14. Аднак такая слаўная i такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасцi. Ад доўгага жыцця ў клетках, стомленыя летняй спёкай i доўгiм сядзеннем без руху, мядзведзi раптам захварэлi на нейкую заразную хваробу i пачалi здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кiнутыя тушы — вынiк гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, якi змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць нiякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўнiка, пачынае збягацца да дармовага правiянту.
На падставе такой акалiчнасцi ў мяне i ў нашага слаўнага Эўбула з'явiўся хiтры план. Мы забiраем, быццам на яду, сама вялiкую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакiнуўшы кiпцюры i галаву звера, пасыпаем шкуру попелам i сушым на сонцы. А пакуль шкура дубiцца пад промнямi нябеснага свяцiльнiка, мы абжыраемся мясам i так размяркоўваем нашы абавязкi ў запланаванай справе, каб адзiн з нас, не так сама дужы, як сама адважны, i прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзiхi i, прыведзены ў дом Дэмахара, адчынiў нам уночы дзверы, праз якiя мы маглi б трапiць у памяшканне.
15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якiм хацелася выканаць гэту хiтрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразiляон — ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабiлася ўжо мяккай i гнуткай. Сшываем краi тонкiм шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго i так не было вiдаць, напускаем на яго з усiх бакоў касмылi шэрсцi. Працiскаем галаву Фразiляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, i, зрабiўшы адтулiну для дыхання насупраць ноздраў i вачэй, садзiм нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купiлi за невялiкiя грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкi мы занялiся далейшым выкананнем свайго плана.
16. Даведаўшыся, што нейкi Нiкамор родам з Фракii сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылi ад яго iмя пiсьмо, у якiм напiсалi, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулi Дэмахору клетку з Фразiляонам i перадалi яму наша фальшывае пiсьмо. Здзiўлены велiчынёй звера i ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмi дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднiкам у гэтай справе, адлiчылi з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навiна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цiкавае вiдовiшча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразiляон неаднаразова спыняў залiшнюю цiкавасць пагрозлiвымi рухамi. Усе ў адзiн голас выслаўляюць шчасце i ўдачу Дэмахара, якi цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. I вось ён загадвае завезцi звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.
17. "Глядзiце, — кажу я, — шаноўны пане, цi варта адпраўляць змораную спёкай i далёкай дарогай жывёлiну ў гурт iншых звяроў, якiя, як я чуў, не зусiм здаровыя. Цi не лепш знайсцi тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якiм было б добрае паветра, а найлепш паблiзу сажалкi, дзе халадок. Цi ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснiкаў, каля пячор i прыгожых крынiц?"
Перакананы такiмi доказамi i ўспомнiўшы пра нядаўнiя страты, Дэмахар згадзiўся паставiць клетку там, дзе мы задумалi.
"Мы маглi б, — працягваю я, — уночы спаць каля гэтай клеткi, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу i пiтво".
"У гэтым, — адказаў ён, — няма патрэбы, амаль усе мае слугi прывычныя да мядзведзяў i ўмеюць iх даглядаць".
18. Пасля гэтага мы развiталiся i пайшлi. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогi ў цiхiм, схаваным ад людскiх вачэй месцы, могiльнiк. Там адчыняем некалькi грабнiц, у якiх спачывалi спарахнелыя ўжо трупы, i рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калi не свяцiў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамi атрад i, быццам па сiгнале, з'яўляемся каля варот Дэмахара.
Тым часам Фразiляон выходзiць у пэўны час з клеткi i забiвае мячом усiх сонных вартаўнiкоў, якiя былi побач, а пасля i брамнiка. Здабывае ключ, адчыняе браму i паказвае нам, калi мы ўварвалiся i запоўнiлi ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалi дзверы кладоўкi, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў i нёс колькi зможа золата i серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намi былых кватэрах нябожчыкаў i чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павiнен быў застацца каля дома, каб пiльна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсiм сачыць.
Здавалася, што толькi адзiн выгляд мядзведзiхi павiнен наводзiць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, якi б нi быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзiнай, асаблiва ўночы, пусцiўся б наўцёкi i зачынiўся б ад страху ў сваёй каморцы.
Читать дальше