— Мне нельга.
— Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…
— Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.
— Захварэла дзіця? — пацікавіўся Пора-Леановіч.
— Не. Я спяшаюся да мужа.
— Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд — непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, — як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.
— У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.
Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно "сіяцельства", падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.
— Так, загад Мураўёва, — сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.
Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.
— Ого, — з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, — дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?
— Так, — сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, — вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
Твар яе аж ззяў.
— Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…
Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
— Мужу варта было б думаць раней, — суха сказаў Леановіч. — Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
— Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок — і праз гадзіну я там… I ён жывы.
Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
— I яшчэ адна прычына, — сказаў нарэшце Леановіч. — Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.
— Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
— Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.
Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, — іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.
Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым — цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
— Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
— Але ён чакае, — амаль умольна сказала яна.
— Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, — абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.
"Не можа ж ён не разумець яе становішча, — думаў Гораў. — Што гэта? Здзек або халодная подласць".
Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.
— Для асуджанага кожная гадзіна чакання — гэта лішнія маральныя пакуты, — проста сурова сказала яна, — вы ведаеце гэта…
— Вы можаце загінуць пры пераправе.
— Я не баюся гэтага.
— Я за вас таксама не баюся, — абыякава сказаў Леановiч. — Але я адказны за жыццё салдат. У iх таксама жонкi.
— Я магу паехаць з ёю, — раптоўна для самога сябе еказаў Гораў.
— Вы адзін не здолееце, — са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. — Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука… у бітве з інсургентамі… Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем,
То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.
— Так, — сказаў ён, — але можна спытаць у салдат, хто захоча.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу