— Ну што ты, Пат! — Я ўстаў. — Ну добра, я на нейкі час выйду з Антоніа. Аполудні я вярнуся. Калі не паламаю сабе касцей на гэтых нартах.
— Ты хутка навучышся, каханы. — Яе твар страціў напружаны страх. — Скора ты будзеш выдатна катацца.
— А ты хочаш, каб я хуценька адсюль выдатна выкаціўся, — сказаў я і пацалаваў яе. Рукі ў яе былі вільготныя і гарачыя, а вусны сухія і патрэсканыя.
Антоніа жыў на трэцім паверсе. Ён пазычыў мне лыжы з чаравікамі. Яны падышлі мне, бо мы былі аднолькавага росту. Мы пайшлі на паляну недалёка за вёскай. Па дарозе Антоніа дапытліва пазіраў на мяне.
— Тэмпература робіць чалавека неспакойным, — сказаў ён. — У такія дні тут ужо здараліся дзіўныя рэчы. — Ён паклаў лыжы перад сабой і прымацаваў іх. — Самае горшае — чакаць і не мець магчымасці штосьці зрабіць. Ад гэтага можна звар'яцець.
— І здаровым не лягчэй, — адказаў я. — Быць побач і не магчы нічога зрабіць.
Ён кіўнуў.
— Той-сёй з нас працуе, — працягваў ён. — Той-сёй прачытвае цэлыя бібліятэкі. Але многія зноў ператвараюцца ў школьнікаў, якія ўцякаюць ад лячэння, як уцякалі з урокаў фізкультуры, і, палахліва хіхікаючы, хаваюцца ў крамах і кафетэрыях, толькі ўбачыўшы лекара. Патаемна кураць, патаемна выпіваюць, гуляюць у забароненыя гульні, пляткараць, выдумваюць дурныя жарты — так яны ратуюцца ад пустой бяздзейнасці. І ад праўды. Вось такое дзіцячае, легкадумнае, а магчыма, і гераічнае ігнараванне смерці. А што ім, урэшце, яшчэ застаецца?
«Праўда, — падумаў я. — Што нам усім, урэшце, яшчэ застаецца?»
— Паспрабуем? — спытаў Антоніа і ўбіў лыжныя палкі ў снег.
— Давайце.
Ён паказаў мне, як мацаваць лыжы і як трымаць раўнавагу. Гэта аказалася няцяжка. Я падаў даволі часта, але потым я паволі злаўчыўся, і ўжо справа пайшла. Праз гадзіну мы закончылі ўрок.
— Хопіць, — вырашыў Антоніа. — Сёння вечарам вы адчуеце свае мускулы.
Я зняў лыжы і адчуў, як энергічна б'ецца ўва мне кроў.
— Добра, што мы пабылі на свежым паветры, Антоніа, — сказаў я.
— Гэта мы можам рабіць кожную раніцу. Калі катаешся, прыходзяць іншыя думкі.
— Ці не выпіць нам дзе-небудзь? — спытаў я.
— Можна. Па чарцы «дзюбанэ» ў Форстэра.
Мы выпілі «дзюбанэ» і пайшлі ў санаторый. У канторы сакратарка сказала мне, што быў паштальён і перадаў, каб я прыйшоў на пошту. Мне прыйшлі грошы. Я глянуў на гадзіннік. Часу яшчэ хапала, і я вярнуўся. На пошце мне выдалі дзве тысячы марак. Тут жа быў і ліст ад Кёстэра. Ён пісаў, каб я не турбаваўся, грошы яшчэ ёсць. Варта мне толькі падаць звестку.
Я ўтаропіўся на банкноты. Адкуль яны ў яго? І так хутка? Я ж ведаў усе нашыя крыніцы. І раптам я здагадаўся. Я ўявіў сабе аматара гонак канфекцыянера Больвіза, прыпомніў, як прагна ён абстукваў «Карла» каля бара пасля таго, як прайграў гонку, як ён сказаў: «Гэтую машыну я куплю ў любы час!» Д'ябальшчына! Кёстэр прадаў «Карла»! Вось адкуль раптам грошы! Прадаў «Карла», пра якога ён гаварыў, што лепш страціць руку, чым машыну. «Карла» ўжо не было. Ён цяпер быў у сытых руках фабрыканта, а Ота, чыё вуха пазнавала яго за кіламетры, будзе прыслухоўвацца да яго выцця на вуліцах. Так вые прагнаны сабака.
Я схаваў ліст Кёстэра і пакунак з ампуламі морфію. Я ўсё яшчэ бездапаможна стаяў перад паштовым акенцам. Найлепш было б адразу адаслаць грошы назад, але нельга — яны былі нам патрэбныя. Я разраўняў паперкі, схаваў іх у кашалёк і выйшаў. Пракляцце! Цяпер я кожную машыну буду абыходзіць бокам. Машыны былі мне сябрамі, але «Карл» значыў куды больш. Таварыш! «Карл», прывід дарог. Мы былі адно цэлае. «Карл» і Кёстэр, «Карл» і Ленц, «Карл» і Пат. Я злосна і бездапаможна абтрос снег з ног. Ленц загінуў. «Карла» купілі. А Пат? Аслепленымі вачыма я ўзіраўся ў неба, гэтае шэрае бясконцае неба бога-вар'ята, які прыдумаў жыццё і смерць на сваю забаву.
Пад вечар вецер перамяніўся, пасвятлела і пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай раніцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькі дзён, калі Рот — мужчына, які паправіўся, — ад'язджаў, яна змагла нават пайсці праводзіць яго на вакзал.
Рота праводзіў вялікі натоўп. Такая тут была завядзёнка, калі хтосьці ад'язджаў. Сам Рот быў не вельмі вясёлы. Яму нейкім чынам не пашанцавала. Два гады назад нейкі свяціла, адказваючы на яго пытанне, ці доўга яму яшчэ засталося жыць, заявіў, што гады два яшчэ, калі будзе сцерагчыся. Для пэўнасці ён спытаў другога лекара, просячы сказаць праўду па шчырасці. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады і спусціў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлі ў санаторый з моцнай кравацечай… І тут, замест таго каб паміраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступіўшы сюды, ён важыў усяго 45 кілаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кілаграмаў і настолькі паправіўся, што яго выпісалі. А грошай не было.
Читать дальше