Я вярнуўся да Яніны і сказаў:
— Прыязджай, мая маленькая, у любы час… Буду рады цябе бачыць…
Яна не варухнулася, не паказала, што пачула, зразумела мяне. Зайшла Жэнеўева і недаверліва спыталася: «Што ты ёй сказаў?» А пазней я даведаўся, што за гэтых некалькі секунд я, аказваецца, «збіў унучку з тропу», пасеяў у яе галаве «шкодныя» ідэі. А я спускаўся па лесвіцы, і ў вушах у мяне ўсё гучалі ўмольныя словы: «Дзядуля, вазьміце мяне з сабой…» Ад мяне пачула Яніна тыя самыя словы пра Філі, якія ёй хацелася пачуць. Можа, я быў першы, хто не абразіў яе.
Я ішоў па вуліцах Бардо. Хутка пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды пачысцеў, упрыгожыўся горад. Усюды ззяюць гірлянды электрычных лямпачак. Зіхацяць мокрыя ад дажджу тратуары. Галасы шумных жыхароў поўдня перакрываюць грукат трамваяў… Знік водар майго дзяцінства. Шукаць яго трэба было дзе-небудзь у больш сціплых кварталах. Можа, там, на вуліцы Дзюфур-Дзюбэрж'е ці на Грос-Клош якая-небудзь бабулька яшчэ прадае каштаны — стаіць сабе на рагу цёмнай вуліцы і прыціскае да грудзей гаршчочак з гарачымі каштанамі, якія пахнуць анісам… Не, сумна мне не было. Я нават радаваўся: у той вечар мяне пачулі, зразумелі. Мы аб'ядналіся з Янінай — гэта была перамога. А вось з Жэнеўевай ніяк не дагаварыцца, тут я прайграў: супраць такой зацятасці, тупасці нічога не зробіш. Лёгка знайсці шлях да жывой душы, убачыць яе нават праз злачынствы, праз самыя чорныя заганы, але пошласць — неадольная перашкода. Ну што ж, нічога не зробіш, так і запішам: немагчыма раскалоць каменныя пліты ўсіх гэтых магіл. Будзе мне вялікім шчасцем, калі ўдасца да смерці знайсці душэўную блізкасць хоць з адной чалавечай істотай.
Я пераначаваў у гатэлі і ў Калез вярнуўся толькі назаўтра. Праз некалькі дзён прыехаў Альфрэд, і ад яго я даведаўся пра цяжкія вынікі маёй размовы з Жэнеўевай: Яніна напісала Філі пакаяннае пісьмо, дзе яна ўзяла ўсю віну на сябе і прасіла ў мужа прабачэння. «Жанчыны і на такое глупства здольныя…» Гэты добры таўстун не адважыўся выказаць сваёй думкі, але я ўпэўнены, што яму хацелася сказаць: «Пайшла Яніна па слядах сваёй бабулі…»
Альфрэд даў мне зразумець, што працэс цяпер можна лічыць загадзя прайграным, і Жэнеўева вінаваціць у гэтым мяне: я нібыта наўмысна «збіў унучку з тропу». Я адно ўсміхнуўся і спытаўся ў зяця, што, на яго думку, магло мяне на гэта падштурхнуць і якая мне ад гэтага карысць? Ён запэўніў мяне, што не падзяляе жончыных папрокаў, але яна лічыць, што зрабіў я гэта дзеля забаўкі, а можа, са злосці…
Больш дзеці не прыязджалі да мяне. Праз два тыдні я атрымаў пісьмо ад Жэнеўевы: яна пісала, што Яніну давялося пакласці ў псіхіятрычную бальніцу. Яна, вядома, не звар'яцела. Урачы вельмі спадзяваліся, што ёй найлепш дапаможа часовая ізаляцыя.
Я і сам быў «у ізаляцыі», хоць і здаровы. Ніколі яшчэ сэрца не давала мне такой доўгай перадышкі… Восень не спяшалася: ужо больш як два тыдні стаялі ясныя сонечныя дні. Ніводзін лісток не ўпаў з дрэў. Зноў заквітнелі ружы. Адно толькі не давала мне спакою — мае дзеці зноў аддаліліся ад мяне. Хюбэр заязджаў толькі па справах. Трымаўся холадна, суха, насцярожана. Мой «шкодны» ўплыў на Яніну перакрэсліў усе тыя кволыя сімпатыі, што толькі-толькі нараджаліся ў маіх дзяцей. Зноў зрабіўся я для іх каварным старым чортам, ад якога ўсяго можна чакаць. А Яніну, адзіную істоту, якая, можа, і зразумела б мяне, схавалі ад жывых людзей, пасадзілі пад замок…
І тым не менш адчуваў я небывалы глыбокі душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлівай смерці я заставаўся спакойным і ўраўнаважаным. Думкі пра маё сумнае жыццё больш не мучылі мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў і адзіноты, як быццам і не быў стары і хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.
Ужо месяц, як Яніна жыве ў мяне. Уцякла яна з «псіхіятрычкі» і знайшла прытулак у маім доме. Яна яшчэ не зусім паправілася і лічыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалі ў бальніцу за тое, што яна адмовілася пачаць працэс супраць Філі і патрабаваць разводу. Усе дзеці і сваякі лічаць, што гэта я ўбіваю ёй такія думкі, я настройваю яе супраць усіх. Але хіба ж гэта так?! Ведалі б яны ўсе, што цэлымі днямі (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькі тое і раблю, што змагаюся з яе ілюзіямі і хімерамі. Надвор'е зусім сапсавалася: дождж, дождж і дождж… Усюды гразь, балота. Валяецца гнілое лісце. Па двары, пасыпаным жвірам, тупаюць людзі ў цяжкіх ботах. Вунь хтосьці ідзе, накінуўшы мяшок на галаву. Восень агаліла дрэвы, і нічога не хавае цяпер тых убогіх хітрыкаў, якія павінны былі надаваць саду «маляўнічасць»: каркасы альтанак, чорныя лаўкі, дэкаратыўныя расліны…
Читать дальше