— Но, Іван.
— Ну, як хочаш. Прападай, — са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: — Давай клумпес!
Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло.
— Скідай і тужурку.
Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей.
Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе.
Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю.
Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала.
Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе.
— Што ж, бывай!
— Чао! — сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна.
Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне — нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, — сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. — Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба — на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць — па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, — яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму?
Ён таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб ёй, пакінутай унізе, але ўсё не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Нешта падспуднае ў душы жыло іншаю логікай, ногі неўзабаве замарудзілі крок, ён азірнуўся, раз, другі — яна ледзьве прыкметнаю плямкай усё сядзела на схіле, і яе пакорлівая бездапаможнасць перад яўнай пагібеллю раптам зрушыла, скрышыла ўвесь нядаўні ягоны намер. Іван, сам таго не жадаючы, павярнуўся і, заляскаўшы па сцяжыне калодкамі, пабег уніз.
Джулія, учуўшы яго паблізу, здрыганулася і спалохана ўскінула галаву.
— Іван?
— Я.
Яна, відаць, нешта западозрыла і насцярожылася.
— Почему?..
Ён, не адказваючы, скінуў тужурку.
— На. Надзявай.
Усё не ўстаючы з месца, яна хуценька захінулася ў тужурку; ён, намагаючы, прытрымліваў рукавы і, калі яна ўправілася, тузануў дзяўчыну за локаць.
— Ідзі сюды.
Яна ўпарта адхіснулася, вырвала локаць і застыла, як бы баючыся яго рук. З-пад броваў строга зірнула ў яго твар.
— Ідзі сюды.
— Но.
— Ат, нон мне яшчэ…
Ён адным рыўком упоперак абхапіў яе дрыготкае тоненькае цела, ускінуў на плячо. Яна рванулася, затрапятала, як рыба, забілася ў яго руках, нешта загаманіла, а ён, не зважаючы на гэта, закінуў яе за спіну і ўхапіў пад калені рукамі. Яна раптам перастала біцца, заціхла, каб не ўпасці, таропка ашчаперыла яго за шыю, і ён адчуў на шчацэ яе цёплае дыханне і пякучую кроплю, якая заказытала-пакацілася па шыі за ягоны каўнер.
— Ну, ладна. Ладна… Як-небудзь…
Яна, сцішыўшыся, прыціснулася да яго шырокай спіны і задыхнулася. Ён і сам задыхнуўся, але не ад ветру — ад нечага незнаёмага, уладарна-лагоднага, вялікага і надзіва бездапаможнага адначасна, што захліснула яго. Нядаўні намер пакінуць яе цяпер аж спалохаў яго, і хлопец, цяжка загрукаўшы калодкамі, рушыў угору.
Снег ужо густа абсыпаў голы камяністы дол. Калодкі слізгалі па сцежцы; і на крутых мясцінах, каб не зваліцца з ношаю, Іван стараўся ісці бокам, як лыжнік, падымаючыся на схіл. Спачатку ён не адчуваў цяжару яе маленькага цела, трохі падтрымліваў яго пад калені і, угнуўшыся, з незразумелым запалам лез угору. Але неўзабаве ён адчуў, што трэба спыніцца, выпрастацца, уздыхнуць, — грудзям вельмі не хапала паветра. Праўда, ён угрэўся. Разгарачанаму целу ніпачым стаў зусім азвярэлы вышынны вецер, унутры таксама ўсё гарэла, гаркота ад стомы раздзірала лёгкія.
Мусіць, перавал быў ужо блізка, бо пад’ём патроху выраўноўваўся. Сцяжына лезла ўжо без крывуляк па голым, дужа заснежаным скалістым узлобку, справа высілася нешта стракатае — пэўна, шэрая грамада той, меншай вышыні. Значыць, яны дабіраліся да седлавіны. Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, хоць звінела, магчыма, у вушах. Мароз, напэўна, тут памацнеў, ад сцюжы болей за ўсё дапякала рукам і каленям.
Читать дальше