I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
— Хлапчыска, — сказаў ён,
…Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.
— Выспаліся? — спытаў Гораў.
— Анягож, — роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
— Ну вось і добра, — сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў… Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
— Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.
На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
— Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, — абыякава сказаў Леановіч. — I каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
— Учарашні улан едзе, — сказаў ён і не ўтрымаўся: — Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.
— Гэ-эй, — пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
— Гэ-эй, — крычалі з таго боку два галасы, — паро-ом, па-ром, паром!
Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.
— I чаго наддзіраюцца? — незадаволена сказаў ён. — Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
— Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
— Ніхто, — сказаў Леановіч.
…Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.
I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.
Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы ("Ванька-ключнік", — падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,
— Паспеў? — спытаў Леановіч.
— Так точна.
— Што новага?
— Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.
— Што? — яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.
Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд'егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.
— Папа клікаць не давялося, — усміхнуўся улан, — але апошні ліст напісаў.
— Дзе была страта? — спакойна спытаў Леановіч… — Стойце вольна.
Улан трошкі адставіў нагу.
— За абвахтай, — сказаў ён. — На конскіх могілках. А палове чацвёртай.
У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы, як снег, ён спытаў:
— Жонку бачылі?.
— Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў, Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі… То яна бегла, а тут пайшла, як сонная… А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.
— Плакала? — спытаў Гораў.
— Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: "Божа, пакарай іх…" Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, — кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.
— У цябе тваёй думкі не пытаюць, — суха сказаў Леановіч.
— Дазвольце ісці?
- Ідзі.
Фельд'егер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей…
Потым заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.
А потым вазок знік.
Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.
Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі,
I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:
— Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.
Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу