А цяпер вось я ледзьве стаю пасярод гэтага пакоя. Я ўсё думаю і думаю пра сваё жыццё… Не, немагчыма павярнуць назад і паплыць супраць каламутнага, бруднага патока!.. Гэта ж трэба: пражыць усё жыццё і не знайсці ніводнага сябра! Які жах! Якой змрочнай, ненавіснай істотай трэба было быць!.. А можа, гэта здарылася таму, што не ўмеў, не навучыўся я прытварацца?! Калі б усе людзі хадзілі без маскі, як гэта рабіў я, то можна было б толькі дзіву давацца — якія яны ўсе падобныя!.. І сапраўды, паглядзіце: ніхто не ходзіць з адкрытым тварам, ніхто! Большасць людзей строяць з сябе высакародных, добрых, спагадлівых. Самі таго не ведаючы, яны толькі пераймаюць літаратурных герояў ці каго-небудзь яшчэ. Святыя добра ведалі, бачылі, што тварыцца ў людзей у душы, і таму ненавідзелі сябе і пагарджалі сабой. Калі б і я прыкрыўся маскай і не быў такім адкрытым, аголеным, ніхто б не палохаўся мяне, не пагарджаў мной.
Вось такія думкі наведалі мяне ў той асенні вечар, калі я блукаў па цёмнай гасцінай, натыкаючыся на цяжкую, грувасткую мэблю з чырвонага ці палісандравага дрэва… Столькі людзей, чые целы ўжо даўно спарахнелі, калісьці сядзелі за гэтымі столікамі, адпачывалі ў гэтых крэслах… Дзеці выпацкалі сваімі чаравічкамі вось гэтую канапу, калі залазілі на яе. Тут яны любілі сядзець і гартаць старыя ілюстраваныя часопісы. Абіўка так і засталася цёмнай у тых месцах, дзе ступалі маленькія ножкі… За сцяной вые, шамаціць апалым лісцем вецер… Зноў у нейкім пакоі забыліся зачыніць аканіцы…
Назаўтра я з трывогай чакаў пошты. Хадзіў узад і ўперад па алеях, як некалі рабіла Іза, калі хто з дзяцей затрымліваўся і пазніўся. «Што ж магло здарыцца? — думаў я. — Можа, пасварыліся? А можа, хто захварэў?» Ого! Я стаў майстрам прыдумваць усялякія страхі! Бывала, і нябожчыца жонка як уваб'е сабе што ў галаву — месца сабе не знаходзіла… Доўга хадзіў я па парку з непрыкаяным выглядам. Нічога не заўважаў, нічога не бачыў, як і кожны заклапочаны чалавек. Пра адно толькі я не забываўся — пра сваю перамену. І мне было нават прыемна ад таго, што я хвалююся, трывожуся… Даліну накрыў густы туман: нічагусенькі не відно. Затое звонка, выразна даносяцца ўсе гукі. Па доўгіх радах вінаградніку разляцеліся сітаўкі і дразды. Шукаюць гронак, што не паспелі яшчэ згніць… Як любіў раннюю восень Люк!..
Нарэшце прывезлі пошту. Не супакоіла мяне кароценькае сынава пісьмо. Хюбэр пісаў, што яму нечакана давялося выехаць у сталіцу па неадкладнай справе: даволі сур'ёзныя непрыемнасці. Падрабязнасці ён раскажа праз дзень-два, як толькі вернецца дамоў. Я падумаў, што ў яго якія-небудзь праблемы з фінансавай інспекцыяй, — можа, зрабіў што не па закону…
Апоўдні я ўжо не мог сябе ўтрымаць. Загадаў завезці мяне на вакзал і купіў білет да Бардо, хоць даў абяцанне і сабе і дзецям ніколі не ездзіць аднаму. Першай, каго я ўбачыў у нашым старым доме, была Жэнеўева. Яна якраз развітвалася з нейкім незнаёмым мне чалавекам. Хутчэй за ўсё гэта быў доктар.
— Няўжо Хюбэр табе нічога не напісаў?
Жэнеўева павяла мяне ў той самы пакой, дзе я страціў прытомнасць у дзень пахавання Ізы. Уздыхнуў я з палёгкай толькі тады, калі даведаўся, адкуль сыр-бор загарэўся. Аказваецца, уцёк Філі. (Я, прызнацца, баяўся горшага.) Ён знік з нейкай жанчынай, якая «моцна трымала яго ў сваіх лапах». А перад гэтым ён наладзіў сцэну Яніне і не пакінуў ёй ніякай надзеі. Яніна плача, валасы на сабе рве, і яе стан непакоіць доктара. Альфрэд і Хюбэр дагналі ўцекача ажно ў Парыжы. Можа, з гадзіну назад прыйшла тэлеграма. Альфрэд піша, што нічога яны не дабіліся.
— Госпадзі! Што робіцца?! Падумаць толькі! Я ж нічога ім не шкадавала!.. Канешне, мы асцерагаліся і пакуль што вялікага капіталу ім не давалі, але ж рэнта! На яе можна было жыць ды жыць! А Яніна! От ужо дзе бесхарактарная! Ён з ёю рабіў усё, што хацеў. Спярша ўсё пагражаў кінуць за тое, што ты нічога нам не даеш. Але ж уцёк не тады, а цяпер, калі такое багацце прыйшло… Ну як ты гэта растлумачыш?
Яна змоўкла і запытальна глядзела на мяне…
— Ну, а ўцёк ён, канешне, з багатай жанчынай?..
— Ды якой там багатай! Яна настаўніца спеваў. Ты яе добра ведаеш, — гэта мадам Велар. Падумаць толькі! І не маладая ўжо, і які там заработак: ледзь канцы з канцамі зводзіла. Ну як ты гэта растлумачыш? — паўтарыла дачка.
І, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Яніна. Яна падышла да мяне і моўчкі падставіла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць і манернасць, якія я так ненавідзеў. «Вы ўжо ведаеце?» — спыталася яна і села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй маці. А тая ніяк спыніцца не магла і так і сыпала: «Падумаць толькі!», «Падумаць толькі!..» Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзіўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.
Читать дальше