— Добрае апраўданне для таго, каб запускаць руку ў чужую кішэнь кожнага дваццаць пятага снежня! — абурыўся Скрудж, зашпільваючы паліто на ўсе гузікі. — Аднак, бачу, заўтрашні дзень вы ўсё ж прагуляеце. Таму чакаю вас паслязаўтра як мага раней.
Клерк паабяцаў прыйсці як мага раней, і Скрудж, усё яшчэ мармычучы нешта пад нос, выйшаў на вуліцу. Кантора імгненна была зачыненая, і перад тым як пабегчы дадому, клерк у гонар надыходу каляднага вечара разоў дваццаць скаціўся па зледзянелым адхоне Корнхіла разам з чародкай хлапчукоў, а вецер тым часам весела гуляў з канцамі яго доўгага белага шаліка (такой раскошы, як паліто, у яго не было). Толькі пасля гэтага клерк з усяе моцы паімчаў дадому на Кэмдэн-таўн — гуляць з дзецьмі ў жмуркі.
Скрудж з’еў панылы абед у заўсёднай панылай карчме, прачытаў усе газеты і, прабавіўшы вечар над бухгалтарскай кнігай, рушыў дадому спаць. Ён жыў у кватэры, што калісьці належала яго памерламу кампаньёну. Гэта былі змрочныя пакоі на ніжнім паверсе дома ў глыбіні двара, дома, які, здавалася, стаяў не на сваім месцы. Можна было падумаць, што калі ён быў маленькім дамком, то забег сюды, гуляючы ў хованкі, а пасля так і не знайшоў дарогі назад. Цяпер гэта быў стары і цьмяны дом, і ніхто ў ім не жыў, апроч Скруджа: астатнія пакоі здаваліся пад канторы. Двор быў такі цёмны, што нават Скрудж, які вывучыў яго як свае пяць пальцаў, прабіраўся да кватэры навобмацак. Ля ўваходу навіс такі туман, кусаўся такі мароз, што здавалася, нібыта сам дух непагоды сядзеў на парозе, апанаваны скрушнымі развагамі.
Цяпер мы мусім з усёй дакладнасцю сказаць, што дзвярны малаток, які вісеў ля ўваходу, быў цалкам звычайны, калі не зважаць на яго вялізны памер. Таксама не выклікае сумневу, што Скрудж бачыў гэты малаток кожнага ранку і кожнага вечару з таго часу як пераехаў сюды; апроч гэтага варта зазначыць, што Скрудж не мог пахваліцца тым, што часцей за ўсё называюць фантазіяй, — нават менш, чым любы іншы лонданец, улучаючы (а гэта вельмі смелае дапушчэнне!) гарадскіх чыноўнікаў, олдэрмэнаў [3] Олдэрмэн — чалец муніцыпальнай рады ў Вялікабрытаніі.
і слуг. Нельга забываць яшчэ і тое, што, згадаўшы ўдзень памерлага сем гадоў таму кампаньёна, Скрудж больш ні разу пра Марлі не ўспомніў. А таму хай мне цяпер хто-небудзь патлумачыць (калі, безумоўна, зможа), чаму Скрудж, уставіўшы ключ у замочную шчыліну, нечакана ўбачыў перад сабой не дзвярны малаток, які, варта заўважыць, нават не варухнуўся, а твар Марлі.
Так, менавіта твар Марлі. Яго не хавала глухая цемра, якая ахутала ўсё навокал, наадварот — ён нібы свяціўся злавесным святлом, зусім як падгнілы амар у цёмным склепе. Ён не быў ні раззлаваным, ні жорсткім, а проста пазіраў на Скруджа так, як пазіраў Марлі пры жыцці, пасунуўшы прывідныя акуляры на прывідны лоб. Валасы дзіўна шавяліліся, быццам ад гарачага подыху печкі, а шырока адкрытыя вочы былі нерухомыя. Усё гэта разам са змярцвела-бляклым колерам твару абуджала жах, але жах не перад самім тварам, а перад чымсьці, што было вышэйшае за яго і яму не падпарадкоўвалася.
Скрудж уважліва ўгледзеўся ў гэтае дзіва, і твар Марлі раптам зноў ператварыўся ў малаток.
Я зманю, калі скажу, што Скруджа гэта не ўразіла і кроў не застыла ў яго жылах, як бывала з ім толькі ў дзяцінстве. Аднак ён зноў намацаў ключ, рашуча павярнуў яго, увайшоў у пакой і запаліў свечку.
Ён, безумоўна, імгненне вагаўся, перш чым зачыніць дзверы, і, безумоўна, асцярожна азірнуўся, быццам баючыся ўбачыць тоненькую касічку Марлі, што вытыркнулася з-за дзвярэй. Аднак на дзвярах не было нічога, апроч шрубаў і гаек, на якіх трымаўся малаток, а таму, прабурчаўшы “цьху ты!”, Скрудж з ляскатам зачыніў дзверы.
Ляскат прайшоўся па ўсім доме, як грукат грому. Кожны паверх вышэй і кожная бочка ўнізе, у вінным склепе, адгукнуліся, здавалася, уласным рэхам. Аднак Скрудж быў не з тых, каго можа напалохаць рэха. Ён замкнуў дзверы і няспешна пакрочыў да лесвіцы, сочачы, каб свечка не згасла.
Вы можаце колькі заўгодна разважаць пра нашыя старыя добрыя лесвіцы, па якіх зусім не складана праехаць на шасцерыку коней (тым самым шасцерыку, на якім нескладана праехаць і праз дзірку ў новым кепскім законе). Аднак што яны ў параўнанні з лесвіцай Скруджа, па якой магло прайсці цэлае пахавальнае шэсце, нават калі б камусьці прыйшло да галавы паставіць катафалк упоперак, аглоблямі да сцяны і дзверцамі да балюстрады, — яшчэ і месца б засталося! Ну і шырокія былі гэтыя прыступкі! Магчыма, менавіта таму Скруджу раптам падалося, што перад ім у цемры па лесвіцы падымаюцца пахавальныя драбы. Нават паўтузіна вулічных газавых лямпаў не змаглі б цалкам асвятліць такую лесвіцу, а таму можаце сабе ўявіць, як мала дапамагала Скруджу яго свечка.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу