Нарэшце ў скрозь пракалупанай нецярплівымі вачмі цемры азначаўся хісткі квадрат акна, і Якуб Лакота зрываўся з абрыдзелага, абмуленага непакойнымі бакамі ложка. Наспех апрануўшыся, ён наўмысна млявай, размякчонай сном хадою праходзіў цераз агульную хату і, абмінаючы старую матку, якая поркалася ўжо каля печы, пазяхаў з такой заразлівай слодыччу, што той і ў думцы не было, каб гэта ён куды выбіраўся з гэткай пары на работу. Так з наіўнай дзяцінаю хітрасцю падманваў ён пяшчотную чуйнасць маткі, якая з балючай трывогай сачыла за няўхільным згасаннем свайго каханага сына.
У сенцах цішком, па-зладзейску, намацваў ён старыя лыжы — рэшткі свайго калішняга маладога раздолля — і, ухапіўшы іх пад паху, выбягаў за двор, сцеражліва азіраючыся, каб часам не злавіла яго на месцы злачынства руплівай маці.
Па полі хадзіў сінімі халоднымі хвалямі апошні перадранішні змрок. Поле драмала лядовай дрымотай — глыбока самотнае і чулае ў сваёй сіратлівай закінутасці. Працавіты шоргат лыж працінаў маркотна-застылую цішыню з жорсткай нахабнай рэзкасцю, нібы, прынёсшы з сабой смелы водгалас неспынёнага людскога жыцця, дражніўся з санлівай змярцвеласці зімовага поля.
Якуб Лакота з гоні ішоў шпарка, размашыста, успамінаючы свой калішні спрыт і падманваючы самога сябе гарачкавым выбухам свае астатняе сілы. Потым сунімаўся, зняможаны, і, хваравіта аддыхваючыся, усміхаўся пакорнай вінаватай усмешкай.
Адылі радасна было і раздольна апынуцца аднаму ў пустым заснежаным полі, дзе бяскрайняя самота давала чароўна-зманлівую магчымасць забыцца на сваю няздольнасць і пачуць у сабе былога, поўнага нязбытых сіл чалавека. Абкружэнне здаровых людзей заўсёды падкрэслівае слабасць хворага, даючы яму відочную, неабмыльную мерку ягонае немачы, і, толькі пазбыўшыся гэтых хадзячых узбораў фізічнае дасканаласці, можа ён пацешыць сябе мімалётнымі бліскамі збавіцельнага самаспадману.
Прайшоўшы з чвэртку вярсты павольным ужо, спакойным крокам, Якуб Лакота з глыбокім здаволеннем адзначаў, што ён амаль зусім яшчэ не чуе зморы, і пачынаў старанна вымяркоўваць, колькі б ён здолеў прайсці за гадзіну, за дзве, за тры — вядомая рэч, з адпачынкамі, спакваля, не спяшаючыся, бо чаго ж яму канечна ляцець, як непрытомнаму? Выходзіла, што дужа многа, і тады на паружавелым ад хады і марозу твары ў яго грала бясконца шчаслівая, радасная ўсмешка. Яму здавалася, што ён зусім яшчэ здаровы чалавек. I, неўзаметку для самога сябе, ён зноў пераходзіў на шпаркі размашысты рух, каб, з гоні прайшоўшы, зноў спыніцца, задыхаўшыся і закашляўшыся.
Згарнуўшы з сябе астатнія косы начнога змроку, зімовае поле ў раптоўнай яснасці паказвала свае прасторы. Гонка, імкліва разбягаліся ў розныя бакі белыя прытульныя далі, хаваючыся за шызыя драцяністыя хмызнякі, за гладкія пукатыя ўзгоркі. Навокал — куды ні зірні — паўставалі ўваччу з дзяцінства знаёмыя куточкі, дзіўныя і інакшыя ў сваім зімовым убранні. Якуб Лакота бесцырымонна зрываў з іх гэтае пышнае, велічнае ўбранне і апранаў іх у лёгкія квяцістыя шаты залатога лета. I нейкую часіну жыў ён тады жыццём даўно прамінулым, светлым, прамяніста-прыгожым...
Успаміны пацешна пераблытваліся, зводзячы ўместа далёкія адзін ад аднаго і дзіўна розныя моманты жыцця.
Вось засыпанае снегам глыбокае глінішча вытыркнула абвеяны ветрам кавалак свайго стромкага звалу. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Напэўна, дзе-небудзь яшчэ ахавалася такая пячурка, выкапаная калісьці даўно-даўно ягонымі рукамі. Што яна мела тады выабражаць у тых чароўных казках-гульнях сонечнага дзяцінства? Можа, якую хату, можа, печку сапраўдную, зусім такую, як у хаце, нават можна паліць яе і пячы ў ёй бульбу, можа, таемнае логва якога-небудзь дужа страшнага звера?
Якуб Лакота з усмешкай успамінае, што ягоная і ўсіхныя пячуркі выяўлялі тады, як абстрэльвалі яны з гэтага глінішча атрад белапалякаў. З гэтых пячурак слаўныя выйшлі былі байніцы!
Успамін далёкага дзяцінства шчытна сплятаецца з пякуча-яскравымі карцінамі партызаншчыны. I цяжка азначыць, што мілей успамінаецца: тое ці тое?
А вунь далёка леваруч паўстае густая сцяна лесу. Гэты лес завуць Ганніна пушча, і пра рамантычна-таемную Ганну блукае па ўсёй акрузе ці мала страшных і прыгожых легенд, якія калісь былі і яму глыбейшай сапраўднасцю, чымся тое, што ён бачыў наўкола на свае вочы.
Якуб Лакота ўспамінае, што яму якраз і трэба да гэтае пушчы, і збочвае туды з вялікай ахвотай.
Читать дальше