«На табе, нябожа,
Што мне нязгожа».
Раз папалася лісіцы
Ажно тры злавіць курыцы.
Падушыла; дзве з іх з’ела,
Трэццю скрыла. Сама села —
Як па працы — пад стажком
Воўк галодны йшоў нішком [1] Нішком — хаваючыся.
.
А што з кумою быў знаём,
То такую рэч павёў:
— Ах, сястрыца,— кажа кум,—
Я ад рання браў на вум,
Каб што-кольвек мне пад’есці,
А тут на злосць негдзе ўлезці.
Падхапіў бы я хоць птушку...
Да авец падходзіў збочку,
Ды пастух чупрыну чэша,
I сабака прытым брэша,—
Падступіцца няма складу!..
Дай ты, кумка, яку раду?!
— Ох, мой куме даражэнькі!
То ж стог сена цалюсенькі.
Еж, як хочаш,— не шкадую,
Хоць апошнім, ды частую!
— Дзякуй, дзякуй! — сказаў шэры
I пацягся без вячэры.
Зоры паўночы кроўю пылаюць,
Снежны чырвонюць прасторы;
Людзям варожбы ліхі звяшчаюць
Зораў паўночных разоры.
Ось тры малойцы,— з асобна кожны,—
Буйныя думы гналі з укрыцця;
На поўнач кідалі ўзгляды трывожны
З мыслю, што стрэнуць у жыцці.
Той каралеўскай жадаў кароны,—
Не дбаў аб чэсць у патомных,
Каб толькі д’ядэм меці злачоны
На скронях сваіх нікчомных.
Гэты, дзе поўнач, зроджэн на цара,
Імператорам меў стацца,
Хоць баранілі народ і вера
Айчызне з грунту зменяцца.
Дала абодвым злая фартуна
Сваіх дасцігці намераў:
Першы на Польшчу кінуў цалуны,
А той расшырыў моц цараў.
Трэці, на стромкай апёршысь скалі,
Дзе вілі гнёзды саколы,
Думаў прайначыць злой долі шалі,
Не дбаў аб цяжкі мазолі.
Зоры шырока неба крывавюць,
Крывавюць землі і воды,—
Гэтак шырока твае расславяць,
Манаршэ, імя народы.
К шчасцю народаў, дзля іхнай славы
Агністо біло ў ім сэрцэ...
Будзьце ж пракляты, палі Палтавы,
I ты, народаў мардэрца!
Памерклі зоры, памеркла слава,
Русь у няволі марнее;
З гробу Кароля, з поля Палтавы
Устаньце, народаў надзеі!
З ПАПЕРАЎ АЛЬГЕРДА АБУХОВІЧА
Радзіўся я, 25 ліпеня (дзень св. Якуба) 1840 года. Прынялі мяне з жалем і абразай: быў я калекі. Думалі, што або зара памру, як брат майго бацькі, каторы меў гэтае самае калецтва, або буду ідыётам, як Генрык Быкоўскі з Русаковіч, таксама трывусны. Тым часам я гадаваўся, і пастанавілі аддаць мяне ў гімназію ў Слуцак. Але і мне самому не хацелася і бацькам маім таксама не хацелася аддаваць калекага хлопца на кпінкі і здзекі равеснікаў; трэба было зрабіць спярша аперацыю, каторай тагачасныя дактары на Беларусі неяк баяліся. Слылі тады як аператары: Пірагоў, Кажанеўскі і Караваеў. Гэты апошні быў прафесарам Кіеўскага універсітэта, а да Кіева было і найбліжэй і найлягчэй дабрацца. Пачалі выбірацца ў Кіеў да Караваева, а ў гэтым часе разышлася чутка, што царыца, жонка Мікалая I, занядужыла на вочы, што маюць рабіць ёй аперацыю і што Караваева на вясну паклікалі ў Пецярбург. Дык едзем перад вясною, але ўжо коламі, па чарнігаўскіх растопах. Дарога ішла на Лоеў і Чарнігаў. Запрагалі ў адну карэту шэсцера каней, а пад фарысія [2] Фарысія — памочнік кучара.
— трое або чацвера, у каламажку, што ішла ззаду з нашай службай, запрэжана было пяцёра каней. Мы нідзе не загразлі, але бачылі карэты, цягнутыя некалькімі парамі валоў, і то на паштовым тракце (шосы яшчэ не было). На Дзесні, пад Чарнігавам разлітай на 10 вёрст, сарвалася бура, і паром наш занесла на нейкі бязлюдны груд [3] Груд — тут у сэнсе ўзгорак або невялікі астравок.
, дзе і прыйшлося нам начаваць. У Браварох уз’ехалі мы на шосу і пасля станулі над разлітым Дняпром. Мост тады яшчэ будаваўся: перабіраліся паромам.
Нестае ў мяне агня, каб апісаць мае тагочасныя дзіцячыя ўражанні, калі я ўбачыў Кіеў, а памятаю ўсё: і нейкага ваеннага старца, які раіў матцы маей,— думаючы, што яна сама едзе лячыцца,— не звяртацца да дактароў, але піць ваду з Днепра, бо святая; і аднаго з нашых фурманоў, вельмі харошага маладога русавалосага хлопца, каторы выказываў мне спачуццё, што мяне будуць «рэзаць»,— сягоння бы паказаў яго, каб ён быў гэткі малады і гожы, як перад 40 з гарой гадамі (было гэта ў 1852 г.). У канцы канцоў прыехалі на Ліпкі, там, дзе сягоння палац, а тады былі нейкія быццам «мінеральныя воды» і гасцініца. Доўга праглядалі нашы пашпарты, перш чым упусцілі нас у некалькі саўсім не элеганцкіх святлічак.
Читать дальше