— Нічога, на дарозе спраўлюся… Там лягчэй будзе…
3 ёю яшчэ нявестка і сямёра дзяцей…
На дарозе! Там яна будзе паўзці па дваццаць кіламетраў у дзень, праз кожныя дзвесце метраў спыняючы машыну! Праз кожныя дзвесце метраў трэба будзе тармазіць, спыняцца, выключаць матор, выціскаць счапленне, уключаць яго, бясконца мяняць хуткасць у тлуме непазбежных затораў. Яна ж усё патрушчыць! А бензін, якога ў яе не хопіць! А масла! А вада, пра якую яна забудзе!..
— Сачыце за вадой! Ваш радыятар працякае, як кош.
— Што паробіш, машына старая…
— Ехаць давядзецца не меней тыдня… Ці справіцеся?
— Не ведаю…
Не адолеўшы і дзесятка кіламетраў, яна разы са тры дзеўбанецца ў іншыя машыны, заклініць счапленне, праколе шыны. Тады яна, яе нявестка і сямёра дзяцей заплачуць. Тады яна, яе нявестка і сямёра дзяцей, сутыкнуўшыся з непасільнымі цяжкасцямі, зусім адмовяцца прымаць хоць якое рашэнне і сядуць ля дарогі ў чаканні пастуха. Але пастухі…
Пастухі… Проста дзіва, да чаго іх бракуе! Мы з Дзютэртрам назіраем, як паводзяць сябе авечкі без пастуха. Яны брыдуць у аглушальны грукат механізмаў. Тры тысячы поршняў. Шэсць тысяч клапанаў. Усё гэта скрыгоча, раве і тарахціць. У некаторых радыятарах кіпіць вада. Вось так, напружваючы ўсю сваю сілу, гэты безнадзейны караван вырушае ў дарогу. Караван без запасных частак, без шын, без бензіну, без механікаў. Якое вар'яцтва!
— А нельга вам застацца дома?
— Ах, пэўна ж, што мы лепей засталіся б дома!
— Тады навошта ж ехаць?
— Нам загадалі…
— Хто вам загадаў?
— Мэр…
Зноў гэты мэр.
— Дзіва што! Усе мы з радасцю засталіся б дома. I гэта праўда. Тут не адчуваецца ніякай панікі, тут пануе атмасфера сляпой пакоры. Карыстаючыся гэтым, мы з Дзютэртрам спрабуем абразуміць сяго-таго:
— Лепей разгрузіце вы ўсё гэта. Тады хоць ваду будзеце піць са сваіх калодзежаў…
— Ну пэўна, так было б лепей!..
— Але ж вас ніхто не гоніць!
Нашы словы падзейнічалі. Вакол нас сабралася кучка людзей. Нас слухаюць. Ківаюць галовамі ў знак згоды.
— Капітан сапраўды праўду кажа…
У мяне выяўляецца прыхільнік. Адзін дарожнік, якога я схіліў у сваю веру, угаворвае яшчэ гарачэй, чым я:
— Я ж казаў! Вось выедзем на шашу, будзем жэрці жвір!
Яны пярэчаць. Потым пагаджаюцца. Яны заста-нуцца. Некалькі чалавек ідуць угаворваць астатніх. Але вось яны замаркочана вяртаюцца:
— Нічога не выходзіць. Давядзецца і нам ехаць.
— Чаму?
— Пекар паехаў. Хто ж будзе пячы хлеб?
Вёска ўжо распадаецца. Недзе нешта дало трэшчыну. I праз гэтую трэшчыну выцеча ўсё дарэшты. Тут ужо нічога не паправіш.
Дзютэртр мяркуе па-свойму:
— Уся трагедыя ў тым, што людзей прымусілі паверыць, што вайна — з'ява ненармальная. Некалі яны заставаліся дома. Вайна і жыццё перапляталіся…
Зноў з'яўляецца гаспадыня. Яна валачэ мяшок.
— Мы вылятаем праз сорак пяць хвілін… Ці не знойдзецца ў вас па кубачку кавы?
— Бедныя вы мае дзеткі!..
Яна выцірае вочы. Не, яна плача не па нас. I не па сабе. Яна плача ад знямогі. Яна адчувае, што яе ўжо заглынуў хаос гэтага распоўзлага каравана, які з кожнай вярстой будзе распаўзацца ўсё болей і болей.
А потым, недзе ў чыстым полі, варожыя знішчальнікі, зніжаючыся, раз-пораз будуць выплёўваць кулямётныя чэргі ў гэты няшчасны статак. Але самае дзіўнае, што звычайна яны не надта і шчыруюць. Падпаляць некалькі машын, і досыць. Заб'юць некалькі чалавек, і годзе. Нас абслугоўваюць па вышэйшаму класу, — нас быццам папярэджваюць. Бы сабака, які кусае за падкаленак авечак, каб статак пажвавеў у хадзе. А тут — проста хочуць пасеяць паніку. Але які сэнс у гэтых кароткіх выпадковых налётах, калі яны амаль ні да чаго? Вораг не дужа стараецца знішчыць караван. Зрэшты, караван нішчыцца і без ягонай дапамогі. Машына псуецца сама па сабе. Машына задумана для мірных, ураўнаважаных людзей, якім няма куды спяшацца. Калі машыну няма каму рамантаваць, наладжваць, фарбаваць, яна старэе неверагодна хутка. Сення вечарам усе гэтыя машыны будуць выглядаць так, нібыта ім па тысячы гадоў.
У мяне такое ўражанне, што я прысутнічаю пры агоніі машын.
Вось гэты з веліччу караля падганяе пугай свайго каня. Ён, быццам на троне, сядзіць на козлах і ўвесь аж ззяе. У дадатак, здаецца мне, ён хапіў добрую чарку:
— Эй, вы! Што вас так радуе?
— Ды гэта ж канец свету!
Мне робіцца ніякавата, калі я думаю, што ўсе гэтыя працаўнікі, усе гэтыя людзі з іх сціплымі абавязкамі, з іх самымі разнастайнымі вартасцямі ўжо сёння вечарам ператворацца ў пражорлівых насякомых, у саранчу.
Читать дальше