Жанчына ў другім канцы залы, там, дзе знаходзілася Мілдрэд, раптам закрычала.
Мужчына засмяяўся, але хутка асекся.
Адразу ж усё пачалося. Завішчэла жанчына, адначасова пачуўся крык мужчыны:
— О, Божа, гэта ж на самай справе!
Клайв убачыў, як у дыяраму палез мужчына, каб агледзець труп, які ляжаў тварам у талерцы з сасіскамі.
— Кроў сапраўдная! Гэта — мёртвы чалавек.
Другі мужчына — наведвальнік — грымнуўся аб падлогу. Ён страціў прытомнасць. У залу мітусліва прыбег білецёр.
— Што тут здарылася?
— Некалькі трупаў — сапраўдныя!
Толькі цяпер білецёр зірнуў на ванну Марата і нават падскочыў ад здзіўлення.
— Святая Багародзіца! Найсвенчы Божа! Гэта ж Мілдрэд!
— І тут труп!
— І там таксама!
— Божа ж мой, трэба... трэба выклікаць паліцыю! — крыкнуў білецёр.
З музея паспешна выйшлі мужчына і жанчына. Але астатнія затрымаліся, шакіраваныя і загіпнатызаваныя тым, што здарылася.
Білецёр пабег у пакой для пераапранання, да тэлефона, і адразу ж Клайв пачуў адтуль крыкі, бо той убачыў чалавека за сталом, зразумела, васковага, а на стале — палову тулава Марата.
Клайв падумаў, што час вымятацца, і таму паціху праціснуўся бокам праз натоўп людзей, якія заглядалі ў дзверы, яны, відаць, хацелі наведаць музей і мусілі чакаць, пакуль вернецца білецёр.
«Добра, — думаў Клайв. — Усё як мае быць. Нядрэнна. Зусім нядрэнна».
У той дзень ён не збіраўся ісці на працу, але раптам падумаў, што будзе разумней зайсці і папрасіць выхадны. Містар Сіманс, як заўсёды, зрабіў кіслую міну, калі Клайв сказаў, што дрэнна сябе адчувае, але калі Клайв схапіўся за жывот і зрабіў выгляд, што яму млосна, старэнькаму Сімансу заставалася толькі згадзіцца. Клайв пайшоў з крамы, маючы ў кішэні ўсю тую наяўнасць, што ён змог атрымаць — каля дваццаці трох даляраў.
Клайв хацеў куды-небудзь далей ад'ехаць на аўтобусе. Ён падумаў, што можа аказацца пад падазрэннем, калі білецёр успомніць пра яго частыя наведванні «МУЗЕЯ МАДАМ ЦІБО», асабліва калі прыгадае, што Клайв быў там напярэдадні вечарам, але на самай справе гэта мала датычыла жадання праехацца на аўтобусе. Жаданне гэта было прымітыўнае і, нейкім чынам, неадольнае. Ён купіў білет на рэйс у заходнім напрамку за восем даляраў з нечым, у адзін бок. У выніку каля 7 гадзін вечара ён апынуўся ў даволі вялікім гарадку ў штаце Індыяна — Клайв не звярнуў увагі на яго назву.
З аўтобуса вылезла некалькі пасажыраў, у тым ліку і Клайв. Яны апынуліся на аўтавакзале, дзе былі кафетэрыі і бар. Клайву карцела прачытаць газету, таму адразу ж ён накіраваўся да кіёска, што туліўся ля ўваходных дзвярэй. Ужо на першых старонках кідаліся ў вочы буйныя загалоўкі:
ТРАЙНОЕ ЗАБОЙСТВА Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕІ.
МАСАВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МУЗЕІ. ТАЯМНІЧЫ ЗАБОЙЦА НАНОСІЦЬ УДАРЫ.
ТРЫ ТРУПЫ Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕІ.
Клайву найбольш спадабаўся апошні падзагаловак. Ён купіў усе тры газеты і спыніўся каля стойкі бара, папіваючы піва.
«Сёння раніцай у 9 гадзін 30 хвілін білецёр па прозвішчы Фрэд Дж. Кармадзі і некалькі наведвальнікаў «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» — славутай мясціны гэтага горада — натыкнуліся на тры сапраўдныя трупы, што былі сярод экспанатаў. Гэта былі забітыя Мілдрэд Віэры, 41 год, Джордж О. Харчлі, 43 год і Рычард К. Макфадэн, 37 год. Усе яны служачыя музея. Абодва мужчыны загінулі ад моцных удараў і нажавых ран, жанчына — ад удушэння. Паліцыя займаецца на месцы злачынства пошукам ключоў да яго разгадкі. Выказваецца думка, што забойствы адбыліся неўзабаве пасля дзесяці гадзін учора вечарам, калі трое служачых збіраліся ісці дадому. Забойца або забойцы маглі быць сярод апошніх наведвальнікаў музея, якія былі там перад закрыццём у 9 гадзін 30 хвілін. Мяркуецца, што ён ці яны маглі схавацца дзе-небудзь у музеі, пакуль апошнія наведвальнікі не выйшлі з музея...»
Клайв быў задаволены. Ён усміхаўся, папіваючы піва. Схіліўшыся над газетамі, ён хацеў тым самым ад усіх адгарадзіцца, каб ніхто іншы ў свеце не змог падзяліць з ім асалоду, але на справе было інакш. Праз некалькі хвілін Клайв устаў і паглядзеў па баках, каб даведацца, ці чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын і жанчын, што былі ў бары, тую самую інфармацыю. Газеты чыталі два мужчыны, але Клайв не бачыў, ці пра яго яны чытаюць, бо газеты былі складзеныя.
Клайв запаліў цыгарэту і прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, ці выяўлена нешта такое,што магло вывесці на яго след. Нічога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязі з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзі не заўважыў асобы ці асоб паміж наведвальнікамі, што заходзілі ў музей учора вечарам, якія б здаваліся падазронымі.
Читать дальше