Возьмемся і мы з вамі за клямку, таварыш чытач, каб прыклёп быў пачаць мову пра забытага намі Клемку Філончыка, што амаль не да прызыву ў Баркаўскую пачатковую школу хадзіў, але сяк-так скончыў (паўздужаў) яе.
Наважыў Язук са свайго Клемкі чалавека зрабіць. Проста бяда была з ім: хоць ты кол на галаве чашы ўпартаму. А яшчэ пашанцавала: хлопца ў войска не ўзялі, што адзін сын быў ён у бацькі. Перабыў Клемка прызыў дый вярнуўся дадому.
Крыўда была Язуку. Ставіўся ён багатыром у Баркаўцох не меншым за Заблоцкага. У таго толькі нівы шырокія ды сядзіба заможны выгляд мае. Язукоў жа і двор вузкі, і зямлі ў Баркаўцох у яго не лішняе, але за тры вярсты на засценку ён мае прыкупленай чатыры дзесяціны.
Завялік Язукоў Клемка на навуку. Па гадох яго ў гарадское ўжо не прымуць. І Філончык свайму сыну службы праз людзей прапытваўся: абы дома не быў, абы трохі каля паноў цёрся. Усіх пісароў, усё дробнае — прыступнае простаму чалавеку — начальства ападаў ён, стараючыся сыну лёгкага, панскага хлеба.
Потым аднаго разу ў жніво па сняданні кажа Язук:
— Збірайся, Клемка. Паедзем.
Запрэглі яны свайго дэраша ў каламажку на жалезным хаду. Падыспад у сядзенне ўкінулі пшэннай пытляванай мукі паўтраця пуда. Наверх кучак чатыры ўскінулі канюшыны дэрашу, даць, калі дзе забавяцца.
— Садзіся, Клемка.
Не меў Юстап каламажкі на жалезным хаду. Знарок прысмаліў дэраша Язук, як пад’язджалі пад Заблоцкіх, каб ляскаталі колы.
А за вёскаю жалі жанкі жыта пры дарозе.
— Памажы божа, — даў ім Язук.
— Дзінькуе. Куды гэта вы? Сягоння ж не кірмашны дзень.
— Дармо.
Далей праехалі. Ізноў блізка жнеі. Ізноў давялося: «памажы божа!» даваць.
— Куды вы гэтак зараней? — зноў пытаюць.
— Далёка, — кажа Язук.
— Ты ж глядзі: чалавекам будзь, — едучы, навучаў ён сына. — Не чакай, каб табе хто перапусціў — хай лепш тваё пяройдзе.
— Ць-сь-ся!.. — сутрымаў Язук дэраша перад поштаю, пры самай скрынцы за шчакеты яго прывязаў, адпусціў пасак, падкінуў кучку канюшыны. Доўга ён меўся забавіцца тут.
— Дзень добры панству, — на кухню з мяшэчкам зайшоўшы, наймічцы кажа Язук. Скінуў шапку і на Клемку крывіцца, каб той гэтаксама зрабіў.
— Сядайце. А я пайду пану скажу, — сцерла анучаю ім зэдлік наймічка.
— Дармо… Пастаім… Сядзелі ўсю дарогу.
Адны, бацька з сынам, у кухні засталіся.
— Толькі будзь чалавекам: каб мне за цябе брыдка не было, — Клемка Філончык — сам у сабе хлопец — чуе ад бацькі.
З Махоўскім, начальнікам пошты, што з сваіх пакояў прыйшоў сюды, на кухню, мала было гаворкі. Ужо быў у яго Язук, гаварыў пра Клемку, і ён казаў: «Прывозь — будзем бачыць».
— От можа б, пане, ім, — на мяшок і на Клемку наказвае Філончык, — далі які прытон.
Развязаў мяшок начальнік пошты. У пальцах пацёр муку — мяккая. На руку ўзяў, паглядзеў — белая, добрая.
— Высып у балейку, — наймічцы загадаў.
— А куды яго? — пра Клемку пытаецца Язук.
— Хай астаецца. Толькі на сваім хлебе. Пакуль наложыцца… А там — будзем бачыць.
— А як, пане, з кватэраю будзе?
— Кухня прасторная…
— От, дай божа вам здароўя!
— Пашыўся ў паны Язучок, — сказалі ў Баркаўцох, як убачылі старога Філончыка, аднаго едучы дадому.
І з твару і з натуры адмяніўся Язучок, у Хлюпску пабыўшы. На другое лета, як прыехаў вялікадневаць да бацькі, па веніку вусы прывёз, — такія доўгія і пушныя яны ў яго.
Калі пра што распытваліся, гаварыў мала — больш слухаў ды «ну ізвесна» казаў.
За навіну яму былі яшчэ тыя вусы, і Клемка ўсё губы аддзімаў, нашатырваў іх.
Цяпер няма такога звычаю, а даўней запасвалі каровы. Даўней людзі адны адных баяліся: каб не ўраклі жывёлу, каб благія ёй вочы не пашкодзілі, каб не збягалася млека, услед не кісла, як толькі падоіш карову. Першы дзень кажан сам свой набытак у поле гнаў. І варагоў, і каб жывёла адна адну не папрасаджвала, глядзелі: разбароньвалі, калі тыя возьмуцца бароцца.
Пакуль гнаць у поле, зрабіла Язучыха так, як даўней усе людзі рабілі: наліла ў дайніцу свянцонай вады, звязала мяцёлку з акалотных каласоў, каб пакрапіць набытак. На дварэ ўжо!
— Сю-поле… Сю-поле… — як песню, голасам цягнуў Язук.
Выгнаў ён «чарну» і «рыжу», а «рабы» не чапаў.
— Хай яшчэ тыдзень які ў хляве пастаіць. Будзем у поле пушчаць, як цялё адсадзім, — пра «рабу» яшчэ ў хаце казаў ён Язучысе.
Быў дзень людзям на дзіва.
Выйшаў Клемка на ганак. Стаў, пастаяў, паглядзеў, а тады дастае з кішэні футарал. З таго футарала сінія, нязнаныя ў Баркаўцох, акуляры дастае. Чапляе іх на нос, закладае драты за вушы.
Читать дальше