— Вось... А заўтра прыходзьце ў камітэт, там дапамогуць. Я зраблю ўсё... Прыходзьце, чуеце?
Жанчына ціха плакала.
І зноў быў дзень. Вірліва ішло жыццё ў перапоўненым людзьмі горадзе. Узнікалі гандлёвыя фірмы, заключаліся кантракты, нажываліся капіталы, капіталы гінулі. Кожны публічны дом зрабіўся біржай і казіно. У сінагогах вырашаліся камерцыйныя пытанні, у цэрквах адбываліся рандэву і шлюбы — на рынках. Узрос попыт на наркотыкі. За віно плацілі вялікія грошы. І віна была рака. Шаснаццацігадовыя ішлі пад вянец са старымі і гандлявалі сваім сумленнем. Гандлявалі ўсім: тухлым мясам, ботамі з кардонным падборам, правам не ісці на вайну, будучымі міністэрскімі крэсламі і целам. Кіпеў чалавечы натоўп, пераліваўся з вуліцы ў вуліцу, з пляца на пляц, з рынку на рынак, напаўняючы паветра разнастайнай гаворкай, лаянкай, рогатам, лямантам, звонам званоў і неадчэпнымі — «Падайце, Хрыста радзі, калеку няшчаснаму...» Абрубак чалавека блытаўся пад нагамі пешаходаў, і на бруднай кашулі целяпаўся Георгіеўскі крыж...
І зноў быў дзень, і дзяўчына ў камітэт не прыйшла. Багдановіч сядзеў і моўчкі чакаў. Не дачакаўся. Пайшоў блукаць па горадзе, заглядваючы ў кожны заезны дом. Дні і ночы хадзіў па вуліцах, не заўважаючы ні натоўпу, ні тлуму, трацячы сілы. Аднаго разу, апынуўшыся на пляцы, ён адчуў страшную стомленасць. Апусціўся на лавачку. Спякотны быў дзень, парыла. Каўнер рэзаў шыю. Дыхаць было ад гэтага цяжка. Не трэба было садзіцца на сонцы, але не хацелася кратацца.
Перад ім ляжаў пляц, на шэрым бруку соваліся цені фаэтонаў, калёс, коней, туды-сюды, у розных кірунках. Увага настолькі аслабла, што, апроч гэтых ценяў, ён нічога не ўспрымаў — ні колеру, ні гуку.
І ўспомнілася яму, як у папярэдні прыезд — тады ён быў дужы — пайшлі яны з Купалам у поле. Яно ляжала перад імі ўсё ў кветках. Дзівосны стракаты дыван, па якім праплывалі цені воблакаў і птахаў. Паэты ляглі сярод кветак, і над імі было неба, сіняе, у белых воблачках. Купала расказваў пра тое, якая прага ў вёсцы да беларускай кніжкі, якім поспехам карыстаецца газета. А потым Купала чытаў. Якія гэта былі вершы! Багдановіч добра разумеў, што Купала — лідэр. Творы былі кавалкамі жыцця, цяжкага, гаротнага жыцця, крыху сумныя часам, а больш з сонечнай надзеяй. Было прыемна, што Купала цэніць яго водгукі і заўвагі, верыць ягонаму шчыраму захапленню гэтымі велічна-скупымі вершамі. І тады ўпершыню — настолькі былі моцныя пачуцці, выкліканыя вершамі Купалы,— Багдановіч зразумеў, што трэба, абавязкова трэба пакінуць свой утульны пакой, застацца тут, на Беларусі, каб слухаць біццё сэрца яе...
На пляцы спыніўся рух ценяў.
Гэта спыніла стомлены поступ думак і прымусіла ўвагу зноў уключыцца ў навакольнае.
Вось што ўбачыў ён.
Перасякаючы пляц, ад сабора ішло чалавек дваццаць салдат, у накінутых шынялях, без рамянёў, няголеныя, брудныя, а вакол гэтых дваццаці ўдвая большы ішоў канвой, узброены, маўклівы, і крокі гучалі барабанным россыпам. Крыху збоку ішоў афіцэр, добра паголены, вельмі бліскучы. Стоўпіліся пешаходы, жанчыны важыліся перадаць грошы, але афіцэр далікатна прасіў не падыходзіць блізка. Ён нешта сказаў, і словы паляцелі з вуснаў у вусны, ад пешахода да пешахода, паляцелі, як вараннё, і нарэшце даляцелі да Багдановіча.
— Нямецкія шпіёны, бальшавікі.
Але ён бачыў стомленыя няголеныя твары, простыя салдацкія твары, вельмі шэрыя на яркім сонцы, такія ж, як і шынялі. Твары былі спакойныя, але ў іх паэт чытаў не абыякавасць і безнадзейнасць, што ўразілі яго тады, пры спатканні з уцекачамі, а стрыманую суровасць і ўпэўненасць. Так, з пекла ішлі гэтыя людзі, людзі з гэткім выразам на твары бачылі ўсё — і холад, і голад, і смерць, і знявагу, і абразу, яны, некранутыя, маглі прайсці праз агонь, праз ваду, паўстаць з попелу, паўстаць з магіл. «Бальшавікі!» — біліся крылы варання. «Шпіёны! Шпіёны!» — каркала вараннё. «Хрыстапрадаўцы! Здраднікі!» — зусім блізка ад Багдановіча прагаварыў чалавек у чорным кацялку, з чорнымі вусікамі і з бабачкай-бантам пад напудраным ружовым падбародкам. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант.
— Вы ў гэтым упэўнены? — спытаў Багдановіч і адчуў, як агіда да гэтага пана ў кацялку робіць голас яго рэзкім і задзірыстым.— Простыя людзі — сяляне і рабочыя, салдаты... вы верыце, што яны могуць прадацца немцам?
У круглых вачах — недаўменне, спалох.
— Малады чалавек, тут не месца для такіх дэбатаў.
Вельмі было прыемна бачыць, як пульхны карак набракаў крывёю. І кінуў наўздагон пану ў чорным кацялку:
Читать дальше