— Што будзем рабіць? — спытаў я. — Пойдзем у бар?
— Вечарам мы часта гуляем у карты, — сказаў Антоніа. — Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такі час найлепш гуляць у карты.
— У карты? Пат? — здзіўлена спытаў я. — У якія гульні ты ўмееш? У дурня і ў пасьянс?
— У покер, каханы, — заявіла Пат.
Я засмяяўся.
— Яна, праўда, умее, — сказаў Антоніа. — Толькі занадта рызыкоўная. Жахліва блефуе.
— Я таксама, — адказаў я. — Трэба паспрабаваць.
Мы селі ў куток і пачалі гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзіну Антоніа звярнуў нашу ўвагу, што робіцца за акном. Ішоў снег. Паволі, нібы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалі буйныя сняжынкі.
— Зусім бязветрана, — сказаў Антоніа. — Будзе шмат снегу.
— Цікава, дзе цяпер Кёстэр? — спытала Пат.
— Ён ужо праехаў перавал, — сказаў я.
На нейкую секунду я выразна ўявіў сабе «Карла» з Кёстэрам за рулём, які вёў машыну праз белую ноч, і ўсё раптам здалося мне нерэальным — тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат — побач са мной. Яна шчасліва ўсміхнулася мне, абапіраючыся рукой з картамі на стол.
— Хадзі, Робі.
Таўстун перабраўся да нашага стала, спыніўся і пачаў зычліва зазіраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты і глянуў на яго так злосна, што ён знік.
— Я не сказала б, што ты ветлівы, — задаволена сказала Пат.
— Не, — адказаў я. — І не хачу быць ветлівым.
Мы яшчэ зайшлі ў бар і выпілі некалькі шклянак «спецыяльнага». Потым Пат трэба было ісці спаць. Я развітаўся ў вестыбюлі. Яна пачала павольна падымацца па лесвіцы, азіраючыся і спыняючыся, пакуль не збочыла ў калідор. Я крыху пачакаў, потым папрасіў у канторы ключ ад свайгоі пакоя. Сакратарка заўсміхалася.
— Нумар семдзесят восем, — сказала яна.
Пакой суседнічаў з пакоем Пат.
— Мусіць, па распараджэнні фройляйн Рэксрот? — спытаў я.
— Не, фройляйн Рэксрот пайшла ў малітоўны дом, — адказала яна.
— Малітоўныя дамы часам — бласлаўленне, — сказаў я і хутка пайшоў наверх. Мае рэчы былі ўжо распакаваныя. Праз паўгадзінкі я пастукаў у дзверы ў суседні пакой.
— Хто там? — усклікнула Пат.
— Паліцыя маралі, — адказаў я.
Ключ заскрыгатаў, і дзверы імгненна расчыніліся.
— Ты, Робі? — прамовіла Пат разгублена.
— Я! — сказаў я. — Той, хто перамог фройляйн Рэксрот! Уладальнік каньяку і «порта-ронка». — Я выцягнуў бутэльку з кішэні. — А цяпер прызнавайся, колькі мужчын тут ужо пабывала.
— Нікога, акрамя футбольнай каманды і пашыранага філарманічнага аркестра, — заявіла са смехам Пат. — Ах, каханы, зноў вярнуліся старыя часы.
Яна заснула на маім плячы. Я яшчэ доўга не спаў. У куточку пакоя гарэла маленькая лямпачка. Сняжынкі ціха стукаліся ў акно, час, здавалася, спыніўся, заблытаўшыся ў гэтым мяккім залацістым змярканні. У пакоі было цёпла. Час ад часу патрэсквалі трубы цэнтральнага ацяплення. Пат паварушылася ў сне, і коўдра з лёгкім шоргатам павольна спаўзла на падлогу. Ах, гэта бронзавая з адлівам скура! Цуд тонкіх каленяў! Пяшчотная таемнасць грудзей! Я адчуваў плячом дотык яе валасоў і вуснамі ўспрымаў біццё яе пульсу. «Табе наканавана памерці, — падумаў я. — Ты не можаш памерці. Ты — маё шчасце».
Я асцярожна зноў падняў коўдру. Пат нешта прамармытала і зноў змоўкла і паволі, у сне, падсунула мне далонь пад галаву.
Усе наступныя дні падаў снег. У Пат была тэмпература, і яна мусіла ляжаць у пасцелі. Шмат у каго ў санаторыі была тэмпература.
— Надвор'е такое, — сказаў Антоніа.
— Занадта цёпла і ветрана. Якраз для тэмпературы.
— Каханы, выйдзі крыху на волю, — сказала Пат. — Ты ўмееш катацца на лыжах?
— Не. Дзе мне было вучыцца? Я ніколі не быў у гарах.
— Антоніа навучыць. Яму гэта будзе забава. Ты яму падабаешся.
— Мне куды лепш тут.
Яна выпрасталася, сеўшы ў пасцелі. Начная кашуля агаліла ёй плечы. Яны былі вельмі худыя. Такая ж жахліва худая была і шыя.
— Робі, — сказала яна, — зрабі мне ласку. Мне вельмі не хочацца, каб ты сядзеў тут каля ложка хворай. Учора і пазаўчора хапіла ўжо табе.
— Мне добра сядзець тут, — адказаў я. — Няма ніякага жадання ісці пад снег.
Яна цяжка задыхала, і я пачуў яе няроўнае дыханне.
— У мяне ў гэтым больш вопыту, чым у цябе, — сказала яна і абаперлася на локці. — Так лепш нам абаім. Потым убачыш сам. — Яна пакутліва ўсміхнулася. — Сёння паполудні і ўвесь вечар ты яшчэ наседзішся тут. А ўранку мяне гэта непакоіць, каханы. Калі ў цябе тэмпература, то выгляд зранку неважнецкі. Увечары — зусім іншая справа. Я павярхоўная дурніца — не хачу выглядаць непрыгожай, калі ты глядзіш на мяне.
Читать дальше