Грынкевіч узяў з ложка букет мімозы, выйшаў і спусціўся па сходах паверхам ніжэй. Там спыніўся ля адных дзвярэй, выцягнуў з кішэні маленькі ключ ад французскага замка і, пастаяўшы хвіліну, адчыніў дзверы і зайшоў. Калі ён стаяў з прыплюшчанымі вачыма і зараз — на твары яго нічога нельга было заўважыць, акрамя нуды і звычайнага суму.
Пакой быў такі самы, толькі, па-жаночаму, больш утульны, хоць утульнасць была з цыганшчынай. Слабае святло начніка асвятляла ражок стала і ложак. На ложку, раскінуўшы валасы па падушцы, спала жанчына.
Грынкевіч паставіў букет у вазу на стале, сеў у крэсла і задумаўся, гледзячы на спячую. Халодны твар, веі злёгку ўздрыгваюць у сне, светлыя валасы ляжаць на падушцы. Тонкая коўдра лёгка ўздымаецца на грудзях. Твар у сне добры, з усмешкаю і… чужы. Быццам гэта не яна стала яму блізкай.
"А што, сапраўды, нас звяло? — спытаў сябе Андрэй. — Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…"
Ён горка ўсміхнуўся ў паўцемры.
"Што звяло? Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ боязь пустэчы поруч з сабой".
Жанчына варухнулася, святло ўпала ёй на твар. Грынкевіч асцярожна паправіў абажур. Зноў задумаўся.
"Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў тым-сім нядрэнная жанчына, у меру добрая — для тых, каго любіць, — часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны, наогул, бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі, - "калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна". Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і зараз ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі і думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю — кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, — а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе".
Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.
"I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, — не дапамагаюць".
Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.
Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага — з выпадку свята — сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.
— Чакай, — сказаў Яніс, — я зараз.
Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.
З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:
— А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, "інфлянты". Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.
З таго часу "землякі" пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся.
Так ішоў час, і зараз яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс, як больш гаспадарлівы, быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў:
— Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.
Але гэтыя два былі цалкам задаволены сабою.
У Вайвадса было цяжкае жыццё.
Сын селяніна з беднай Латгаліі, краіны бяроз над азёрамі і саламяных аканіц, касцёлаў і шчымячых спеваў, ён у раннім дзяцінстве застаўся без маці. З таго часу ён ненавідзеў дактароў: урач адмовіўся пайсці да хворай, бо за ім нельга было паслаць каня і не было надзеі на багаты ганарар. Гэтая нянавісць да дактароў — хоць час змяніўся і ўрачы, вядома, былі не тыя — стала ўрэшце формай ідыясінкразіі: ён не называў іх іначай, як «жывадзёры».
Бацька хадзiў парабкаваць у багатую Земгале, капаў канавы. Такi лёс чакаў i Янiса. I Вайвадс пачаў ненавiдзець не толькi дактароў. Нельга было абразiць яго больш балюча, чым назваўшы "земгалес будзiс". Тады ён смешна злаваўся. Ён, наогул, прымаў жарты толькi ад Грынкевiча i другiх самых блiзкiх сяброў. Спакойны, як i нiвы яго Латгалii, цяжкi, як каменнi на яе скупых палях, ён быў у глыбiнi душы вельмi страсны, вельмi добры i вельмi чысты чалавек. Гэтыя страснасць i чысцiня абумовiлi ўвесь ягоны шлях.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу