— Прапусцілі? — спытаў Баранаўскас.
— Прапусцілі.
— Брэшаш ты, як наняты.
— Чаму. Ты вось ідзі і спытай у чаргі па-літоўску: "Праўда, што ад віна галава баліць?" Адразу без чаргі пусцяць.
Кампанія нязлосна зарагатала.
— Уліп, — сказаў Баранаўскас са смехам.
Андрэй выйшаў.
— Добры хлопец, — сказаў Харунжы.
— А Янка, па-твойму, дрэнны? — спытаў Баранаўскас.
…"Добры хлопец" тым часам стаяў ужо ў пакоі Ліпскага.
— Што табе?
Варта было б даць яму, але Андрэй разумеў: гэта толькі падгалосак Стаўрова, Моська, якую можна перашыбіць саплёю.
— Ліпскі, прызнайся, што збрахаў.
— Ды я што, — чырвань плітамі папаўзла па лялечных шчаках Ліпскага. — Я… веру Стаўрову.
— Чаму? Авансы табе рабілі?
— Не зусім… але…
— Сумленне тваё дзе? Пэцкаць імя жанчыны. Брахаць.
Ён бачыў, што Ліпскі ачуньвае ад спуду і пачынае казырыцца. I тады Андрэй узяў яго за грудзі і, прыўзняўшы, пасадзіў на біла ложка.
— Ліпскі, - сказаў ён, — ты ведаеш, я гіджуся бойкі, мы не звяры дзікія. Але ўлічы, подласць б'юць. Сёння я стану біць твайго Стаўрова смяротным боем. За хлусню.
— Гэта яшчэ хто каго.
Заўвага была слушнай. Стаўроў быў відавочна больш узмацярэлы, чым Андрэй, важыў, нават на вока, кіло на дванаццаць больш. Сутыкніся яны проста так — ад Андрэя, магчыма, пер'е ляцела б. Але тут Андрэй ведаў, што б там ні было, ён наб'е Стаўрова, наб'е двух Стаўровых. Іначай — хоць і не жыві.
— Я стану біць яго смяротным боем… А ты, ты толькі скажы мне, ці любіш сваю маці?..
Ліпскі падумаў, што Андрэй успомніў маці не на дабро.
— Чаго ты мяне чапаеш?! Пры чым тут маці?!
— Я не аб тым. Скажы, каб пра тваю мацi, сястру, дачку сказалi нешта такое… Што б ты тады?..
Ліпскі апусціў вочы:
— Забіў бы, — глуха сказаў ён і дадаў пасля паўзы: — Я схлусіў. Я думаю, што схлусіў і Стаўроў… Пусці мяне.
Стаўшы на ногі, ён ціха падышоў да акна.
— Хочаш, я скажу хлопцам, што схлусіў? — гледзячы ў цемру, спытаў ён.
— Калі спатрэбіцца — скажаш.
…Пакой Стаўрова быў за павароткаю калідора. Андрэй пастукаў у дзверы. Магчыма, занадта гучна.
— Галавой, — сказаў раздражнёны голас.
Андрэй адчыніў дзверы. Стаўроў сядзеў на ложку ў трусах і ў майцы. Грудзі, зарослыя валасамі, былі шырокія, хаця і занадта атлусцелыя, але затое ногі, рэльефна ўкрытыя дробнымі і буйнымі мускуламі, былі застрашліва-дасканалыя.
"Калі пачне брыкацца, будзе дрэнна", — падумаў Андрэй.
Так, было ў гэтым чалавеку нешта ад звера, нягледзячы на акуляры, нягледзячы на непрыстойна прыгожае аблічча. I горш за ўсё было тое, што Андрэй аддаваў яму належнае: гэты мог мець поспех у жанчын. Гэта было дрэнна. Не таму, што Андрэй баяўся за Ірыну. Ён проста ведаў: калі хлусіць такі чалавек — яму могуць паверыць. Нават многія. Як многія вераць у яго вытанчанасць, бо вытанчаны да рафініраванага снабізму ягоны пакой.
Пакой, сапраўды, не адпавядаў паху дзікага звера, які ў ім стаяў. Забавак больш, чым у дзяўчыны. I рапіра над тахтой, зробленай з той самай сеткі, што ў другіх ляжыць на ложку.
Кола для "хула-хуп'а" (круціць кожная чарговая "дзяўчынка"), рэпрадукцыя "Гернікі", левая частка якой завешана, бо "там Пікаса парушыў унутраную дынамічнасць".
I на стале заўсёды назнарок раскрытая кніга. Месяц таму гэта былі «Метамарфозы» на лацінскай мове, вядома ж з малюнкамі. Андрэй тады паспрабаваў быў пагаварыць з гаспадаром кнігі на мове Авідзія і са здзіўленнем пераканаўся, што той цвёрда завучыў толькі два лацінскіх словы, ды і тыя — «прымус» і "аўтобус".
Андрэй не злаваўся б нi за кола, нi за Авiдзiя, каб гаспадар сумленна развiваў першым брушны прэс, а другiм — эстэтычную цягу да жанчын. Але ён на свае вушы чуў, як гэты чалавек аднойчы казаў аб "рускiм кiтаiзме", а на другi дзень распiнаўся ў любовi да радзiмы, ледзь не абараняючы баганоснасць яе людзей.
Увесь у выкрунтасах, а кнігі піша звычайныя: пра пабудову круглых цялятнікаў і іх перавагу над цялятнікамі трохкутнымі.
— Што трэба? — спытаў Стаўроў.
— Вазьмі назад сваю плётку, — сказаў Андрэй.
— А што, можа, будзеш біцца?
— Не пэцкай iмя жанчыны. Гэта занадта лёгка.
Стаўроў не слухаў.
— Чаго ж ты тады пры ўсіх мяне не біў?
— Маглі разбараніць, — проста сказаў Андрэй. — Дык бярэш назад свае словы?
— З'ясі ты, ведаеш чаго.
— Ты хлус, Стаўроў, - сказаў Андрэй. — Ты манюка, што ваюе з жанчынамі.
Стаўроў ужо стаяў перад Андрэем:
— Зараз ты возьмеш назад свае словы. Таму, што я казаў праўду пра гэтую…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу