У мяне яшчэ будзе час падумаць над гэтым. А цяпер — трэба шукаць, шукаць яшчэ. Я сагнуўся да самай падлогі, цяжка было дыхаць, але я шукаў. І вось — яшчэ знаходка! Я выцягнуў з попелу запісную кніжку. Агонь нібы злітаваўся над ёю… Але там — ніводнай старонкі, адны вокладкі… Толькі на адваротным баку пераплёту я разабраў некалькі слоў: «Букет духоўны», а крыху ніжэй: «Не завуць мяне «Той, хто праклінае», імя маё — Ісус». («Аб Хрысце», святы Францыск Сальскі [14] Францыск Сальскі (1567–1622) — багаслоў, каталіцкі епіскап Жэневы; пасля смерці быў кананізаваны. Паводле легенды, да яго нібыта з'явіўся Хрыстос; іх «гутаркі» Францыск Сальскі выклаў у сваіх пісаннях.
).
Далей ішлі іншыя рэлігійныя выслоўі, але прачытаць іх было немагчыма. Дарэмна я зноў корпаўся ў попеле. Больш ужо я нічога не знайшоў. Я ўстаў, паглядзеў на свае брудныя рукі. У люстэрку ўбачыў, што і лоб мой выпацканы ў сажу. Як некалі ў маладосці, мяне ахапіла жаданне пайсці куды-небудзь у поле і хадзіць, хадзіць… Я забыўся пра сваё хворае сэрца і хутка збег па лесвіцы.
Упершыню за гэтыя тыдні я пайшоў на вінаграднікі. Там доўгія рады, адзін за адным, вызваляліся ад ягад і рыхтаваліся да зімовага сну. Краявід быў чысты, ясны, празрысты, блакітна-пералівісты, як тыя мыльныя бурбалкі, што калісьці пускала з саломінкі Мары. Сонца і вецер падсушылі каляіны і глыбокія адбіткі валовых капытоў на дарозе. Я ішоў і нёс у сабе невядомы мне раней вобраз Ізы — вобраз жанчыны, маці, якую раздзіралі моцныя пачуцці… І адзін толькі Бог мог іх утаймаваць… Гэтую памяркоўную жанчыну з'ядала рэўнасць да роднай сястры. Маленькі Люк быў ёй ненавісны… Жанчына, сама маці ўзненавідзела ні ў чым не вінаватага хлопчыка… Чаму? Зайздросціла? Баялася за сваіх дзяцей? Я ж любіў Люка больш, чым іх… Але яна ненавідзела і Марынету… І прычынай таму быў таксама я… Які жах! Памерла Марынета, памёр Люк, памерла Іза. — Усе памерлі, памерлі, памерлі! А я, стары, дабіты чалавек, стаю перад той самай магілай, што забрала іх, і радуюся — радуюся таму, што не быў абыякавы той жанчыне-нябожчыцы, што выклікаў у яе душы такія буры.
Смешна. Я кашляў, задыхаўся і сапраўды смяяўся, схапіўшыся рукой за падпорку, да якой прывязваюць вінаградную лазу… А перада мной, як кінуць вокам, у блакітнай смузе адкрываліся бясконцыя палеткі, вёскі з залатымі царкоўнымі макаўкамі, дарогі з таполевымі прысадамі. Сонца ўжо садзілася, і яго промні ледзь-ледзь даходзілі да гэтай пакутлівай грэшнай зямлі… Цяпер я поўнасцю адчуў, на ўсе вочы ўбачыў сваё злачынства. Страшным было не толькі гэтае мярзотнае гняздо гадзюк, гэтая нянавісць да родных дзяцей, прага помсты, сквапнасць, хцівасць, самае страшнае было тое, што я нічога не бачыў, акрамя сплеценых паміж сабой ядавітых гадзін. Я прывык, і трымаўся за гэты гнюсны клубок, нібы ён стаў маім сэрцам, нібы ўдары сэрца майго змяшаліся з кішэннем гэтых злавесных гадзюк. Мала таго што больш як паўстагоддзя я бачыў самога сябе ў крывым люстэрку, ведаў пра сябе толькі тое, што на самай справе не было мной, я і іншых як след не разгледзеў і не ведаў. Мяне заварожвала тая нікчэмная хцівасць, якую я ўгадваў на тварах сваіх дзяцей. У Рабэра я прыкмеціў толькі тупасць, падманлівая знешнасць усё засланяла ад мяне. Ніколі вонкавы выгляд людзей не быў для мяне той абалонкай, якую абавязкова трэба сарваць, каб убачыць сутнасць чалавека… Гэтае адкрыццё мне трэба было зрабіць у трыцдаць, сорак гадоў!.. А цяпер што?! Позна! Сэрца маё ледзьве б'ецца. Апошні раз бачу я, як восень закалыхвае вінаграднікі… Тыя, каго я павінен быў любіць, памерлі. Няма на зямлі і тых, хто мог бы мяне любіць. Ну, а да тых, хто яшчэ жыве, не знайсці мне дарогі: ні сіл, ні часу спазнаць іх унутраны свет у мяне ўжо няма. Усё ўва мне: і голас, і рухі, і смех належаць таму пачварнаму вылюдку, якога я супрацьпаставіў усяму свету, вылюдку, што носіць маё імя…
Вось такія думкі не давалі мне спакою, калі надвячоркам стаяў я ў вінаградніку і глядзеў на далёкія сенажаці Ікэма, залітыя апошнімі промнямі сонца. Выпадак, пра які я зараз раскажу, яшчэ больш праясніў гэтыя думкі. Але я ўжо вяртаўся з імі дамоў, да глыбіні душы ўсхваляваны адчуваннем спакою, які ціха апускаўся на зямлю. Цені ад дрэў выцягнуліся, уся зямля замерла ў чаканні… Далёкія пагоркі нібы згіналі спіну і, здавалася, чакалі, каб іх хутчэй накрылі туман і начная цемра — а тады яны, можа, лягуць, выцягнуцца і заснуць чалавечым сном.
Я спадзяваўся, што застану дома Жэнеўеву і Хюбэра: яны абяцалі прыехаць і павячэраць са мной. Упершыню ў жыцці я чакаў іх прыезду, радаваўся, што пабачуся з імі. Мне карцела хутчэй паказаць ім сваю абноўленую душу. Нельга, нельга было губляць ні хвіліны! Трэба хутчэй спазнаць іх, і яны няхай спазнаюць мяне! Ці паспею я толькі да смерці праверыць сваё адкрыццё? Я птушкай палячу да сэрцаў сваіх дзяцей! І не будзе мне цяпер ніякіх перашкод! Я рассек клубок гадзюк і вельмі хутка заваюю іх любоў, і будуць яны плакаць, закрываючы мне вочы!..
Читать дальше