— Падумаць толькі! — не супакойвалася яна. — Якая чорная няўдзячнасць! Выдалі за яго такую дзяўчыну, далі прытулак, грошы і не папракалі за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сірата, блізкіх сваякоў не меў і таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчыліся, песцілі, ніхто і слова не сказаў пра яго распусту. І на табе! Вось як аддзячыў!
Злосць закіпала ўва мне, і я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хіба сама Жэнеўева, Альфрэд, Іза не ганяліся за Філі і не абяцалі яму залатых гор?!
- І вось што цікава, — уставіў я, — ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самі яго і разбэсцілі!
— Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго бараніць?!
Я запярэчыў, што зусім не збіраюся абараняць Філі, а толькі хачу сказаць, што мы былі да яго не зусім справядлівыя, лічылі яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Відаць, яму занадта груба далі зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павінен зносіць усе вашы папрокі і хадзіць перад вамі на пальчыках, — нікуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзі ніколі не бываюць такімі подлымі, як нам здаецца.
— Падумаць толькі! Ты заступаешся за гэтага прайдзісвета, што кінуў жонку, дачку маленькую!..
— Жэнеўева! — абурана закрычаў я. — Ты ніводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцяміць: кінуць жонку, дзіця — хіба я сказаў, што гэта добра? Але пайсці на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так і па прычынах больш высокага парадку…
— Ах, вось як ты загаварыў, - перабіла мяне дачка. — Значыць, ты лічыш, што кінуць дваццацідвухгадовую жонку, малую дачку — гэта высакародна!..
Нічога не даходзіла да гэтай жанчыны.
— Або ты на самай справе тупаватая, або толькі прытвараешся. Я вось што скажу: Філі не такі ўжо нягоднік, асабліва пасля таго, як…
Жэнеўева зноў усхадзілася і пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Яніна выйдзе з пакоя, — як ёй, беднай, слухаць такое, калі апраўдваюць яе мужа.
Але Яніна, якая да гэтай хвіліны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:
— Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмі далікатна абыходзіліся з Філі. Успомні, калі падзялілі спадчыну — як мы з ім загаварылі: пачалі камандаваць, папракаць… Я нават падумала, што вось накінула на яго ашыйнік і буду цяпер вадзіць яго на павадку, як прыгожанькага пародзістага сабачку. Мне неяк і ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былі ў мяне, — няхай папросіць, няхай паскача каля мяне. Помніш, як ты мне казала: «Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаіць на задніх лапках!» Мы думалі, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён і сам так думаў, аднак гнеў і сорам узялі сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. І так яно, напэўна, і ёсць. На развітанне ён сам прызнаўся. І я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае ім, не стараецца прынізіць. Яна аддалася яму, а не купіла яго. А я вось купіла, як прыгожую цацку…
Некалькі разоў паўтарыла яна гэтыя горкія словы. Маці паціскала плячыма, але радавалася, што Яніна нарэшце заплакала: «Цяпер ёй палягчэе…» І яна ўзялася суцяшаць дачку:
— Не перажывай, дачушка мая! Голад і воўка з лесу гоніць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!
Перакананы: Яніне было непрыемна слухаць такія словы. Я ўстаў і ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксі і паеду ў Калез. І тут Яніна сказала:
— Дзядуля, вазьміце мяне з сабой.
Маці ўзбунтавалася:
— Ты што, пры сваім розуме?! Кожную хвіліну ты можаш спатрэбіцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерці можна!..
Жэнеўева выйшла за мною следам і на лесвічнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкім жаданням унучкі:
— Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылі гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хіба цяжка знайсці прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоіцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жаніхоў адбою не будзе!.. Вось толькі трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягодніка… А ты таксама заспяваў… То ненавідзеў, цярпець не мог Філі, а тут узяўся расхвальваць яго… Ды яшчэ пры ёй… Ну не… не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якім настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нічога ёй не зробіцца…
«Калі толькі не памрэ ад гора, — падумаў я. — Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць…» А можа, Яніна з той пароды жанчын, якіх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якіх надзея становіцца хваробай, ранай, якая ніколі не загойваецца. І дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакі…
Читать дальше