— З палітычнай сходкі. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?
— Лімонны сок.
— І ты выпі шклянку.
— Заўтра, — адказаў я. — А цяпер я што-небудзь з'ем.
Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.
— Не глядзі на мяне так, Ота, — сказаў я. — Я крыху падпіў ад радасці. Не з гора.
— Ну і добра, — сказаў ён. — Тады хадзем есці.
У адзінаццаць гадзін я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылі яго за стойкай — ён быў п'яны без памяці.
— Завядзі яго ў бакоўку, — сказаў Ленц. — Я пакуль што абслужу кліентаў.
Мы з Кёстэрам прывялі Фрэда да памяці. Мы далі яму выпіць цёплага малака. Яно падзейнічала імгненна. Потым мы пасадзілі яго ў крэсла і загадалі яму адпачыць паўгадзінкі. Ленц пакуль што справіцца без яго.
Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны і найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос міксер так, быццам нічога іншага ніколі не рабіў.
Праз паўгадзіны Фрэд ачуняў. Яго праспіртаваны страўнік хутка прыходзіў у норму.
— Шкада, Фрэд, — сказаў я. — Нам трэба было спачатку пад'есці.
— Я зноў у парадку, — адрапартаваў ён, — Бывае карысна.
— Ды так.
Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў Пат. Мне было ўсё роўна, што я думаў перад гэтым. Яна зняла слухаўку.
— Праз пятнаццаць хвілін я буду каля дзвярэй дома, — крыкнуў я і хуценька павесіў слухаўку. Я баяўся, што яна, змораная, не захоча нічога слухаць. Я хацеў бачыць яе.
Яна падышла да дзвярэй. Калі адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, і мы пайшлі па вуліцы, пакуль не злавілі таксі. Грымеў гром, і бліскала маланка.
— Хутка, зараз пойдзе дождж, — крыкнуў я.
Селі ў машыну. Першыя кроплі забарабанілі па даху легкавіка. Машына скакала на выбоінах. І гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна — дождж, горад, выпіўка, усё было велічна і захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, які бывае, калі працверазееш пасля выпіўкі. Затарможанасць знікла, ноч была напоўнена энергіяй і бляскам, нічога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правільна.
Дождж пачаўся, калі мы выйшлі. Пакуль я плаціў, асфальт быў яшчэ ў цёмных плямах ад кропляў, як пантэра, але не паспелі мы дабегчы да дзвярэй, як ён стаў увесь чорны і срабрыста-бліскучы. Пачалася залева. Я не ўключаў святла. Маланкі асвятлялі пакой. Над горадам грымела навальніца. Грамы накочваліся адзін на адзін.
— Цяпер можна крычаць, — гучна сказаў я Пат, — не баючыся, што нас пачуюць.
Акно ўспыхнула. На секунду чорныя сілуэты дрэў на могілках абазначыліся на бела-блакітным небе і адразу ж з ляскатам зніклі ў змроку ночы, толькі на секунду ў разрыве змроку перад шыбай мільгнула гнуткая фігура Пат, якая засвяцілася фосфарам… Я абняў яе за плечы, яна прытулілася да мяне, я адчуў яе вусны, яе дыханне і больш ні пра што не думаў…
Наша майстэрня ўсё яшчэ стаяла пустая, як ток перад жнівом. З гэтай прычыны мы вырашылі не перапрадаваць таксі, а пакуль што выкарыстоўваць яго па прызначэнні. Ездзіць будзем па чарзе я і Ленц. Кёстэр з Юпам спакойна справяцца ў майстэрні адны, пакуль няма заказаў.
Мы з Ленцам кінулі жэрабя, каму першаму ехаць. Выпала мне, я набраў кішэню дробязі і паволі паехаў па вуліцах, каб спачатку выбраць добрую стаянку. Упершыню было неяк нязвыкла. Любы дурань мог спыніць мяне і загадаць, куды ехаць. Гэта было не вельмі прыемнае пачуццё.
Я адшукаў месца, дзе можна спыніцца, — там стаяла толькі пяць машын. Стаянка была насупраць гатэля «Вальдэкер Хоф» у гандлёвай частцы горада. Можна было спадзявацца, што праца будзе. Я выключыў запальванне і выйшаў з машыны. Ад адной з першых машын да мяне падышоў высокі хлопец у скураным паліто.
— Зматвайся адсюль, — прашыпеў ён.
Я спакойна паглядзеў на яго і разважыў сабе, што, калі на тое пойдзе, лепш за ўсё пакласці яго аперкотам знізу. Паліто не дасць яму хутка падняць рукі.
— Не дайшло? — пацікавіўся тып у скуранцы і выплюнуў цыгарэту мне пад ногі. — Матай хутчэй! Хапае без цябе! Больш не трэба!
Ён злаваўся на з'яўленне яшчэ аднаго канкурэнта, гэта было ясна. Але ж я меў права стаць тут.
— Я стаўлю потым, за знаёмства, з прычэпам, — сказаў я.
На гэтым справа павінна была ўладзіцца. З новенькага належала. Падышоў малады шафёр.
— Добра, калега. Адчапіся ад яго, Густаў…
Але Густаву я нечым не спадабаўся. Я ведаў чым. Ён адчуваў, што я навічок.
— Лічу да трох… — заявіў ён. Ён быў на галаву вышэйшы за мяне і на гэта разлічваў. Я зразумеў, што словам тут не дапаможаш. Трэба было ці пакінуць стаянку, ці ўдарыць. Выбару не было.
Читать дальше