Вось-вось яны рассыплюцца па палях і пачнуць пажыраць ураджай.
— Хто вас будзе карміць?
— Хто яго ведае…
Як забяспечыць харчамі мільёны бежанцаў на дарогах, па якіх можна рухацца толькі з хуткасцю ад пяці да дваццаці кіламетраў у дзень? Калі харчы нават меліся, немагчыма было б іх падвезці.
Гэтая мяшанка людзей і жалезнага лому нагадала мне Лівійскую пустыню. Мы з Прэво жылі на бязлюдным плато, укрытым чорным, зіхоткім на сонцы каменнем, быццам абцягнутым жалезнай бранёю.
I я з нейкай роспаччу назіраю за гэтым відовішчам: ці доўга пражыве хмара саранчы, якая апускаецца на асфальт?
— А каб напіцца, вы будзеце чакаць дажджу?
— Хто яго ведае…
Вось ужо дзесяць дзён праз іх вёску цягнуліся бежанцы з поўначы. Дзесяць дзён яны былі сведкамі вялікага перасялення. Цяпер надышла іх чарга. I яны займаюць сваё месца ў працэсіі. О, вядома, ні на што не спадзеючыся.
— А мне ўсё-такі хацелася б памерці дома.
— Кожнаму хацелася б памерці дома.
I гэта праўда. Уся вёска рассыпаецца, як замак з пяску, хоць нікому не хочацца ехаць.
Калі б у Францыі нават і меліся рэзервы, падкінуць гэтыя рэзервы аказалася б проста немагчыма, бо ўсе дарогі запруджаны. Можна было б — нягледзячы на паламаныя машыны, на машыны, што наляцелі адна на адну, на непазбежныя дарожныя заторы — сяк-так яшчэ можна было б рухацца па цячэнні, але што рабіць, калі трэба рухацца супроць яго?
— Але ж няма ніякіх рэзерваў, — кажа мне Дзютэртр, — няма чаго і хвалявацца, выходзіць.
Ходзяць чуткі, што з учарашняга дня ўрад забараніў эвакуацыю вёсак. Але загады распаўсюджваюцца богведама як, бо рух на дарогах немагчымы. Што да тэлефонных ліній, дык яны перагружаныя, перарэзаныя або ненадзейныя. I потым, справа зусім не ў загадах. Справа ў тым, што трэба вынайсці новую мараль. Ужо тысячу гадоў людзям унушаюць, што жанчыны і дзеці павінны быць па-за вайной. Вайна — справа мужчын. Мэры выдатна ведаюць гэты закон, знаюць яго і памочнікі мэраў, і школьныя настаўнікі. I вось яны нечакана атрымліваюць загад забараніць эвакуацыю, гэта значыць, змусіць жанчын і дзяцей заставацца пад бамбёжкай. Ім спатрэбіўся б цэлы месяц, каб прызвычаіць сваю свядомасць да новых абставін. Нельга адным махам перавярнуць цэлую сістэму мыслення. А вораг наступае. I тады мэры, іхнія памочнікі і настаўнікі гоняць сваіх падапечных на вялікую дарогу. А што астаецца рабіць? Дзе яна, тая праўда? I брыдуць гэтыя авечкі без пастуха.
— Ці няма тут доктара?
— Вы што, не тутэйшыя?
— Не. Мы здалёку, з поўначы.
— А навошта вам доктар?
— Жонка мая вось-вось пародзіцца на калёсах…
Сярод кухоннага посуду, сярод запаланіўшага ўсё жалезнага ламачча, як на цернях…
— Хіба вы не ведалі, што гэта адбудзецца?
— Мы ўжо чатыры дні ў дарозе.
Дарога — гэта няўмольны паток. Дзе прыпыніцца? Паток змятае на сваім шляху вёскі, якія адна за адной лопаюцца і ўліваюцца ў яго, як у агульную сцёкавую канаву.
— Не, доктара тут няма. А наш за дваццаць кіламетраў адсюль.
— А! Ну што ж…
Мужчына выцірае лоб. Усё абрынаецца. Ягоная жонка раджае на калёсах, між кухоннага посуду. I ва ўсім гэтым няма ні кроплі жорсткасці. Гэта найперш за ўсё да дзікасці бесчалавечна. Ягоная жонка вось-вось памрэ, а ён не жаліцца. Вось так. Нейкі кашмарны сон.
— Калі б хоць дзе-небудзь можна было прыпыніцца…
Знайсці дзе-небудзь сапраўдную вёску, сапраўдную гасцініцу, сапраўдную лякарню… Але і лякарні таксама эвакуіруюць богведама чаму! Гэткае ўжо правіла гульні. Няма калі прыдумляць новыя правілы. Знайсці дзе-небудзь сапраўдную смерць! Але сапраўднай смерці болей няма. Ёсць чалавечыя целы, якія псуюцца, як аўтамабілі.
Усюды я адчуваю гэтую неабходнасць, якая страціла ўсялякі сэнс, неабходнасць, якая перастала ўжо быць неабходнасцю. Людзі адольваюць пяць кіламетраў у дзень, ратуючыся ад танкаў, якія за гэты час паспяваюць бездаражжу прайсці сотні кіламетраў, і ад самалётаў, якія ляцяць з хуткасцю шэсцьсот кіламетраў у гадзіну. Гэтак выцякае сіроп, калі перакуліць бутэльку. Жонка гэтага чалавека раджае, а часу ў яго хоць адбаўляй. Дапамога неабходна неадкладна, у гэтую вось хвіліну. I разам з тым, у гэтым ужо няма ніякай неабходнасці. Усё завісла ў хісткай раўнавазе паміж хвілінай і вечнасцю.
Усё запаволілася, як рэфлексы паміраючага. Агромністы статак даведзены да знямогі перад варотамі бойні. Колькі ж іх, каму наканавана загінуць на гравійцы, — пяць, дзесяць мільёнаў?.. Цэлы народ стомлена і панура топчацца на парозе вечнасці.
Читать дальше