І Сымону Карызну здаецца, што ён ужо зрабіў гэты «адзін удар», што ён ужо перарваў у сабе ўсе ніці, якія вязалі яго з мінулым, тое праклятае вязьмо, што з бязлітаснай павольнасцю сціскала яго ў сваім шчытным непарыўным коле. Пэўна, што так, бо адкуль жа была б у ім гэтая ўздымная лёгкасць, гэтая свабода, гэтае даўно ўжо згубленае ім у жыцці адчуванне поўнае волі, поўнае маральнае незалежнасці?
Каб канчаткова пераканаць сябе, Карызна кідае мыслёвы погляд назад, у мінулае,— і яно выглядае з далечы туманнае, няяснае, чужое, і замест сябе ён бачыць у ім зусім іншага, малазнаёмага чалавека — дурнога і агіднага.
Тады цалкам упэўнены і заспакоены, Карызна бязрупатна кідае свае разважанні і акупаецца ў мякка-калыхлівую плынь бяздумнага сузірання.
Палазы рыпяць з глыбокай ціхамірнай спакойнасцю, і загрузлыя ў цемры санкі стаяць недзе сярод бязмежнага поля, пакрэктваючы пад напорам ветру — нездаволена, але дабрадушна. Карызна ўпінае ў мяккую цемру невідушчы застылы погляд і ўяўляе сабе — як любіў рабіць калісьці ў дзяцінстве — далёкую, бясконцую дарогу, якая вядзе яго, самотнага падарожніка, у невядомы чароўны край, у невядомае казачнае жыццё. Ён пачынае смешна, па-дзяцінаму летуцець, паволі акунаючыся ў ліпучую дрэму.
За вярсту перад Сіўцом вознік абудзіў яго гучным, звонкім ад марозу воклікам:
— А зараз ужо і Сівец!
I з гэтым воклікам скончыўся поўны, бяздонны адпачынак Сымона Карызны.
Сівец уварваўся ў нутро ў яго надзіва вясёлым, радасным уздымам. Карызна здаволена канстатаваў, што ўжо даўно не ўязджаў з такім добрым настроем у свой глухі, непрыветны Сівец.
Ён уязджаў сёння ў Сівец як пераможца. I гэта адчуванне свае перамогі (над сабой, над мінулым, над сучаснымі нягодамі) узбаламуціла яго глыбокі чысты спакой. Уваччу ў яго замігцелі яскравыя спакуслівыя карціны доўгачаканага трыумфу. Ён быў упэўнены ў сабе, ён чуў сваю сілу, і гэтая сіла патрабавала сваіх законных праў, напамінала пра сваё законнае задавальненне.
Што бліжэй пад’язджалі да Сіўца, то ўсё гусцейшым натоўпам абкружалі Карызну вобразы сівецкай абыдзёншчыны. I цяпер ужо яны не пужалі яго, не кідалі ў чорнае беспрасветнае мітушэнне — ён адчуваў сябе сярод іх, як гаспадар у сваёй гаспадарцы, як камандзір сярод вернага слухмянага войска. Яго дзівіла цяпер тая нерашучасць, нясмеласць, з якой ён абарачаўся дасюль у блытаным коле сівецкіх падзей, ён саромеўся свае мімавольнае мяккасці і падатнасці. I гэтай дрэннай мяккасцю пачынаў ён тлумачыць усе няўдачы, што апошнім часам спасцігалі яго на кожным кроку ягонай работы.
— Трэба ўсё павярнуць на інакшы лад.
I ў меру таго, як выляталі з нутра ў Карызны апошнія рэшткі яго нядаўняе пагоджанасці з вострымі супярэчнасцямі жыцця, яго ірнічна-пагадлівага погляду на ўсе тыя спрэчкі, на ўсю калатню, на бязладдзе,— да яго пэўнай уладнай ступою варочалася яго старая, на хвіліну прыціхшая злосць, ведучы з сабой новага не менш заядлага свайго таварыша — прагнае жаданне помсты. Гэтая злосць была страшнейшая, чымся была дасюль, бо за ёй стаяла цяпер адчуванне сілы, упэўненасць у ёй.
Такі вярнуўся быў Сымон Карызна з свае паездкі ў раён.
Была ўжо, мабыць, дзесятая ці нават адзінаццатая гадзіна, як яны ўехалі ў Сівец. Праязджаючы паўз пачатковую школу, Карызна ўбачыў у знаёмым акне прыветны агоньчык і спыніў возніка:
— Чакай, я тут злезу. Едзь сабе дахаты.
Вознік спыніўся з такой гатоўнасцю, нібы і сам так меркаваў, што тут трэба злезці, і
Карызну чамусьці гэта ўпадабалася.
У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. З кухні пачуў Карызна гамзатае брынканне гітары і скрывіўся ў лёгкім нездаволенні. Ён скінуў на кухні сваё вялікае ездавое футра і паляпаў у дзверы. Звонкі, чысты, як крышталь, галасок Веры Засуліч працяў нутро яго цёплай радасцю.
— Калі ласка! Заходзьце!
Адчыняючы дзверы, Карызна чамусьці ўспомніў грубыя словы Рачкоўскага: «Верачку падчапіў? Ну і зух! Смак маеш, няма чаго казаць...»
I, успомніўшы гэтыя словы, здаволена ўсміхнуўся.
У Веры быў Андрэй Шыбянкоў. Ён сядзеў ля грубкі, эфектна заклаўшы нагу за нагу, нядбайна, знехаця перабіраў струны гітары і таямніча блішчаў у куток сваімі чорнымі загадкавымі вачмі.
Здаецца, не было нічога асаблівага ў тым, што Андрэй сядзеў у Веры Засуліч, брынкаў на гітары і блішчаў вачмі, тым часам Карызна адразу адчуў мімавольную няёмкасць. Яна яшчэ больш замацавалася ў ім, як па ягоным уваходзе Андрэй — мабыць, з простае далікатнасці — адразу пайшоў, каб пакінуць іх з Верай адных. Карызну здалася гэтая далікатнасць занадта паспешнай, падкрэсленай.
Читать дальше