Усё пакашліваючы на вышмарканых камянях ля парога, Пятрок рашыў нарэшце ладзіць капец. Бульба добра ўрадзіла сёлета, на гародзе яе ўжо выкапалі і засыпалі поўную яму, але і яшчэ будзе не меней. У яму ж каторы год пад вясну находзіць вада, таму рэшту трэба закрыць у капец на пагорку ў канцы гарода — так заўсёды рабілі на хутары ва ўраджайныя на бульбу гады. Бульбачку трэба было шанаваць, тая здаўна была галоўным набыткам з поля — хлеб радзіў не заўсёды і к вясне канчаўся, а бульбачкі часцяком хапала да новай. Калі яе ў час выбраць, засцерагчы ад марозу, вады, дык хапала сабе і скаціне — бульбачка не адзін ужо год бараніла ад голаду.
Некалькі дзён запар восеньскае неба грувастка цяжэла ад хмар, дужа рваў вецер, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, а пасля ўсё сціхла, уначы пацяплела, і пад ранак пасыпаўся дождж. Прачнуўшыся на світанні, Сцепаніда пачула яго шапаткую гаману за сцяной і падумала, што сёння, мусіць, прыйдзецца пачакаць з каровай. Пятрок яшчэ ляжаў у куце на ложку і нават не кашляў, спаў, мусіць, а яна ўстала з палка, выйшла ў сенцы. Ля ганка, чуваць было, трохі цурчала са страхі, а пад дзіркай у сенцах ужо расплывалася на зямлі цёмная лужына. Каторы ўжо раз Сцепаніда раззлавана памянула свайго нядбайнага мужа і пасунула цабэрак пад тое месца ў страсе, дзе мерна капала ў дол. Прывыкшы рана ўставаць, Сцепаніда зразумела, што сну ўжо не будзе, тым болей што за дзяружкай ужо заварушыўся-закашляў Пятрок, шукаў свой капшук — дня ён не мог пачаць без закуркі. Санліва папазяхаўшы, Сцепаніда ўзяла з-пад акна кляновую, купленую вясной даёнку і пайшла ў хлеў да каровы.
Тым часам амаль развіднела. Дождж густавата сеяўся з нізкага туманнага неба, але быў па-восеньску драбнаваты, без ветру і яшчэ не нарабіў гразі на падворку. Толькі ля варот хлява ў нізкім месцы блішчэла гнойная лужына.
На ліпе пачала драць горла варона, — каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Варона прылятала на ліпу ўжо чацвёрты ці пяты ранак — уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Разы два Сцепаніда кідала ў яе палкай з дрывотні, але варона сядзела і не палохалася. Накрычаўшыся, яна сціхала сама, не доўга яшчэ сядзела моўчкі, а пасля цяжка саскоквала з сука і, часта махаючы крыллем, ляцела цераз хлеў у гай. Ззаду на ліпе ціха гайдалася патрывожаная ёю галіна з некалькімі зрудзелымі лісткамі.
Не спяшаючыся, Сцепаніда старанна выдаіла Бабоўку, з прыемнасцю адзначыўшы, што добра напасвіла ўчора ў Бараннім Лозе, — даёнка была поўная, з беражкамі. Нічога не скажаш, кароўка ўдалася на зайздрасць, маладая яшчэ, непераборлівая ў ежы і малочная; Сцепаніда берагла яе як самы вялікі набытак. Па гэтым часе такая карова — раскоша.
Яна выйшла з хлява, падумаўшы, што Бабоўцы трэба кінуць ахапак атавы — якую гадзіну паласаваць у хляве, а самой, пакуль дождж, можа, зварыць крупніку ці бульбы — ужо дзён колькі яна не паліла ў печы і не гатавала гарачага. Аднак не паспела яна дайсці да парога, як да яе слыху, быццам з-пад зямлі, данёсся прыглушаны, але магутны нутраны вуркат. Не цямячы яшчэ, што гэта, яна выглянула з-за паркана ў вароты і аслупянела: па іхняй дарозе з гасцінца, цяжка валюхаючы па калдобінах, сунулася ў дажджавой імгле штосьці вялізнае, шэрае і тупалобае, што не адразу і з цяжкасцю нагадала Сцепанідзе машыну. Ззаду кацілася нешта меншае, з высокай, як у самавары, трубой, і вецер данёс на падворак пах дыму, як быццам ад дроў. На мокра-блішчастых баках машыны свяціліся нейкія літары, а вялізныя колы не змяшчаліся ў нешырокіх каляінах і адной стараной мялі-тапталі быльнёг на ўзбочыне. Машына паволі, але з нейкаю няўхільнаю непазбежнасцю набліжалася да сядзібы і яшчэ праз момант са змораным цяжкім дыхам сунулася ў вароты і спынілася на падворку. Гэты дых яе стаў яшчэ большы, у двары засмярдзела газай. З высокай ля кабіны прыступкі саскочыў мізэрненькі чалавек у капелюшы і даўгаватым пальтэчку, якога Сцепаніда адразу ж пазнала: то быў колішні местачковы настаўнік Свянткоўскі.
— Добры дзень, пані Багацька, — з дзіўнаватай нязвыкласцю павітаўся настаўнік, тоячы загадкава-салодзенькую ўсмешачку на вастраносенькім твары. — Гуж распарадзіўся прыняць на кватараванне нямецкую каманду. Ну і — каб усё было добра.
Сцепаніда, аднак, маўчала, няўцямна пазіраючы на машыну, брызентавы верх якой падпіраў нізкае голле ліп. І сапраўды, у той жа момант бразнулі жалезам дзверы, і на падворак адразу сіганулі двое. Яшчэ не згледзеўшы ні іхняй адзежы, ні твараў, па чымсьці няўлоўна-насцярожаным, што ішло ад іх постацяў, Сцепаніда зразумела, што гэта — немцы. Толькі калі тыя скіравалі да яе па падворку, яна адзначыла сабе ў думках, што яны ходзяць, як людзі, на дзвюх нагах і, здаецца, нават без зброі — той, што саскочыў з гэтага боку машыны, быў у цеснаватым, з мноствам гузікаў на грудзях мундзірчыку; на маладым белым твары яго за круглымі акулярамі ў чорнай аправе блукаў зусім нязлы — звычайны хлапечы выраз, на галаве з высока падстрыжанай патыліцай сядзела нейкая растапыраная, без казырка, шапачка-пілотка, і з кароткіх рукавоў мундзірчыка звісалі тонкія рукі. Але другі, што неяк порсценька выкаціўся з-за машыны, быў зусім інакшы — кругленькі, таўставаты чалавек з надта жвавым, нават мітуслівым позіркам, якім ён умомант ахапіў падворак, хлеў, хату і штось буркнуў ёй — незадаволенае і патрабавальнае. Але яна не зразумела яго і сама не свая стаяла з даёнкай на сярэдзіне падворка.
Читать дальше