Халаднавата, змрочна і вільготна было ў Змышлевічавым таку. Чуваць была сырая гліна. І не меў Савоста што болей дзяўчыне сказаць. Разглядаў шляхціцаў багатырскі ток. Шматавата засталося ў іх саломы ад зімы. Палавіна чвэрткі было занята ёю. Мякка, прасторна было таму спаць, чыя на старане ляжала пасцель.
— Гэта ты там спіш? — папытаўся Савоста, іншага нічога не меўшы сказаць.
— Я, — засмяялася Альжа.
Зноў збіўся з гаворкі Заблоччык.
— Адна? — пытаецца.
— Ці не збіраешся ты на вячоркі, часам, прыйсці?
Многа бялейшыя ёсць чырвоныя буракі, як тады зрабіўся Савоста.
— А што ты думала? — кажа.
— Гэта цябе там, у гарадскім, вучылі на вячоркі хадзіць? — пацвельвалася з яго Змышлевічанка. — Нядоўна прыехаў? — пыталася яна.
Было б прыцемна ў Змышлевічавым таку, халаднавата стаяць босымі нагамі на вільготнай сцаглянелай гліне, каб не прабіваліся праменьчыкі з ласкава прымружаных, кплівых дзяўчыніных вачэй. Новае, нязнанае сагрэла Савостаў чатырнаццаты год. Ды ні адсюль, ні адтуль хмару нагнала. Усё далей, вышай сунуўся змрок, а там і зусім зайшло сонца ў Змышлевічавым таку. Азірнуўся на двор Савоста: ажно з таей хмары ды баркаўскі шляхціц стаіць у варотах. Раней сягоння вярнуўся з Хлюпска.
— Ну як у самога акзамент? — пытае ў Савосты.
— Дрэнь… Зрэзаўся па праўдзе вам сказаць.
Ды гэта Гіляру і не надта цікава. Даўно ён ведаў, што так будзе. Дзе гэта відана, каб мужык…
— Годзе зубы выскаляць, — кажа на дачку. — Хадзем у свіран — работу дам.
Прывёз Гіляры свой помнік з мястэчка. Чорны, бліскучы, ляжаў ён на пярэклаці. Імя, прозвішча, па бацьку і калі радзіўся польскімі літарамі на ім выраблена было. Толькі калі памёр, майстар Гіляру не прыставіў, гладкае месца пакінуў на гэту рэч.
Зашыла Альжа бацькаў помнік у палатно. Тады паклікаў шляхціц яшчэ двух мужчын памагчы. І ўчацвярых яны ўзнеслі камень па ўсходцах на гару. Палажылі на дамавіну. Там ён і застаўся ляжаць, чакаць Гіляравай смерці. Мелася неўзабаве агарнуць яго цёмная ноч.
Ды ўсякія ночы бываюць, таварыш чытач. Мы з вамі маем іх чортаву моц. У гадох, куды пусціліся ў вандроўку, многа іх — горшых і лепшых — ёсць нам на выбор. Выберам лепшую з усіх. Возьмем ціхую месячную да гэтых падзей. Выштукуем, каб не які-небудзь ашчапак — маладзік ці ветах, а поўны, ясны месяц на сваім высокім месцы быў. І прымяркуем гэта ўсё на тое лета, як сыскаўся з гарадскога дадому Савоста Заблоччык. І от будзе мець месяц ад нас абавязак — свяціць як мага лепей, высвятляць тыя незабытыя вечары.
Прыпазнілася таго года Пятра прыйсці ў Баркаўцы. Ужо густая, высокая трава хісталася на паплаве, чакала касы. Але за касу не браліся даўнейшыя баркаўчане — чакалі Пятра, што недзе забавілася ў дарозе. Так і жылося за даўнейшаю бытнасцю — чакалі…
Але, але, таварыш чытач, — гэта ж на той бок нямецкае вайны.
Чакае — не счакаецца густы мурог, калі яго паложаць адпачываць у пракосы, ломіцца ад знямогі і з роспачы прыпадае да зямлі. Гэта ўдзень, прыгледзеўшыся… А як толькі вечар — цёмна, чорны змрок кладзецца на паплавы. Зірнеш угору — там, дзе разбітае, дзе ў пракосах сушыцца сена хмар на шырокай, як вокам скінуць, блакітнай сенажаці. Там вышай, да сонца бліжай, там многа харашэй. І Пятра туды перш-наперш заходзіла. А калі яго тут, у Баркаўцох, дачакаюць? Пачаць жа сваім одумам касьбу, адмысловага свята не дачакаўшыся, — няможна: на тое даўнейшая бытнасць. А мы гэта забабонамі завём. На Пятра мы не глядзім. Ды чаго там, урэшце, яму было б цягацца ў наш рэканструкцыйны час? Яшчэ б кулацкую агітацыю шырыў у момант абвостранай класавай барацьбы гэты рэлігійны атрыбут.
П’яны, хісткі месяц выйшаў быў на неба за сваёю работаю ў той вечар, у тую ноч. Ды і дзіва няма! Корчмаў, гарэлкі за даўнейшую бытнасцю было чортава гібель. Ручаямі цякла яна ўнізе. А яму, там угары ходзячы, магла галава закруціцца толькі нанюхаўшыся. Дзіва няма, што, хістаючыся, паўзе ён уверх, чапляецца за пракосы, топчацца, дзе разбіта. Нам, цвярозым, смешна. Калі гэта даўней, яшчэ за капіталізмам — то хай сабе! Але ў наш гарачы будаўнічы час мы б іначай глянулі на гэта: ён не таптаў бы наш сацыялістычны мурог — узялі б мы пад суровую самакрытыку такія шкодніцкія праявы! Мы цяпер паглядзелі б, што і там: сапраўды круглы, вясёлы, радасны твар ці, можа, гэта ў яго толькі адна маска? А з старое, капіталістычнае бытнасці мы і пасмяяцца, пакпіць можам. Што больш там на глум ішло, то нам з гэтага лепшая ўцеха.
І чуваць было таго вечара з баркаўское вуліцы:
Читать дальше