нідзе не адгукаўся. Ды і нідзе не было нікога. Не было нават ваўка. На момант успомніўшы дахадзягу, салдат прамовіў у думках: дзе ты, браток па няшчасьці? Воўк ты мой, воўча… Хадзі, можа, паратуемся разам…
Пачала дужа дакучаць смага — хацелася піць. Ды рака й балота засталіся ззаду, у бары вады не было. Ён разумеў гэта і трываў. Ён толькі ішоў. Ад дрэва да дрэва, ад хвоі да хвоі. Аднак усё выразьней стаў адчуваць, што ня дойдзе.
Але няўжо сапраўды ня дойдзе?
Спалох трохі надаў сілы. Але няшмат. Аслабела пратупаўшы дзясятак крокаў, падаў на дол, ляжаў. Нашто ж усё так атрымалася, чаму? — гучала ў ім недаўменнае пытаньне. Усё тое ж пытаньне без адказу. Хто загубіў ягонае жыцьцё? І чаму? А можа, гэтак з самага пачатку наканавана лёсам? Тады ён не вінаваты. Сам ён ужо бясьсільны што-небудзь у ім зьмяніць.
Устаючы, ён кідаў кароткія позіркі па бакох — думаў, мо дзе ўбачыць людзей. Каб крыкнуць. Ды людзей не было. Не было і ваўка. Салдат застаўся зусім адзін у гэтым прыгожым і страшным лесе.
Стала чамусьці цёмна. Можа, настала ноч? Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, ня выбраўся з гібельнай ямы. Цемра навалілася на лес, на салдата, і ён ужо не разумеў, у які бок ісьці. І ці ісьці наогул? Сілы ў яго не было нават устаць…
Было іхнае сьвята, і яны з кветкамі і сьцягамі ішлі да скамянелага правадыра. Іграў аркестар. Блішчэлі трубы, ад дажджу блішчэў граніт помніка, гарадзкое навакольле адбівалася ў мокрым асфальце. Усе былі бяз кепак ці капелюшоў — сівыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позіркі на старэчых тварах. Адзін нес невялічкі вазончык бягоняў, які ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вісела клюка. Сярод іншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскіх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за іншымі да пастамэнту, няспрытна сагнуўся і паставіў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьціўся.
— Глядзі, Барсук! — амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вінцэсь. — Жывы, ты глядзі…
Так, гэта быў Барсук, жывы і быццам здаровы, якога Ляксей зь Вінцэсем памяталі яшчэ з ваенных гадоў, як жылі ў тым гарадку, дзе пражыў вайну і гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвішчам ці мянушкай Барсук.
— I, здаецца, усё ранейшы, — не сунімаўся Вінцэсь.
Дзіўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё ці натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставіны. Такія, як у гэтым выпадку з Барсуком.
Ён зьявіўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя дні вайны з Заходняй Беларусі ўперамешку з войскам рынуліся і шмат якія з цывільных. Адныя ехалі на вайсковых машынах, іншыя на фурманках, а болей ішло пехатой — з клункамі, валізкамі, дзецьмі. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзін. Усе ягоныя сямейнікі недзе прапалі, і ён прыпыніўся, чакаючы іх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так і асеў на ўсе гады акупацыі. Жыў у старой бабкі ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, і ўсё чакаў, казалі, сваіх — жонку і двух дзяцей. Ды ішоў час, а сямейнікі Барсука не аб’яўляліся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды і хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны — які набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкі хлопец Валера, які, як тое некаторыя ўведалі, меў справу зь лесам, і то прападаў на тыдзень-другі, то цішком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзіць трафэйны гадзіньнік, у якім, як аказалася, неяк разьбіраўся Барсук.
Читать дальше