Аржалуза — гэта і праўда край свету. Далей ехаць ужо няма куды. Тутэйшыя людзі завуць гэтую мясціну «акалодкам»: тут няма ні царквы, ні мэрыі, ні могілак — проста некалькі фермаў, раскіданых вакол жытняга поля. За 10 кіламетраў адгэтуль — невялічкі гарадок Сэн-Клер, куды вядзе адзіная разбітая дарога. За Аржалузай яна разгаліноўваецца на шматлікія пясчаныя сцяжынкі, і да самага акіяна, на 80 кіламетраў, перад вамі будуць толькі балоты, лагуны, чэзлыя хвоі, дзюны, дзе пасуцца авечкі, у якіх воўна напрадвесні набывае характэрны попельны колер. З гэтага закінутага акалодка паходзяць самыя заможныя сем'і Сэн-Клера. У сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі смала і драўніна пачалі прыносіць прыбытак да тых мізэрных заробкаў, якія жыхары Аржалузы мелі ад авечкагадоўлі, дзяды сённяшніх багатых людзей Сэн-Клера перасяліліся ў гэты гарадок, а іх колішнія двары ў Аржалузе сталі фермамі. Выразаныя з дрэва фігуркі, якія ўпрыгожваюць вокны і ганкі, ды мармуровыя каміны, што яшчэ сям-там зберагліся, сведчаць пра колішнюю годнасць і густ гаспадароў. Але з кожным годам сялібы ўсё больш асядаюць, а некаторыя стрэхі дастаюць амаль што да зямлі.
Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставаліся два панскія дамы. Сем'і Лярок і Дэскейру захавалі іх у тым выглядзе, у якім атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзідэнцыю пры ўездзе ў сталіцу супрэфектуры, і нічога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, які яму пакінула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калі Тэрэза была яшчэ зусім малая). Тое, што Тэрэза любіла летнія канікулы іменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусім не дзівіла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў ліпені і жыла пад наглядам цёткі Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любіла гэты адзінокі куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымі губамі, каб хоць напалову зразумець субяседніка. З ёй тут размаўлялі толькі вецер ды сосны...
Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лішні клопат, а галоўнае — збліжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павінна была выйсці замуж. Так пажадалі абедзве сям'і, хоць іх пагадненне яшчэ не мела афіцыйнага характару.
Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькі дом у суседстве з Лярокамі. Праўда, паяўляўся ён там толькі з надыходам паляўнічага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькі ў кастрычніку. Зімой гэты разважлівы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хіба што на некалькі дзён, бо недалюбліваў свайго айчыма Віктора дэ ля Траў, які прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмі хутка пацвердзіў перад усім Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблівай увагі адносіўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лічыў яе яшчэ зусім малой. А ці многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколіцах толькі і гаварылі пра іх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў і Дэйскейру, здавалася, на тое і існавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нічога не пакідаў на волю выпадку і лічыў справай гонару ўменне наладзіць уласнае жыццё: «Чалавек бывае няшчасны толькі па сваёй віне...» — любіў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жаніцьбы ён пароўну дзяліў свой час на справы і забаўкі. Любіў добра з'есці, выпіць і асабліва хадзіць на паляванне. Затое і ў працы, і ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў маці, «апантаны», — бо муж павінен быць больш адукаваны, чым жонка. Між тым, Тэрэза ўжо тады славілася сваім розумам. «Што ж, яна і праўда разумная, нічога не скажаш...», — пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставіць жанчыну на месца... «І хіба дрэнна, — не раз паўтарала яму маці, — мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны...»
І вось у 26 гадоў, зрабіўшы некалькі падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Італію, Гішпанію, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажаніцца. Яго абранніцай была адна з самых багатых і разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылі: «Яе не зразумееш, прыгожая яна ці не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць...»
Тэрэзе стала аж смешна, калі яе фантазія намалявала вось гэтую карыкатуру на Бернара: «Што ні гавары, а ён намнога лепшы, чым большасць маладых людзей, за якіх я магла б выйсці замуж».
Читать дальше