1 ...6 7 8 10 11 12 ...127 Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.
Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека — права, права вайны, якой яны абодва служаць.
"Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, — думаў ён. — За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы".
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
"Але чаму "навекі"? Чаму "назаўсёды"? — думаў Юрый. — Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж, гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны".
I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў — нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры — і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
— Што гэта ў цябе?
— А галчаняткі… бедныя. Познія, — сіпатым голасам сказаў Іван. — Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
— Ты адкуль, Iван? — цiха спытаў Гораў.
— Маскоўскі.
— Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
— О-ох, — сказаў сіпаты голас Івана. — Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
— Людзі з царквы ідуць, — казаў Іван. — "Вуглей гарачых!" здалёк даносіцца.
— На развале кнігамі гандлююць, — летуценна сказаў Гораў.
— Угм, — няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
— Галчаняткi вы… дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
— Iван, як пераправiцца цераз раку?
Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
— Яно можна.
— Ты не думай, — заспяшаўся Гораў. — Я загадваю, я сам з табою і паеду…
— Вядома, загад, барын, іначай нельга, — сурова сказаў Іван. — Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.
I прыбавіў:
— Мы човен схавалі.
— Човен? Як асмеліліся? А загад?
— А адкуль у нас рыба ў юшцы? — амаль груба спытаў салдат. — Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам…
— Добра, добра, — сказаў Гораў і пасуровеў. — Што ж, Іван, са мной паедзеш?
— Цяжка ўтраіх, — уздыхнуў Іван, — але паспрабаваць трэба.
— Едзем.
— Ну-к, што ж, — Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. — Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі…
Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,
— Збірайцеся, — шэптам сказаў ён, — і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.
Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
— Дапамажыце мне.
У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе — акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу