— Нічога, — сказаў Яніс. — Усё будзе добра, дружа. Заўтра ўсё будзе дабра. Евіна племя, яно, брат, таксама не ўсё з сабачага хваста.
…У прызначаны час наступнага дня Андрэй чакаў яе ў скверы ля інстытута. Дыхаць было цяжка, але наогул ён адчуваў сябе ніштавата. Асабліва таму, што аблічча было не кранутым у бойцы.
Яна спазнілася на сорак хвілін. За гэты час ён тройчы пералічыў дрэвы ў скверыку, хмызы пад імі. Пясок пад нагамі быў густа засеяны акуркамі.
Калі яна нарэшце прыйшла, ён ужо так хваляваўся, што не заўважыў нічога. Кінуўся да яе, здзіўлены, што яна праходзіць паўз яго, быццам не заўважаючы.
— Дзень добры, Ірына.
— Дзень добры, — яна стаяла напаўпаварота да яго.
— Я чакаў, - сказаў ён.
I тут яна павярнула да яго аблічча, нейкае такое незнаёмае аблічча, што ў Андрэя абарвалася ўнутры. Што ў ім было, у гэтым чужым абліччы? Вядома, было яно трохі больш змарнелым, чым заўсёды. Але галоўнае было не гэта, не пустыя вочы, нават не пасмяглыя вусны. Галоўным быў выраз. Быў на гэтым твары выраз такой грэблівай пагарды, што стократна горшы і за самую нянавісць.
— Што з вамі? — жахнуўшыся ў душы, спытаў ён.
Але ён ведаў, нават без яе адказу ведаў: гэта канец. З такім выразам сціснутых вуснаў, з такімі пустымі вачыма не глядзяць нават на ворагаў.
— Чаго вы прыйшлі сюды? Вы не ведаеце, што гэта вокны інстытута?
— Але ж вы самі… - паспрабаваў напомніць ён. — Гэта ж вы сказалі, што не можаце…
— Я і не магу, — варухнуліся вусны. — Мне абрыдла ўсё гэта. Вы не думаеце аб размовах, аб маім імені. Вам усё адно…
Свет раптам пацьмянеў у вачах Грынкевіча. Адчуванне лёгкай млоснасці нарадзіла звон у вушах. Але ён справіўся. Можна яшчэ і самлець, бразнуцца аб зямлю — не, занадта гонару для яе. I яшчэ яна магла б падумаць, што гэта кліч да літасці. Яна часамі любіць выпускаць кіпцікі — хай точыць іх на іншых.
Ён моўчкі павярнуўся і пайшоў прэч. I выгляд яго спіны ярчэй многіх слоў казаў аб гідлівасці, якая раптам авалодала ім.
Каб ён азірнуўся, ён мог бы пабачыць, як выраз пустаты саступіў месца ў яе вачах непаразуменню, як бязвольна прыўзнялася рука. Але ён не азірнуўся. Ён не азірнуўся б нават на крык. Ён быў так уражаны, што проста не пачуў бы яго. Страціў прытомнасць, не трацячы яе.
…Наступнае патанула ў тумане. Часу не было. Ён не ведаў, гадзіны прайшлі ці дні. Бы ў п'янага, у вачах засталіся толькі рэдкія ўрыўкі падзей. А між тым, ён не піў ні кроплі. Наўрад ці ён і еў нешта ўсе гэтыя дні.
Памятаў, што сядзеў на адхоне ў Астанкіна і слухаў зязюлю. Зязюля налічыла сорак. I тады ён упершыню адчуў, як з абразы і адчаю нараджаецца гнеў. Што яму з гэтых сарака, калі праўды няма?.. Радуйся, дзева, твае лепшыя горш за горшых, гатовы быць з усімі, абы не з каханым… Для гэтага ў іх не хапае распланаванага часу. Быць з каханым амаральна… За гэта не шкадавалі імя… Маральным было быць з другім, "які не дараваў".
Потым зноў быў правал. Сустрэў на вуліцы суседа па інтэрнаце. Той казаў нешта аб тым, што яго шукаюць тры дні… Назольны сусед. Ледзь выратаваўся ад яго, скочыўшы ў аўтобус. Шукаюць тры дні. Значыць, тры дні не начаваў там. А дзе? Гэтага ён не помніў. Можа, проста хадзіў па вуліцах… Часта бывала цёмна… Аднойчы, здаецца, ляжаў проста ў кураслепе нейкага парку… Глядзеў на зоры… Смешныя былі зоры: рухавыя, як зайчаняты…
Гнеў прыйшоў аднойчы вечарам разам з пачуццём нясцерпнай стомы — ногі адвальваліся — і зверскім голадам. Аж цямнела ў вачах. У вулічным кафэ ён выпіў чатыры шклянкі кавы і ўпершыню, хаця і ліхаманкава, абдумаў, як яму быць.
Кава зрабіла сваё. Ідучы тратуарамі Садовага кальца, ён цвёрда ведаў, што рабіць. Па-першае, ён не можа больш. Гары яно гарам! Варта было пакутаваць, вар'яцець, паліць апошнія думкі на гэтым хлуслівым агні. Ён не зрабіў нічога, акрамя добрага. I вось… аддзячылі.
Столік на пошце. Пяро бегае па паперы. Толькі чатыры словы: "Няхай ты будзеш праклятай!" Жорстка? Так, але і добра. Пасля гэтага не вяртаюцца… Канверт падае ў скрынку…
А цяпер да Ганны. Ён растлумачыць ёй усё. Гэта не помста. Калі ёй хочацца быць з ім — чаму ён павінен адмовіць у гэтым. Невялікае шчасце, але калі ёй спатрэбіўся гэты кавалак — няхай бярэ. Ва ўсякім разе, ён будзе добрым мужам. Будзе берагчы яе, вельмі шкадаваць, любіць за дабрыню і чалавечнасць. Яна ж лепей за тую. Яна застанецца з ім на ўсё жыццё, на радасць і гора, нязменная з нязменным, верная — з верным.
Досыць з яго.
I ўсё ж ён нічога не сказаў Ганне. Сорам не дазволіў. Сказала яна сама, як заўсёды, нейкім дзівам адгадаўшы яго думкі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу