Ад нясцерпных жахаў яна прачынаецца на досвітку і, знясіленая ад перажытага за ноч, нерухома ляжыць, не ведаючы, што і падумаць. Яна прыпамінае сон, удумваецца ў яго адметныя драбніцы, зноў пакутуе ад такога выразнага свежага ў пачуццях відовішча, і чым далей, тым болей у старой мацнее ўпэўненасць, што ён вернецца. Гэтая ўпэўненасць і жаданне, каб усё здзейснілася, ужо не даюць старой чакаць у бяздзейнасці, яна ўзнімаецца, хуценька накідвае на плечы сваю світку. У хаце сцюдзёна, ужо даўно і зусім астыла печ, у вокнах сінее свежы ранак, і Тэкля кідаецца да таго, з разбітай шыбай, каб убачыць дарогу. Але дарогі яшчэ не відно, ледзь-ледзь цямнее пад нізкім хмарным небам пусты пагорак — і ўсё. Старая сноўдае па хаце, не ведаючы, што рабіць, за што ўзяцца, а думкі яе — на той дарозе, і сэрца ўсё больш ахоплівае нецярплівасць. Яна ўжо верыць, што ён недзе вяртаецца, і ўвесь час то падбягае да акна, то выходзіць на панадворак і да болю ў вачах узіраецца ў шэрую далячынь.
Калі добра развіднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе і, выйшаўшы на вуліцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з’явілася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын і кабета. Старая ўсё ўглядалася ў іх — пільна і доўга, захлынаючыся ад нецярплівасці, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым і перасмейваючыся, так і мінулі вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нікога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзінокая постаць. Яна з’явілася, паматлялася на краявідзе і недзе знікла. У Тэклі адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: «Ён!» Яна прыгледзелася яшчэ і ўжо не магла стрымацца. Не зачыніўшы нават сенцаў, у бахілах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмінала гразь, пазіраючы то пад ногі, то на пагорак, потым прыбавіла кроку і ўжо не разбірала дарогі. У нізіне ля калдобін, калі знік з вачэй пагорак, яе ахапіла трывога. Здалося жанчыне, што яна позніцца, што ён упаў там і ляжыць пакалечаны, і маці, цяжка дыхаючы, кінулася подбегам.
Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора і напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. вось — вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захліпаючыся ад стомы і хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахіснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснікамі ці ў Лужку, думалася ёй, і старая, не спыняючыся, бегла далей.
Над шырокімі прасцягамі, раллёй і голымі пералескамі непрыкметна зачаўся сумны восеньскі дзень, было ветрана і сцюдзёна. Нізкае неба поўнілася цяжкімі азызлымі хмарамі — яны суцэльным бясконцым статкам плылі з захаду, несучы першы зазімак.
Тэкля не спынілася ні на пагорку, ні ля параснікаў, яна не магла ўжо суцішыць хады — усё ў ёй ірвалася наперад, туды, адкуль яна чакала яго. Увесь час здавалася старой, што вось — вось яна дасягне горкі ці абміне хмызняк і ўбачыць яго, і жанчына ўсё прыбаўляла хады.
Але ён не паказаўся ні з-за горкі, ні з-за параснікаў, а сілы старой пачалі слабець. Адзін раз яна прытулілася да тэлефоннага слупа, нібы ўпершыню здзівіўшыся марнасці надзеі, зірнула назад, наперад. Як добра, падумала старая, што бацька пахаваны дома, на вясковых могілках, што ў яго дагледжаная магілка, а дзе ён? Дзе пахаваны ён? — нема крычала яе душа. Няўжо сапраўды ўсё скончана і ніколі ёй не дачакацца яго і давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. Але чаму пахаваны? Не можа быць, каб памёр ён, ён павінен жыць, ён ідзе гэтай дарогай, дык трэба спяшацца сустрэць яго. І яна шкандыбала па гразі ў невядомую далеч дарогі.
Апоўдні мінула знаёмыя мясціны, вядомыя вёскі. Дарога ўсё вілася ў восеньскіх прасторах, усё з прагнасцю азірала яе маці, але яго не было нідзе. Яна ўсё ішла, але вельмі знемагла ўжо, часта адпачывала на ўзмежках, ля слупа, на камянях. Спыніцца яна не магла, не магла і вярнуцца: ёй здавалася, што жыццё яе сына — у той дарозе.
А то ёй сустрэўся трактар, ён цягнуў вялізную чырвоную малатарню, а на ёй і на трактары сядзела некалькі хлопцаў. Старая саступіла з дарогі ў бок ад грукату і лязгу і ўважліва агледзела седакоў. Адзін, што сядзеў збоч трактарыста ў кабіне, здаўся ёй неяк вельмі падобны да яе Васількі; трактар праехаў, а яна ўсё глядзела ўслед. Хлопец у расшпіленай ватоўцы на малатарні нешта крыкнуў ёй і засмяяўся — яна не пачула яго слоў, але чамусьці аж схамянулася ад яго маладога свавольніцкага смеху.
Падвечар яна ўжо ледзь брыла дарогай, спынялася, задыхалася ад стомы. Старэчы позірк, што так натхнёна вёў яе ўдалеч, пагас пакрысе, як пагасла і яе нясцерпная надзея сустрэць яго. І ўсё ж яна з дрыготкім сэрцам узіралася ў дарогу з-за кожнай павароткі.
Читать дальше