А я клаўся спаць і ўставаў з адной толькі думкай: паступіць у Эколь Нармаль [1] Вышэйшая навучальная ўстанова ў Парыжы.
. У чацвер і нядзелю [2] У французскіх школах чацвер і нядзеля — вольныя ад заняткаў дні.
мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, («каб хоць праветрыўся»). Я не з тых дзяцей, якія хваляцца, што сталі выдатнікамі без ніякіх намаганняў. Я быў зубрылам і ганарыўся гэтым: «Зубрыла! А што тут такога?!» Не скажу, што ў ліцэі я з вялікім задавальненнем вывучаў Вергілія ці Расіна. Але што зробіш: задалі — значыць, чытай, зубры і нічога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбніцы чалавечага генія я вылучаў толькі тыя шэдэўры, што былі пазначаны ў праграме. Толькі яны мелі для мяне значэнне. І я пісаў пра іх у сваіх сачыненнях тое, што трэба было пісаць, каб дагадзіць выкладчыкам, — гэта значыць тое, што сотні разоў гаварылася і пісалася цэлымі пакаленнямі абітурыентаў, якія паступалі ў Эколь Нармаль. Вось такім я быў ідыётам, і, магчыма, ім бы і застаўся на ўсё жыццё, калі б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала маці, і я быў вымушаны ўсё кінуць.
Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцінстве і юнацтве. Калі хлопчык расце, развіваецца, нельга яму ад раніцы да ночы сядзець за пісьмовым сталом, згорбіўшыся над кнігамі і сшыткамі. Трэба даваць яму хоць якую фізічную нагрузку.
Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай ніводнага радка. Павер, я гавару толькі пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькіх непрыкметных падзей, — ты пра іх не ведала альбо забылася.
Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збіраюся шкадаваць і сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якіх твая нянавісць толькі парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне… бо ты, калі і ўспамінаеш пра мяне, то толькі з варожасцю.
Магчыма, я залішне рэзкі і не зусім справядлівы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнікі і слоўнікі. Калі я гартаю ўспаміны дзяцінства другіх людзей і бачу, які светлы рай паўстае перад іх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: «А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцінства? Можа, я нешта забыўся, а другія берагуць гэта ў памяці? Можа, і ў маім маленстве былі такія ж радасныя часіны?..» Дзе там… У памяці толькі бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакі, жорсткае саперніцтва з Энохам і Радрыгам — маімі аднакласнікамі. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў ніякай дружбы. Поспехі ў вучобе, мая незалежнасць і нават высакамернасць прыцягвалі да мяне некаторых школьнікаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог ніякіх «сантыментаў». І калі б нават лёс зрабіў мяне пісьменнікам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваіх дзіцячых успамінах ніводнай пяшчотнай старонкі. Пачакай… усё ж нейкі водбліск святла прабіваецца… Бацька… Я амаль не памятаў яго і часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькі на нейкі час знік і хутка вернецца… Пасля заняткаў у ліцэі я бягом імчаўся дамоў, абмінаючы экіпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, і я бег проста па вуліцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвіцы. Мама сядзела ля акна і цыравала бялізну. Бацькава фатаграфія вісела на сваім месцы — справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьці мармытаў у адказ на яе пытанні і садзіўся за ўрокі.
Як толькі выявілася мая хвароба, што так крута перавярнула ўсе мае планы, мама адразу перавезла мяне ў Аркашон, дзе на беразе заліва ў маленькай вясковай хатцы я правёў доўгія месяцы. Што і казаць, настрой у мяне быў самы панылы: падарванае здароўе пад корань падрэзала ўсе мае надзеі на ўніверсітэцкую кар'еру. Бедная мама, я злаваўся на яе, бо яна не заўважала маёй трагедыі і, як мне тады здавалася, увогуле не дбала пра маю будучыню. Яна тым і жыла, што з нецярплівасцю чакала, што пакажа тэрмометр. Раз на тыдзень мяне важылі, і ад маёй вагі цалкам залежалі яе радасць і гора. Шмат гадоў пазней мне давялося спазнаць, як горка і крыўдна ляжаць хвораму, калі ніхто да цябе не падыходзіць і ніхто не цікавіцца тваім станам. О, тады я зразумеў: лёс справядліва карае мяне за маю жорсткасць да мамы, якая так любіла мяне.
Прыйшла вясна, а з ёю і мая папраўка. Я ажыў. Пашырэў у плячах, пасталеў. У гэтай сухой лясістай мясцовасці, пакрытай травой і жаўтазелем (у тую пару Аркашон быў яшчэ вёсачкай), мой разбіты ад нездаровага жыцця арганізм атрымаў усё неабходнае.
Читать дальше