12.Маладыя багатыя метымненцы, якія хацелі падчас збору вінаграду павесяліцца за горадам, падрыхтавалі маленькі карабель, слуг пасадзілі на вёслы і паплылі ўздоўж мітыленскіх палёў, што падыходзілі блізка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстані, раскошна ўпрыгожанае будынкамі; скрозь купальні, паркі, гаі: адно стварыла прырода, другое — людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосці. Плывучы ўздоўж берага і прыстаючы то тут, то там, яны весяліліся, нікому не чынячы ні найменшага ліха, то лавілі з надморскай скалы на кручкі, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгіх чароцін, рыбу, што вадзілася між камянёў; то з сабакамі і сеткамі лавілі зайцоў, якія ўцякалі ад гаманы ў вінаградніках. Выпраўляліся яшчэ і на птушак, лавілі ў сіло дзікіх гусей, качак і дроф, так што апроч забавы яны мелі сеё-тое і на стол. Калі ж яшчэ ў чым была патрэба, бралі ў сялян, плоцячы ім большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былі ім толькі хлеб, віно ды начлег, бо яны ўважалі неасцярожным з прыходам восені аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалі карабель на бераг.
13.Аднаму селяніну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якім прыціскаюць патаптаны вінаград, бо старая вяроўка перацерлася, і ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога ніхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому і ўжыў на патрэбу. Назаўтра раніцаю метымнейскія дзецюкі пачалі шукаць канат, але ніхто ў крадзяжы не прызнаўся, і яны паплылі далей, палаяўшы трохі гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталі ў тых мясцінах, дзе жылі Дафніс і Хлоя, бо раўніна выдалася ім прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкі ў іх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцілі пярэвітку з доўгіх зялёных лазін і прывязалі ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусціўшы сабак высочваць дзічыну, расставілі на найбольш прыдатных сцежках сеткі. Сабакі, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалі коз, і тыя, пакінуўшы горныя схілы, прабеглі ладна-такі да мора; не знайшоўшы на марскім пяску нічога пагрызці, адважнейшыя з іх падышлі да карабля і згрызлі зялёную пярэвітку, якою быў прывязаны карабель.
14.А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмі хутка падхапіла адвязаны карабель і панесла ў адкрытае мора. Як толькі заўважылі гэта метымнейцы, адны з іх пабеглі да мора, другія сабралі сабак; усе яны ўзнялі такі лямант, што, пачуўшы яго, збегліся ўсе людзі з наваколля. Але гэта ані не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы і карабель хутка і нястрымна адносіла плынню. Метымнейцы, страціўшы нямала дабра, шукалі, хто ж пасвіў коз; і, знайшоўшы Дафніса, пачалі яго біць і зрываць з яго адзетак. Адзін з іх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнісу рукі назад, каб яго звязаць. Але Дафніс крычаў, як яго білі, і маліў сялян аб паратунку, клічучы найперш Ламана і Дрыяса на дапамогу. І тыя, два дужыя дзяды з моцнымі ад сялянскай работы кулакамі, далі адпор і запатрабавалі справядліва разабрацца ў тым, што адбылося.
15.А таму, што на гэтым настойвалі і іншыя, то за суддзю прызначаюць Філета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усіх тут і славіўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлівасцю. Напачатку метымнейцы выклалі сваю скаргу, ясна і сцісла, бо за суддзю ж у іх быў валапас: «Мы прыехалі ў гэтыя мясціны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакінулі яго на беразе, а самі пусцілі сабак шукаць дзічыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу і адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносіла ў мора, і як ты думаеш, колькі на ім было дабра. Колькі адзення загінула, а колькі сабачай аздобы, а колькі грошай! Калі б хто меў гэтулькі, мог бы купіць тутэйшыя палі. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго — паганага пастуха, які сваіх коз пасе каля мора, нібы марак».
16.Так выклалі метымнейцы сваю скаргу.
Пасля кухталёў Дафніс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся і так сказаў: «Я сваіх коз пасу добра. Ніколі яшчэ ніводзін з вяскоўцаў не абвінаваціў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вінаградны парастак паламала. А вось гэтыя — сапраўды паганыя лоўчыя, і сабакі іх кепска навучаныя: носячыся шалёна і злосна гаўкаючы, яны маіх коз з гор і пашаў да мора, як ваўкі, сагналі. А козы мае лазу ад'елі? Бо на пяску не было ні травы, ні сунічніку, ні чабору. А карабель знішчылі вецер і мора. Гэта — віна буры, а не коз. А там былі ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такім дабром быў прывязаны пярэвіткаю?»
Читать дальше