— Я многа перадумаў.
Ён старанна падрыхтаваў сваю прамову. Гаварыў так урачыста, нібы звяртаўся да сходу акцыянераў: кожнае слова — узважана, ніякіх адступленняў, ніякіх перабольшанняў…
— Ля мамінага ўзгалоўя я праверыў сваё сумленне. Я паспрабаваў зірнуць іначай на наш разлад і паставіць сябе на тваё месца. Мы бачылі ў табе бацьку, які як можа стараецца пазбавіць спадчыны сваіх родных дзяцей, і гэта, па-мойму, робіць законнымі ўсе нашы дзеянні і ўчынкі. Прынамсі, кожны чалавек іх зразумее і прабачыць. Мы далі табе маральную перавагу над намі сваёй бязлітаснай барацьбой і сваёй…
Тут ён запнуўся, шукаў патрэбнага слова — а я ціхенька падказаў:
— …і сваёй подлай змовай.
Ён пачырванеў. Жэнеўева зашыпела:
— А чаму «подлай»? Ты ж куды мацнейшы за нас…
— Ну што вы! Якая тут моц? Хворы стары супраць зграі маладых ваўкоў…
— Гэты хворы стары, — сказаў Хюбэр, — у нашай сям'і карыстаецца вялікімі прывілеямі. Ён днямі сядзіць сабе ў пакоі, пільна сочыць за ўсім, што робіцца навокал, выведвае нашы прывычкі, слабасці і ўсё выкарыстоўвае ў сваіх эгаістычных інтарэсах. Спяшацца яму няма куды, ён грунтоўна абдумвае кожны свой удар. Ён усё ведае пра іншых, а тыя пра яго — нічога. Ён — адмысловы майстра падгледзець, падслухаць (тут я не змог стрымаць усмешкі, тады і яны ўсміхнуліся). Дык вось, — гаварыў далей Хюбэр, — у сваёй сям'і, у сваім доме людзям заўсёды бракуе асцярожнасці: спрачаюцца, крычаць, гарлапаняць і самі гэтага не заўважаюць. Залішне мы паспадзяваліся на таўшчыню сцен у нашым доме. А ёсць жа яшчэ і адчыненыя вокны…
Гэтыя намёкі трохі змякчылі наш настрой. Але Хюбэр зноў загаварыў сур'ёзным тонам:
— Я нават дапускаю, што мы маглі табе здацца злачынцамі. Я, канешне, мог бы яшчэ раз спаслацца на тое, што кожны наш крок — гэта законны сродак самаабароны, але не варта абвастраць спрэчку і падліваць масла ў агонь. Не буду я тут разбірацца і хто быў падпальшчыкам гэтай сумнай вайны. Я гатоў нават абараняць вінаватага. Але ты павінен зразумець… Ён падняўся, працёр акуляры. Твар худы, змучаны… — Ты павінен зразумець, што я змагаўся за гонар нашай сям'і, за будучыню сваіх дзяцей. Не можаш ты сабе ўявіць, якое наша становішча, — ты чалавек мінулага стагоддзя, ты жыў у тую казачную эпоху, калі разумны, абачлівы чалавек мог рабіць стаўку на надзейныя вартасці. Я, безумоўна, разумею і аддаю табе належнае: ты заўсёды быў на вышыні абставін. Ты, напрыклад, самы першы адчуў набліжэнне буры і своечасова паспеў пусціць у ход працэнтныя паперы… Але табе ўдалося гэта толькі таму, што ты быў па-за біржавымі справамі, а калі хочаш — без справы! Ты мог спакойна ацаніць становішча, усё ўзважыць і дзейнічаць. А я быў звязаны па руках і нагах… Удар быў занадта нечаканы, ніхто не паспеў апамятацца. Упершыню затрашчалі ўсе разам галіны дрэва, і не было за што ўтрымацца, і не было дзе ўратавацца…
З якім болем ён паўтараў: «Не было», «не было…» Моцна, мусіць, скруцілі яго даўгі!.. Можа, ён на краі бездані?! Але тут Хюбэр спахапіўся, што загаварыў занадта шчыра, і пачаў пераказваць агульнавядомыя ісціны: магутнае пасляваеннае абсталяванне, перавытворчасць, крызіс спажывання… Усе яго словы мяне мала цікавілі. Я ўважліва прыглядаўся да сына і бачыў, што ён перапоўнены трывогай. І ў гэтыя хвіліны я адчуў, што нянавісць мая памерла, патухла жаданне адпомсціць. А можа, усё гэта памерла ўжо даўно? Я паспрабаваў успомніць пра свае старыя крыўды, зноў распаліць у сабе агонь гневу і лютасці… Дарэмна… Навошта спрачацца з відавочным. Няпростае пачуццё нараджалася ўва мне да сына, але пераважала ў ім зацікаўленасць. Усе трывогі гэтага няшчаснага я мог супакоіць адным сваім словам!.. Як гэта ўсё было дзіўна!.. А ў вачах у мяне стаяла маё багацце… Яшчэ нядаўна яно было мэтай і сэнсам усяго майго жыцця!.. Дарэмна спрабаваў я падараваць, аддаць, згубіць яго!.. Аказваецца, я не мог нават зрабіць з ім таго, што мне хацелася!.. І вось я адкінуў гэтае багацце. Яно перастала мяне цікавіць, ніякага дачынення да яго я больш не меў… Хюбэр змоўк і пільна глядзеў на мяне праз свае акуляры: «Што гэта зноў задумаў бацька? Адкуль чакаць новага ўдару?» Вось ён ужо і падрыхтаваўся: на твары з'явілася пакутлівая грымаса, у вачах — страх і адчай, цела адкінулася на спінку крэсла, рука прыўзнялася, нібы папярэджваючы гэты чарговы ўдар… І я пачуў:
— Я прашу цябе толькі аб адным: дапамажы мне выблытацца і ўмацаваць маё становішча. Ад мамы мне сёе-тое дастанецца, але мне яшчэ трэба (ён запнуўся, баючыся назваць суму)…трэба ўсяго толькі адзін мільён. А калі ўсё наладзіцца, я тады і адзін… А зрэшты, глядзі сам. Абяцаю, што тваё слова будзе для мяне законам…
Читать дальше