«Шкада мне яго, дапраўды, шкада», сказаў Чычыкаву Платонаў, калі яны, развітаўшыся з ім, выехалі ад яго.
«Блудны сын!» сказаў Чычыкаў. «Такіх людзей і шкадаваць няма чаго».
I хутка яны абодва пакінулі думаць пра яго: Платонаў — таму, што ляніва і поўсонна глядзеў на стан людзей, таксама-ж, як і на ўсё ў свеце. Сэрца яго спачувала і шчымела, бачачы пакуты іншых, але ўражанні неяк не адбіваліся глыбока ў яго душы. Праз некалькі хвілін ён не думаў пра Хлабуева. Ён таму не думаў пра Хлабуева, што і пра сябе самога не думаў; Чычыкаў таму не думаў пра Хлабуева, што, сапраўды, усе яго думкі былі заняты не на жарты набытай пакупкай. Як-бы там ні было, але раптам апынуўшыся, пасля фантастычнага, сапраўдным уладаром ужо не фантастычнага маёнтка, ён зрабіўся задуменным, і дапушчэнні, і думкі зрабіліся больш сталымі і надавалі мімаволі значны выраз тва[ру]. «Цярплівасць, праца! Рэч няц[яжкая]: з імі я пазнаёміўся, так сказаць, з дзіцячых пялёнак. Мне яны не навіна. Але ці хопіць цяпер, у гэтыя гады, столькі цярплівасці, колькі ў маладосці?» Як-бы там ні было, як ні разглядаў, на які бок не паварочваў набытую пакупку, бачыў, што ў кожным выпадку пакупка была выгадная. Можна было зрабіць і так, каб закласці маёнтак у ламбард, раней распрадаўшы па кавалках лепшую зямлю. Можна было распарадзіцца і так, каб заняцца самому гаспадаркай і зрабіцца памешчыкам па прыкладу Кастанжогла, карыстаючыся яго парадамі, як суседа і дабрадзея. Можна было зрабіць нават і так, каб перапрадаць у прыватныя рукі маёнтак (зразумела, калі не захочацца самому гаспадарыць), пакінуўшы сабе беглых і мерцвякоў. Тады ўзнікала і другая карысць: можна было зусім уцячы цішком з гэтых месц і не заплаціць Кастанжогла пазычаных у яго грошай. Дзіўная думка! не тое, каб Чычыкаў займеў [яе], але яна раптам, сама сабой, паўстала, дражнячы і ўсміхаючыся, і падміргваючы яму. Непатрэбніца! гарэзніца! I хто тварэц гэтых раптоўна набягаючых думак?.. Ён адчуў прыемнасць, — прыемнасць ад таго, што зрабіўся цяпер памешчыкам, — памешчыкам не фантастычным, але сапраўдным памешчыкам, у якога ўжо ёсць і зямля, і ўсе выгоддзі і людзі — людзі, якія не ў марах, не ва ўяўленні бытуюць, але сапраўды існуюць. I пакрысе пачаў ён падскокваць, і паціраць сабе рукі, і падміргваць сам сабе, і вытрубіў на кулаку, прыставіўшы яго сабе да рота, быццам на трубе, нейкі марш, і нават голасна сказаў некалькі заахвочвальных слоў і назваў самому сабе накшталт мордачкі і каплунчыка. Але потым, прыпомніўшы, што ён не адзін, прыціх раптам, пастараўся сяк-так замяць неўмеркаваны парыў захаплення; і калі Платонаў, палічыўшы сякія-такія з гэтых гукаў за звернутыя да яго словы, спытаў у яго: «чаго?» ён адказаў: «нічога».
Тут толькі, азірнуўшыся навокал сябе, ён убачыў, што яны ўжо даўно ехалі цудоўным гаем; прыгожая бярозавая агарожа цягнулася ў іх справа і злева. Белыя [камлі] лясных бяроз і асін, ззяючы, як снежны частакол, стройна і лёгка вырысоўваліся на кволай зеляніне лісця, якое толькі што паразвівалася. Салаўі адзін перад адным гучна шчоўкалі з гаю. Лясныя цюльпаны жаўцелі ў траве. Ён не мог уявіць сабе, як ён паспеў апынуцца ў гэтым цудоўным месцы, калі яшчэ нядаўна было роўнае поле. Паміж дрэў мільгала белая каменная царква, а на другім баку паказалася з-[за] гаю агарожа. У канцы вуліцы з’явіўся пан, які ішоў ім насустрач, у шапцы, з сукаватым кіем у руках. Агліцкі сабака, на высокіх тонкіх ножках, бег перад ім.
«А вось і брат», сказаў Платонаў. «Фурман, стой!» I вышаў з каляскі, Чычыкаў таксама. Сабакі ўжо ўправіліся пацалавацца. Тонканогі, рухавы Азор спрытна лізнуў сваім языком Ярба ў морду, потым лізнуў Платонаву рукі, потым ускочыў на Чычыкава і лізнуў яго ў вуха.
Браты абняліся.
«Паслухай, Платон, што гэта ты са мной робіш?» сказаў спыніўшыся брат, якога звалі Васіліем.
«Як што?» абыякава адказаў Платон.
«Дык як-жа сапраўды? тры дні ад цябе ні слуху, ні духу!
Конюх ад Петуха прывёў твайго жарабца. «Паехаў», кажа, «з нейкім панам». Ну, хоць-бы слова сказаў: куды, чаго, на які час? Паслухай, браток, як-жа можна так рабіць? А я, бог ведае, чаго не перадумаў за гэтыя дні!»
«Ну, што-ж рабіць? забыўся», сказаў Платонаў. «Мы заехалі да Канстанціна Фёдаравіча: ён табе кланяецца, сястра таксама. Павел Іванавіч, рэкамендую вам: брат Васілій. Брат Васілій! гэта Павел Іванавіч Чычыкаў».
Абодва, закліканыя да ўзаемнага знаёмства, паціснулі адзін другому рукі і, зняўшы шапкі, пацалаваліся.
«Хто-б такі быў гэты Чычыкаў?» думаў брат Васілій. «Брат Платон на знаёмствы неразборлівы». I агледзеў ён Чычыкава, наколькі дазваляла прыстойнасць, і ўбачыў, што гэта быў чалавек, з выгляду, вельмі добрых намераў.
Читать дальше