«Я паспрабую яшчэ», — паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукі зрабіліся ліпкія, а вочы замгліліся і толькі ў мігі праяснення бачылі добра.
Ён паспрабаваў зноўку, і зноўку той жа вынік. «Значыцца, — падумаў ён, а млосць ужо наплывала, — я паспрабую яшчэ раз».
Ён уклаў увесь боль і тое, што засталося ад ягонае дужасці і даўно страчанае гордасці, у свой высілак, каб скончыць са змагарскай агоніяй рыбіны, і тая перавярнулася на бок і слухмяна паплыла, траха не датыкаючыся дзюбай да дошак чоўна, і мінала лодку, доўгая, моцная, шырокая, срэбраная, спярэшчаная фіялетавымі палосамі і несканчоная ў вадзе.
Стары чалавек выпусціў шнур і прыціснуў нагой, пасля падняў гарпун, а ў гэтую хвіліну ён сабраў і новыя сілы, увагнаў рыбіне ў бок, якраз за вялізным грудным плаўнікам, які ўзнімаўся высака ў паветры на ўзроўні рабаковых грудзей. Ён адчуў, як сталь уваходзіць у мяса марліна, і ён успёрся на яе і ўвагнаў глыбей, а тады налёг на гарпун усім цяжарам свайго цела.
Але рыба ажыла, хоць ужо трымала ў сабе смерць, і шуганула з вады, паказваючы ўсю сваю даўжыню і шырыню, і магутнасць, і красу. Здавалася, яна павісла ў паветры над старым чалавекам у чоўне. Пасля яна з грукам упала ў ваду, пырскамі заліўшы старога чалавека і ўвесь ягоны човен.
Старога чалавека адольвала млоснасць і слабасць, ды і бачыў ён кепска. Але ён разблытваў шнур гарпуна сваімі паабдзіранымі рукамі, павольна прапускаючы той цераз пальцы, пакуль, калі зрок ягоны паяснеў, не ўгледзеў рыбіны, што пагойдвалася на спіне срэбраным жыватом угору. Страла гарпуна тырчала наўскос з пляча рыбіны, і мора чырванела ад крыві, што цякла з сэрца марліна.
Спачатку здавалася, што гэта ў сіняй вадзе глыбінёю больш за мілю цямнее меліна. Пасля пляма расплылася, як рассейваецца воблака. Рыбіна ільснілася срэбрам, калыхаючыся, застылая, разам з хвалямі.
Зрок у старога чалавека на момант палепшыўся, і ён уважліва ўгледзеўся ў гэты малюнак. Пасля двойчы абкруціў вяроўкай гарпуна бітэнг на носе лодкі і паклаў галаву на рукі.
— Не здавайся, галава, — сказаў ён, прыхіліўшыся да дошак носа. — Я стомлены стары чалавек. Але я забіў гэтага марліна, свайго брата, і мушу яшчэ багата паваждацца.
«Цяпер я павінен падрыхтаваць вяроўку і петлі, каб прыладзіць яго да борта, — падумаў ён. — Нават калі б мы былі ўдвух і залілі лодку, уцягнуўшы ў яе рыбіну, а пасля вычарпалі ваду, човен нізашто не вытрымаў бы ягонага цяжару. Я павінен усё падрыхтаваць, пасля прысунуць яго да борта, як след прывязаць, паставіць мачту, узняць ветразь і рушыць дадому».
Стары чалавек стаў падцягваць рыбіну да борта, каб займець магчымасць прасунуць вяроўку праз ейныя шчэлепы, выцягнуўшы пасля з рота, і прымацаваць галаву да носа лодкі. «Я хачу бачыць яго, — падумаў ён, — і кранацца, і адчуваць яго. Гэта мой скарб, — падумаў ён. — Але не таму я жадаю адчуваць яго каля сябе. Мне здаецца, я пачуў ягонае сэрца, — падумаў ён. — Калі штурхаў стралу гарпуна другі раз. Падцягні яго зараз ды прымацуй, ды схапі пятлёю хвост, а другою — тулава, каб як след прывязаць яго да чоўна».
— Закасвай рукавы, старэча, — сказаў ён і глытнуў трошачкі вады. — Цяпер, па змаганні, на цябе чакае процьма рабскае працы.
Ён зірнуў угору на неба, тады ў ваду на рыбіну. Пасля ўважна паглядзеў на сонца. «Цяпер яшчэ толькі трохі папаўдні, — падумаў ён. — І пасат узнімаецца. Такой бяды ўсе гэтыя шнуры. Мы з хлопчыкам зросцім іх удома».
— Ідзі сюды, рыба, — сказаў ён. — Але марлін не падышоў. Ён калыхаўся сабе ў хвалях, і стары чалавек сам пакіраваў лодку да яго.
Калі стары чалавек зраўняўся з рыбінай і ейная галава датыкалася да носа лодкі, то ён не мог паверыць у памер гэтага марліна. Але ён адвязаў вяроўку гарпуна ад бітэнга, прасунуў яе праз шчэлепы і дастаў са сківіц, абхапіў ёю меч, потым прасунуў вяроўку праз шчэлепы з другога боку, яшчэ раз схапіў ёю глюгу і, зрабіўшы вузел на двайной вяроўцы, прымацаваў яе да бітэнга на носе. Пасля перарэзаў вяроўку і пайшоў на карму ўзяць пятлёю хвост. З фіялетава-срэбранай рыба зрабілася цалкам срэбраная, а палосы мелі цяпер гэткі ж бледна-ліловы колер, што і хвост. Палосы былі шырэйшыя за чалавечую руку з растапыранымі пальцамі, а рыбіна вока глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсіі.
— Гэта быў адзіны спосаб, якім яго можна было зрабіць, — сказаў стары чалавек. Ён чуўся лепей, выпіўшы вады, і ведаў, што не страціць прытомнасці, і галава была ясная. — У такім выглядзе марлін заважыў бы больш за паўтары тысячы фунтаў, — меркаваў стары чалавек. — А магчыма, і нашмат болей. Калі разабраць і прадаць дзве траціны гэтага па трыццаць цэнтаў фунт? Га?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу