«Магу сказаць, што атрымаеце адменнага гатунку, лепш за які толькі ў асвечаных сталіцах можна адшукаць. Хлопец! падай сукно зверху, што за 34-м нумарам. Ды не тое, браток! Што ты вечна вышэй сваёй сферы, быццам пролетарый які! Кідай яго сюды. Вось сукенца!» I, разгарнуўшы яго з другога канца, купец паднёс Чычыкаву пад самы нос, так што той мог не толькі пагладзіць рукой шаўкавісты глянец, але нават і панюхаць.
«Добра, але ўсё не тое», сказаў Чычыкаў. «Я-ж служыў на мытніцы, дык мне вышэйшага гатунку, якое ёсць, і да таго-ж больш з чырванню, не да бутэлькі, а да брусніц каб набліжалася».
«Разумею: вы сапраўды жадаеце такога колеру, які цяпер у моду ўваходзіць. Ёсць у мяне сукно выдатнай вартасці. Папярэджваю, што высокай цаны, але і высокай якасці».
Еўрапеец палез. Трубка ўпала. Разгарнуў ён яе з майстэрствам ранейшых часоў, нават на час забыўшы, што ён належыць ужо да пазнейшага пакалення, і паднёс да святла, нават вышаўшы з крамы, і там яго паказаў, жмурачыся ад святла і сказаўшы: «Адменны колер! Сукно наварынскага дыму з полымем».
Сукно спадабалася; пра цану дамовіліся, хоць яна і «з прыфіксам» [ 114 114 Без запросу.
], як сцвярджаў купец. Тут было прароблена спрытнае раздзіранне абодвума рукамі. Загорнута яно было ў паперу, па-руску, з хуткасцю неверагоднай. Скрутак закруціўся пад лёгкім шпагатам, які ахапіў яго трапяткім вузлом. Нажніцы перарэзалі шпагат, і ўсё было ўжо ў калясцы. Купец прыўзнімаў шапку. Прыўзнімаючы шапку..... прычыну: ён дастаў з кішэні грошы.
«Пакажыце чорнага сукна», пачуўся голас.
«Вось чорт вазьмі, Хлабуеў», сказаў сам сабе Чычыкаў і павярнуўся спіной, каб не бачыць яго, лічачы за неразважлівасць з свайго боку распачынаць з ім якія-небудзь тлумачэнні адносна спадчыны. Але ён ужо яго ўбачыў.
«Што гэта, дапраўды, Павел Іванавіч, ці не наўмысна ўцякаеце ад мяне? Я вас нідзе не магу адшукаць, а справы-ж такога роду, што нам трэба сур’ёзна перагаварыць».
«Найпаважанейшы, найпаважанейшы», сказаў Чычыкаў, паціскаючы яму рукі: «паверце, што ўсё хачу з вамі пагутарыць, ды часу зусім няма». А сам думаў: «Чорт-бы цябе хапіў!» I раптам убачыў уваходзячага Муразава. «Ах, божа, Афанасій Васільевіч! Як здароўе ваша?»
«Як вы?» сказаў Муразаў, здымаючы капялюш. Купец і Хлабуеў знялі капелюшы.
«Ды вось паясніца, дый сон неяк усё не тое. Ці можа ўжо таму, што мала руху...»
Але Муразаў, замест таго, каб паглыбіцца ў прычыну прыпадкаў Чычыкава, звярнуўся да Хлабуева: «А я, Сямён Сямёнавіч, убачыўшы, што вы ўвайшлі ў краму, — за вамі. Мне трэба аб тым аб сім пагаварыць, дык ці не хочаце заехаць да мяне?»
«Як-жа, як-жа!» сказаў паспешна Хлабуеў і вышаў з ім.
«Аб чым-бы ў іх размовы?» падумаў Чычыкаў.
«Афанасій Васільевіч — паважаны і разумны чалавек», сказаў купец: «і справу сваю ведае, але асвечанасці няма. Купец-жа ёсць негацыянт, а не тое, што купец. Тут з гэтым злучана і буджэт, і рэакцыя, а інакш атрымаецца паўпурызм» [ 115 115 Пауперызм (збядненне).
], Чычыкаў махнуў рукой.
«Павел Іванавіч, я вас шукаю ўсюды», пачуўся ззаду голас Леніцына. Купец пачціва зняў капялюш.
«Ах, Фёдар Фёдарыч!»
«У імя бога, паедзем да мяне: мне трэба перагаварыць», сказаў ён. Чычыкаў зірнуў — ён змяніўся з твару. Расплаціўшыся з купцом, ён вышаў з крамы.
«Вас чакаю, Сямён Сямёнавіч», сказаў Муразаў, убачыўшы ўваходзячага Хлабуева: «калі ласка да мяне ў пакойчык». I ён павёў Хлабуева ў пакойчык, ужо знаёмы чытачу, скрамней за які нельга было адшукаць і ў чыноўніка, што атрымлівае семсот рублёў у год.
«Скажыце, цяпер-жа, я думаю, справы вашы палепшалі? Пасля цёткі ўсё-такі вы атрымалі тое-сёе».
«Дык як вам сказаць, Афанасій Васільевіч? Я не ведаю, ці палепшалі мае справы. Я атрымаў усяго пяцьдзесят душ сялян і трыццаць тысяч грошай, якімі я павінен быў разлічыцца з часткай маіх пазык, — і ў мяне зноў няма нічога. А галоўнае, што справа па гэтаму завяшчанню самая нячыстая. Тут, Афанасій Васільевіч, пачаліся такія круцельствы. Я вам зараз раскажу, і вы здзівіцеся, што такое робіцца. Гэты Чычыкаў...»
«Дазвольце, Сямён Сямёнавіч, раней чым гаварыць пра гэтага Чычыкава, дазвольце пагаварыць уласна пра вас. Скажыце мне: колькі, па вашым меркаванні, было-б вам патрэбна і дастаткова для таго, каб зусім выблытацца з становішча?»
«Маё становішча цяжкое», сказаў Хлабуеў. «Ды каб выблытацца са становішча, разлічыцца зусім і мець магчымасць жыць самым памяркоўным чынам, мне патрэбна, прынамсі, 100 тысяч, калі не больш, словам, мне гэта немагчыма.
Читать дальше