Ён праглынуў сліну і моўчкі пазіраў на мяне, але нічога не мог прачытаць на маім твары.
— Ну а ты? Як твае справы, дачка? — спытаўся я, паварочваючыся да Жэнеўевы. — У цябе, відаць, усё добра. Муж твой — мудрэц…
Жэнеўева заўсёды з сябе выходзіла, калі хвалілі мужа. Яна з абурэннем запярэчыла, што іх фірма абанкруцілася. Ужо два гады, як Альфрэд не закуплівае рому, — ён, бачыце, упэўнены, што цяпер лепш пачакаць і не пачынаць ніякіх спраў. Ім-то ёсць за што жыць, толькі вось Філі пагражае кінуць жонку і чакае толькі, каб пераканацца, што цесцеў кашалёк апусцеў.
Я разануў:
— Падумаеш, бяда вялікая!
— Канешне, Філі — падонак! Гэта і я ведаю, і Яніна ведае… Але калі ён кіне яе, яна памрэ… Не вытрымае, памрэ. Табе гэтага не зразумець, тата. Не дадзена табе гэтага. Яніна пра яго ведае куды больш, чым усе мы разам. Яна не раз мне казала, што такіх нягоднікаў мала на свеце. І ўсё ж такі, калі ён кіне яе, яна памрэ. Табе гэта здаецца глупствам. Такія пачуцці для цябе не існуюць. Але з сваім вялікім розумам ты можаш улавіць і тое, чаго сам не адчуваеш…
— Ты стамляеш тату, Жэнеўева…
Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б'е па маім самалюбстве і можа «ўсё сапсаваць». Ён убачыў прыкметы крыўды і болю на маім твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзіла маю старую рану… Я ўздыхнуў: «Шчасліўчык гэты Філі!»
Хюбэр і Жэнеўева ашаломлена пераглянуліся. Яны ніколі не сумняваліся, што я прыдуркаваты, і, відаць, з чыстым сумленнем адправілі б мяне ў вар'яцкі дом.
— Падлюга ён, распуснік! — прабурчаў Хюбэр. — А мы ў яго ў руках…
— Яго цесць не такі жорсткі, як ты, — сказаў я. — Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такі ўжо Філі і распуснік…
Жэнеўева не вытрымала:
— Ён і Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсціў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць — колькі разоў бачылі!.. Божа! Які сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму…
Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхіліць іх ад галоўнага.
— Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева, — злосна сказаў ён. — Можна падумаць, што свет клінам сышоўся на табе і тваёй сям'і.
Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з іх большы эгаіст — яна ці Хюбэр, і дадала:
— Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваіх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькі магла, рабіла для Яніны і ганаруся гэтым. А хіба наша мама для нас усяго не рабіла?! За дачку я хоць у агонь…
З'едлівым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявіў, што яна «не толькі сама ў агонь пайшла б, але і ўсіх за сабой пацягнула б».
О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлітаснай бойкі за тыя рэшткі спадчыны, якія я не паспеў бы знішчыць. А цяпер мне брыдка і сумна слухаць усё гэта… Што ж, трэба раз і назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерці спакойна.
— Дзіўна, дзеці мае! — сказаў я. — Як дзіўна, што я ўрэшце зраблю менавіта тое, што здавалася мне несусветным вар'яцтвам…
Ну вось! Спрэчкі як не было… Абодва праціўнікі з'ядалі мяне сваімі прагнымі, недаверлівымі вачыма. Яны чакалі. Як яны насцярожыліся!..
— Я добра памятаў і ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянінам, які арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабілі ўсё, каб ён памёр з голаду… А яшчэ і так бывае: доўга хварэе, не хоча паміраць стары, — дзеткі дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкі на галаву ды прыціснуць трохі…
— Тата, не трэба!
І ў голасе, і на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:
— У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Мае ўклады ў некалькіх банках. І тут, і ў Парыжы, і за граніцай. А яшчэ ж будынкі, землі, лес.
З кожным маім словам вочы іх большалі, але абое не адважваліся верыць. Я заўважыў, як нервова дрыжалі тонкія сынавы рукі.
— Я хачу, каб усё было скончана да маёй смерці. Трэба адразу падзяліць і тое, што вы атрымалі ад нябожчыцы маці. Пакуль буду жыць, сабе пакідаю Калез — дом і парк. Утрыманне і рамонт — за ваш кошт. Пра вінаграднікі я больш і слухаць не хачу. Забірайце сабе, а мне будзеце плаціць штомесячную рэнту, — трэба толькі вызначыць яе памер… Падай мне кашалёк, там… у пінжаку, у левай кішэні.
З дрыготкіх рук Хюбэра я ўзяў кашалёк. Дастаў адтуль канверт.
— Вось тут некаторыя звесткі пра стан і памеры маёмасці. Можаш занесці гэты канверт натарыусу Аркаму… Або пачакай, лепш патэлефануй, скажы, каб ён зайшоў да мяне. Я сам аддам гэты дакумент і пры табе засведчу яму сваю волю.
Читать дальше