— Пачытайце. Пакуль тут дажджэшся…
I, не дагаварыўшы, засяроджваецца ў чытанні. Я машынальна аглядаю загалоўкі. I не разумею нічога.
Калі не Сахно, дык гэта жахліва. Я ж мог яго пакалечыць. А калі ўсё ж ён? Няўжо я і цяпер застануся ў дурнях. Як дваццаць гадоў назад…
Што ж, пачакаем.
Ён чытае засяроджана і грунтоўна. За наш столік болей ніхто не садзіцца. Афіцыянтка таксама не ідзе. Я няўцямна гляджу на шчыльныя газетныя радкі і не магу заглушыць у сабе амаль роспачнага крыку памяці…
Сон разрываецца выбухам:
— Тр-р-рах!.. Лоп-лоп-лоп… Шы-ш-ш-ш-ш-ш…
I яшчэ:
— Тр-р-рах! Тр-р-рах!.. Шр-рык!
Што гэта? Дзе гэта? Фу ты, пляснула чымсь мокрым па твары, па спіне: мурашкі ці, можа, пясок… Я ўсхопліваюся і адразу разумею — бяда!
У хаце амаль відна, у вокнах світальны ранак. Мяне абдае хваляю сцюжы, снегавой пацярухай сыпле на галаву, за каршэнь. На падлозе збянтэжаныя твары людзей. Ля ложка, лежачы ніц, ашчапервае голаў сяржант. Зверху сыплецца перамешаная са снегам тынкоўка.
— Тр-р-рах! — здаецца, пад самым акном грымотна б’е новы выбух.
У акно шугае косма снегу з зямлёй. Дробныя асколкі шкла шротам абдаюць патыліцу. Міжвольна хіснуўшыся ад выбуху, я зусім пазбаўляюся ад санлявае няўцямнасці і палохаюся — дзе Юрка? Але Юрка побач, ён таксама недаўменна лыпае заспанымі вачыма і пытаецца:
— Што такое? Га? Бамбёжка, га?
Не, Юра, не бамбёжка і нават не звычайны агнявы налёт. Гэта іншае. Я баюся яго, гэтага іншага, ад аднае толькі думкі аб ім у мяне халадзее ўсярэдзіне. «Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — б’юць два разрывы далей, знадворку. Там нехта ў дзікай лютасці лаецца — чуваць абрыўкі нервовай апантанай гаманы, тупат ног. Нешта там робіцца кепскае. А я з усяе сілы ўслухоўваюся скрозь гэтую мешаніну гукаў, і — прападзі яно пропадам, гэта ўчарашняе маё прадчуванне! — яно не ашуквае. Між выбухаў чуваць, як недзе далёка яшчэ, але досыць выразна і цягуча гудуць танкі.
Ну вось і дачакаліся! Даспаліся, даадпачываліся, даспадзяваліся, так яе растак! Цяпер расхлёбвай!
Мусіць, іншыя таксама ўжо нешта чуюць. Сяржант, за ім Каця і Юрка кідаюцца да ўшчэнт разнесеных выбухамі акон. Ускокваю на адной назе і я, яшчэ нехта шастае да акна. О, там карціна! Самая брыдкая з усіх карцін на вайне — «драп»!
Па вуліцы, па гародах, міма нашай хаціны і воддаль бягуць з сяла людзі. Адзіночкі, групы, шалёна скачуць коні; раскідваючы абланцужанымі скатамі снег, па адной імчаць машыны. Відаць, усе, хто тут быў, рьшуліся на аколіцу, міма пабітых асколкамі мазанак, сігаючы цераз плятні, падаючы і ўскокваючы. Непадалёк, ля суседняй хаты, на вуліцы дымна палае разнесены выбухам «студэбекер». Побач з перакуленай фурманкай, канаючы, дрыгае нагамі конь. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Пі-і-іў… Ш-у-у-у… Тр-р-рах!» Там і тут б’юць выбухі. Але мы ўжо не зважаем на іх — мы ўпіваемся позіркам у далячынь за сялом. Там па крутаватым схіле са стэпу ўпаўзаюць у ваколіцу танкі.
— Жвік — жвік — жвік! Тр-р-рах!
Выбух кідае нас на падлогу. Хата прыўзнімаецца і асядае. Здаецца, рушыцца столь. Пыльным, сухім смуродам забівае дыханне. Нехта енчыць, хтосьці раз’юшана лаецца і, ускочыўшы, кідаецца да дзвярэй.
— Лажысь! Лажысь, так вашу растак! — крычыць у пыльным смуродзе Каця.
Яна па-мужчынску лаецца, але цяпер гэта нікога не дзівіць — як жа інакш, калі такое творыцца! Тынкоўка са сцен і столі густа зацярушвае галовы і спіны. Юрка ўзнімае твар, яго не пазнаць — адзін толькі поўны трывогі і збянтэжанасці позірк: што рабіць?
— Сястра! Сястрычка! Ой, ратуй жа!.. Ой! — лямантуе хтосьці ў хаце.
Пыл хутка выдзьмувае ветрам, сапраўднаю снегавой віхурай, бо ўжо ні вокан, ні дзвярэй. Дзверы, прынамсі, расчынены, і на парозе распласталася нерухомая постаць. Гэта наш санітар, што ўчора на тое самае месца кідаў трусоў. Над кутам у столі пралом з дзіркай на вуліцу. У ёй курыцца снег, і пад ім на саломе слепа таўчэцца абвязаны пыльнымі бінтамі лётчык. Каленямі і локцямі ён штурхае-тармосіць суседа.
— Эй, таварыш! Таварыш!
З-пад шыняля тырчаць доўгія ногі ў кірзачах, яны не крануцца. Здаецца, ягоны сусед, які ўчора кідаўся на немца, «ужо». Але папала ў хаце, відаць, не аднаму.
— Сястра! Сястрыца! — енчыць хтосьці ў другім куце (ці не той рабаваты). — Кроў… У другі раз гвазданулі, гады!
— Што ж гэта робіцца, браткі? Трэба ж нешта рабіць!
— Ціха! Ціха! Лажысь! — камандуе Каця і з трэскам разрывае чарговы перавязачны пакет. Яна з распушчанымі валасамі, без шапкі кідаецца па хаце, то ў кут, дзе не ўнімаецца звар’яцелы, невідушчы лётчык.
Читать дальше