19. Аднак супраць такiх правiльных меркаванняў выступiла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваiх сяброў, нейкi заспаны служка, цi то занепакоены шумам, цi проста прачнуўшыся, вылазiць аднекуль i бачыць, што звер свабодна ходзiць па ўсiм доме. Ён цiхенька вяртаецца i расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвiлiну ўвесь дом запоўнiўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак i розных iншых свяцiльняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымi рукамi: хто з калом, хто з кап'ём, а хто з мячом, i пачалi ахоўваць выхады. Не забылiся i пра сабак — вушы доўгiя, шэрсць дыбам.
20. Гоман мацнее, я ўжо мазгую, як мне ўцячы, але, схаваўшыся за дзверы, сачу, як Фразiляон спрытна адбiваецца ад сабачай зграi. У смяротнай небяспецы не забыўся ён нi пра сябе, нi пра нас i абараняўся ў самай разяўленай ляпе Цэрбера. Ён выдатна выконваў добраахвотна ўзятую на сябе ролю, то ўцякаючы, то баронячыся рознымi паваротамi i рухамi свайго цела, i ўрэшце змог выскачыць з дому. Аднак i на свабодзе не знайшоў ратунку, бо ўсе сабакi з блiзкага двара i завулка, злыя i ў вялiкай колькасцi, гуртам далучылiся да той зграi, якая вырвалася з дому, i ўсе разам пусцiлiся наўздагон.
Цяжка было глядзець на гэта вiдовiшча! Фразiляона акружыла раз'юшаная зграя, спынiла i пачала шкуматаць.
Не могучы перанесцi такой жуды, я ўмешваюся ў натоўп людзей, якiя беглi сюды i, каб не выдаць сябе, але дапамагчы свайму слаўнаму таварышу, звяртаюся да тых, што ладзiлi аблаву: "Гэта будзе вялiкае злачынства, калi мы загубiм такога вялiкага i каштоўнага звера".
21. Аднак мае хiтрыя словы не прынеслi нiякай карысцi гэтаму няшчаснаму юнаку. З дому выскоквае нейкi здаравенны бамбiза i пiкай прабiвае сэрца мядзведзiхi, за iм другi, а следам i многiя, апомнiўшыся ад страху, б'юць яе мячамi…
Так Фразiляон, гонар i краса нашай шайкi, аддаў сваё вартае бессмяротнасцi жыццё, не страцiўшы цярплiвасцi i не парушыўшы нi адным крыкам нашай святой прысягi. Раздзiраны зубамi, прабiваны зброяй, адказваў ворагам глухiм выццём i звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, i аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забiтага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. I толькi ўраннi нейкi мяснiк, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзiхi i з жахам выявiў у iм адважнага разбойнiка. Так загiнуў Фразiляон, але слава яго не загiнула.
А мы, паспешлiва спакаваўшы здабычу, якую збераглi нам нябожчыкi, хуткiм маршам пакiнулi Платэю i не раз падумалi, што вернасць, якой мы не знаходзiм у жыццi, грэбуючы каварствам жывых, перасялiлася да мёртвых.
I вось, зусiм знясiленыя ад цяжару ношак i цяжкасцяў дарогi, страцiўшы трох сяброў, прыносiм мы здабычу, якую вы бачыце".
22. Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п'юць на ўспамiн памерлых хаўруснiкаў з залатых кубкаў неразбаўленае вiно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькiмi песнямi ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупiўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапiў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявiць на банкеце салiяў. Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькi дробна змолаты i добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах i знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якiя засталiся ад бандыцкiх застолляў, i пусцiў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкi запяклося i ўжо зарасло павуцiннем.
Сярод ночы разбойнiкi прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца i, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, якi мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калi я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесцiся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такiм вялiкiм страўнiку перажоўваў ужо трэцi кошык i вельмi здзiвiўся, як застаў мяне за гэтым заняткам свiтанак.
23. Нарэшце, кiраваны аслiнай сарамлiвасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнiм ручаi. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнiкi, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой нiякага клунка i нiякай, нават дробнай, рэчы. Усiмi сваiмi сiламi, зброяй i намаганнямi ўсёй шайкi прывалакаюць адну толькi дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару i вопратцы, прадстаўнiцу высокага роду.
Клянуся Геркулесам, што нават у такiм асле, як я, яна, хоць i гаравала, i рвала на сабе валасы i адзенне, магла выклiкаць пажадлiвасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоiць i ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, i так гавораць: "Тваё жыццё i твой гонар не ў небяспецы, пацярпi трохi, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такiмi справамi. А твае бацькi, хоць i вельмi даражаць сваiм багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзiця выкупiць".
Читать дальше