— А заўтра прыйдзеш?
— Відаць, не. Нельга ж кожны дзень!
Анна не хацела сустракацца з Тэрэзай штодня. А супраць яе адказу не запярэчыш. Ды Тэрэзе і ў галаву не прыйшло б штосьці пярэчыць. Вядома, нічога не замінала ёй прыязджаць часцей, але нашто бачыцца кожны дзень? «Так нарэшце можна і надакучыць адна адной». На гэта Тэрэза адказвала: «Ага... праўда... Галоўнае, не прымушай сябе: прыязджай тады, калі табе вельмі захочацца, калі нічога лепшага ў цябе не будзе». І тонкая постаць дзяўчынкі-падлетка знікала ў прыцемках, а з дарогі даносіўся званок веласіпеда.
Тэрэза вярталася дамоў; фермеры здалёк кланяліся ёй; дзеці да яе не падыходзілі. У гэты час, рассыпаўшыся, пасвіліся пад дубамі авечкі; яны нечакана збіваліся ў гурт і пускаліся наўцёкі. Следам, гукаючы, бег пастух. Цётка Клара чакала Тэрэзу на ганку і, як гэта бывае з глухімі, пачынала гаварыць, гаварыць, абы толькі маўчала пляменніца. І чаму на душы рабілася так сумна? Чытаць не хацелася, нічога не хацелася, і Тэрэза зноў выходзіла на двор. «Не ідзі далёка, зараз будзем вячэраць». Яна ішла да дарогі. Усюды перад ёю была адзінота і пустэча. На кухні давалі званок: час вячэраць. Сёння, бадай, можна запаліць лямпу. Цётка, паклаўшы рукі крыж-накрыж, нерухома сядзела за сталом. І для гэтай глухой жанчыны цішыня была такой жа шматзначнай і глыбокай, як і для маладой дзікункі Тэрэзы.
«Бернар, Бернар... Як жа цябе ўвесці ў гэты заблытаны свет? Цябе, хто з пароды сляпых, бязлітасных людзей, якія спрашчаюць усё на свеце...» «Не, — думае Тэрэза, — ён пасля першых жа слоў спыніць мяне: «А чаму ж вы тады выйшлі за мяне замуж? Я ж за вамі не бегаў...» І праўда, чаму яна выйшла за яго? На самай справе, ён зусім не спяшаўся жаніцца. Тэрэза добра памятае, як маці Бернара мадам дэ ля Траў паўтарала кожнаму стрэчнаму: «Ён яшчэ і пачакаў бы, але яна!.. Яна настойвала, прыспешвала. На жаль, у яе зусім не такія прынцыпы, як у нас; яна, напрыклад, паліць, пыхкае, як паравоз, гэта яе манера. І ўсё ж, яна — натура шчырая, адкрытая. Мы хутка прывучым яе да здаровых ідэй. Безумоўна, не ўсё нас радавала ў гэтым шлюбе... Не ўсё... Ды хоць, напрыклад, гэтая яе бабка Белад... мы ж усё ведалі... хоць справа, як быццам, даўно забытая. І гэта ж трэба: так лоўка яны ўсё тады заглушылі, што нават і не дайшло да скандалу. А вы ці верыце ў спадчыннасць? Вядома, у бацькі далёка не самы лепшы характар. Але ж дачцэ ён падаваў толькі добрыя прыклады: гэта проста святы чалавек. Акрамя таго, у яго вялікія сувязі, а гэта яшчэ нікому не шкодзіла. Ды ўрэшце сёе-тое трэба і не заўважаць. І яшчэ — можа, вы й не паверыце, — Тэрэза багацейшая за нас. Гэта неверагодна, але гэта так. А як яна любіць Бернара, хіба гэта на бяду?..»
Сапраўды, яна любіла Бернара, і гэта давалася ёй без намаганняў. Варта было ёй пры сустрэчы ў гасцінай ці пад дубамі толькі ўзняць на яго вочы, як у яе позірку загараўся агонь шчырай закаханасці. Бачыць ля сваіх ног такую здабычу Бернару было, безумоўна, прыемна. «Не забаўляйся з ёю, сынок, — часта паўтарала маці, — яна знемагае...»
«Я выйшла за яго замуж таму, што...» Тэрэза хмурыць бровы, закрывае рукамі вочы, спрабуе ўспомніць. Ну, відаць, сваю ролю адыграла дзіцячая радасць, што, дзякуючы гэтаму шлюбу, яна стане сваячкай Анны. Хоць радавалася гэтаму больш Анна. Для Тэрэзы ж сваяцкія адносіны асаблівага значэння не мелі. Праўду кажучы (чаго тут чырванець і саромецца), дзве тысячы гектараў Бернаравай зямлі не пакідалі яе абыякавай. Схільнасць да ўласнасці заўсёды была ў яе крыві. Калі пасля доўгіх абедаў са стала прымалі посуд і прыносілі спіртныя напіткі, Тэрэза часта заставалася з мужчынамі і з цікавасцю слухала іх размовы пра фермы, фермераў, умацавальныя слупы для шахтаў, якія вывозіліся з іх лесу, пра смалу і шкіпінар. Стан маёмасці, падлікі, лічбы — усё гэта захапляла Тэрэзу. Няма ніякага сумнення, яе спакушала думка стаць уладальніцай гэтых бясконцых хваёвых лясоў. «Дарэчы, яму таксама падабаліся мае сосны». Аднак, магчыма, Тэрэза падпарадкавалася тады нейкаму другому няпэўнаму пачуццю, якое яна цяпер спрабуе вызначыць: можа, у гэтым шлюбе яна шукала не столькі ўлады, багацця, колькі прытулку. Сапраўды, нічога яе так не падштурхоўвала на гэты шлюб, як панічнае пачуццё страху. Маладая, але практычная дзяўчына з дзяцінства ведала гаспадарку і спяшалася ўвайсці ў адпаведныя яе становішчу колы, заняць там раз і назаўсёды пэўнае месца. Яна хацела затаіцца, схавацца ад нейкай невядомай нават ёй самой небяспекі. Ніколі ў сваім жыцці Тэрэза не была такой разважлівай, як падчас сваіх заручын з Бернарам: яна ішла да яснай мэты — уступіць у сямейны клан, «уладкавацца», выратаваць сябе, быць у асяродку, дзе пануе розум і парадак.
Читать дальше