Калі мы, ужо далёка за поўнач справіўшыся з падлогай, убачылі ля плота здратаваны сабачымі лапамі снег з чырвонымі, як кроў, крошкамі хлеба, то на хвіліну знямелі. Я гатовы быў ашалець. Юрка, мабыць, першы раз у жыцці, вылаяўся і без сіл апусціўся на снег. Я хацеў некага забіць. Мы ледзьве дабрылі да нараў…
Праўда, назаўтра, паснедаўшы, ужо з меншай тугой паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і ў гэтых позірках значылася: «Якія ж мы дурні!» А яшчэ праз тыдзень расказалі хлопцам пра наш злашчасны заробак. I хлопцы надрывалі жываты ад смеху. Ды і мы таксама.
…У хаце густы, не прадыхнуць, смурод. Нехта мармыча ў сне, нехта стогне. У двух месцах нават храпуць. На прыпечку дагарае наша апошняя «кацюша». Немец на ложку таксама заціх і, наваліўшыся на калені, спіць. На сцяне за ім змрочна цямнее яго касы і шырокі цень. Дрэмле ля парога санітар. Адзін толькі сяржант варушыцца нешта, зручней уладкоўваючы нагу, ды захінаецца ў дэсантную куртку. Пасля ён збіраецца закурыць і піхае цыгарэту ў свой мефістофельскі мунштук.
Я папраўляю на падлозе маю небараку-нагу. Сяржант паднімае голаў.
— Баліць?
— Ды баліць, халера…
— Мая таксама баліць. Удзень яшчэ цярпіма, а ўночы пячэ, як крапівой.
— Мусіць, ноччу ўсе раны болей баляць.
— Ну, а ты думаў!.. — згаджаецца сяржант і кажа: — Слухай, младшой, а твой немец быццам нішто.
— Хто яго ведае. Можа, і нішто.
— Панімаеш, — сяржант засяроджана прыкурвае ад запальнічкі. — Панімаеш, я было хацеў яго шпокнуць. Спачатку. Злы я на іх. Ёсць такая прычына. Ды гляджу — нейкі ён дужа ўжо не такі, гэты фрыц. Настаўнік. Двое дзяцей… Каб хоць буржуй які… Ці эсэс…
Я маўчу. Я разумею ягоную прычыну і яго злосць да немцаў. Толькі я думаю: дужа ўжо спрытныя ў нас сталі на суд і расправу. Ні табе начальства, ні трыбунала: захацеў і — шпокну! Якая самаўпэўненасць! А можа, ён трэба там, дзе-небудзь у штабе. Зрэшты, мабыць, вінаваты і я — палонных трэба даводзіць да месца, а не таўчыся з імі па санітарных часцях, дзе скрозь параненыя, знерваваныя, злыя. Ну, але гэта ўжо іншая справа.
— Панімаеш, трэці раз не шэнціць, — выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант. — Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся… Тады жыві. Паспытай Сібіру. Не стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог — малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.
Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.
— Заўтра эвакуіруюць… На якіх месяцы два цяпер адпачынак… Перавязкі. Сястра — вутку! Паскудства адно. Не люблю! — адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца. — А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік… Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..
Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць — паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.
— Вы што?
Яна нават і не паварочвае галавы.
— А табе што за дзела?
— Ну, я так. Думаў…
— Адстань.
Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка…
Чым бліжэй да вакзала, тым усё больш людзей. На стаянцы таксі — вялізная чарга, якой спрытна распараджаецца дзяжурны з чырвонай павязкай. Спазнелыя пасажыры бягуць на прыгарадны поезд. З флегматычнай самотай бавячы час, па тратуары праходзіць каменданцкі патруль — двое салдат і маёр. У пятліцах — тэхнічныя эмблемы. Маёру на выгляд пад сорак пяць. Аднак, састарэлі цяпер у арміі, не тое што ў вайну… Некалі ў нас у палку самы стары афіцэр — начальнік артузбраення — меў трыццаць восем. Камандзір палка — трыццаць два. Батальёнамі камандавалі дваццаці-дваццацівасьмігадовыя хлопцы. Зрэшты, нам, узводным, яны ў той час здаваліся амаль старымі.
Вакзальны вестыбюль гудзе ад народу. Гамана, мітусня і штурханіна. Аднак, здаецца, і плач. Сапраўды, ля дзвярэй на пероне плача жанчына, толькі нічога не відаць — цікаўны натоўп абступае яе суцэльнай сцяной. Відаць, нешта здарылася.
Читать дальше