За магазінам на рагу адкрываецца шырэйшая вуліца, у канцы якой — залітая святлом плошча. Гэта вакзал. На тратуары паток пешаходаў адтуль — з чамаданамі, клункамі, пакункамі. Відаць, прыйшоў поезд. Няўклюдна абмінаючы людзей, я кідаюся ў бакі. Ідуць па адным, групамі, парамі. Праходзяць шчаслівыя закаханыя, мабыць, толькі што сустрэўшыся пасля ростані. Ён у нейлонавай сарочцы з падкасанымі рукавамі. Яна ў вузенькай спаднічцы, з-пад якой даверліва мільгаюць каленкі. Абое радасна заглядваюць адно аднаму ў твар, і яна сцішана туліцца да яго. Прыгожыя, статныя, нейкія дужа дасканалыя, як антычныя скульптуры, яны так і поўняцца найлепшым з пачуццяў юнацтва.
За акном уладарыць марозная ноч.
Часу між тым мінае нямала: ужо, мусіць, апоўначы. Я не сплю і пасля ўсяго, што адбылося тут, самотна гляджу ў печ. Агонь горача палае, ганяючы па тынкаванай сцяне над ложкам мільготкае зарава.
Ля печы тупаюць, шархацяць саломай санітары і Каця — яны вараць бульбу. Каця, — без паўшубка, расчырванелая, уся неяк па-добраму ажывелая ад гэтай хоць, відаць, і не дужа прывычнай для яе, але такой хатняй і жаночай работы, — спрытна лязгае па прыпечку казанамі. Сяржант, страціўшы ўжо цікавасць да немца, які сцішана сядзіць побач, перавешваецца грудзьмі цераз ложак і шырокімі сваімі лапішчамі ўсё імкнецца лішні раз ухапіць дзяўчыну. Тая ледзьве ўвільвае ад яго рук, часам не балюча ляскае сяржанта вілачнікам па плячах. Сяржант рагоча, стрымана ўхмыляецца немец. Дзядзькі-санітары не звяртаюць залішняй увагі на гарэзы маладых.
У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.
Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах — толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.
— Ой, што гэта?
Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.
— Дзе ты іх узяў? — здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода — сапраўды, рады былі бульбе, і раптам — трусяціна!
— Там, у сянёх, — ківае санітар. — Норы ого!
Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.
— На-ка абдзяры…
Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:
— Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць…
Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.
— О фройлян, іхь сделайт.
Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.
— Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!
— Ладна, ладна! Хай! — абрывае яе сяржант. — Давай, дзелай арбайт, Ганс.
— Няхай папэцкаецца, а што! — зазначае санітар. — Трымай фінку.
Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.
— Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.
Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта — надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:
— О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!
Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.
Читать дальше