Але ў той вечар, зразумеўшы, што пра мяне забыліся, я паддаўся злому дэману, на пальчыках дацягнуўся да клямкі, ціхенька адчыніў дзверы, выйшаў у пярэднюю і цішкам-нішкам пусціўся вывучаць свет.
Аднак мне здалося, што сваім патрэскваннем шалёўка папярэджвае мяне пра гнеў божы. У паўзмроку я цьмяна бачыў высокую шалёўку. Не смеючы ісці далей я сяк-так ускараскаўся на высокі столік з гнутымі ножкамі, прыціснуўся спіной да сцяны і, звесіўшы ногі, замёр там, як пацярпелы ў караблекрушэнні — на скале, у адкрытым моры.
У гэты момант расчыніліся дзверы гасцінай і ў пярэднюю зайшлі два маіх дзядзькі, якія заўжды выклікалі ўва мне свяшчэннае заміранне. Зачыніўшы за сабой дзверы, за якімі было светла і шумна, яны пачалі хадзіць па пярэдняй.
Мяне калаціла ад страху, што мяне заўважаць. Адзін дзядзька — Губэр — быў для мяне ўвасабленнем строгасці. Пасланцом божага правасуддзя. Гэты чалавек, які ніколі і пальцам не крануў бы дзіця, паўтараў мне, грозна супячы бровы, пасля кожнай маёй правіны: «У другі раз, як паеду ў Амерыку, прывязу машыну для лупцоўкі дзяцей. У Амерыцы ўсё ўдасканалена. Пагэтаму і дзеці там — само паслушэнства. I бацькам спакойна…»
Я не любіў Амерыку.
I вось яны, не заўважаючы мяне, шпацыравалі туды-сюды па халоднай, агромністай пярэдняй. Я сачыў за імі вачыма, прыслухоўваўся, затаіўшы дыханне, галава ў мяне кружылася. «У нашу эпоху…» — казалі яны. I адыходзілі разам са сваёй таямніцай, даступнай толькі дарослым, а я паўтараў сабе: «У нашу эпоху…» Потым яны вярталіся, як прыліў, які зноў накочваў на мяне свае загадкавыя скарбы. «Гэта вар'яцтва, — казаў адзін другому, — гэта проста вар'яцтва…» Я падбіраў гэтую фразу, як нейкае дзіва. I павольна паўтараў, каб адчуць сілу ўздзеяння гэтых слоў на маю пяцігадовую свядомасць: «Гэта вар'яцтва, гэта проста вар'яцтва…»
Зноў адліў адносіў ад мяне дзядзькоў. А прыліў прыбіваў іх да мяне. Гэтая незвычайная з'ява, якая адкрывала перада мной новыя, яшчэ цьмяныя далягляды, паўтаралася з той жа правільнасцю, з якой па законах сусветнага прыцягнення рухаюцца нябесныя целы. Я быў навек прыкаваны да свайго століка, — патаемны сведка ўрачыстай нарады, на якой абодва мае дзядзькі, якія ведалі выключна ўсё, разам тварылі свет. Дом мог прастаяць яшчэ тысячу гадоў, і тысячу гадоў, пахаджаючы па пярэдняй з нетаропкасцю маятніка, абодва дзядзькі ўсё гэтак жа стваралі б у ёй адчуванне вечнасці.
Гэтая кропка, да якой я прыглядваюся, безумоўна, чалавечае жыллё там, за дзесяць кіламетраў пада мною. Але мне яно нічога не гаворыць. А магчыма, гэта вялікі вясковы дом, у якім пахаджаюць два дзядзькі і спакваля ствараюць у свядомасці дзіцяці нешта гэткае ж надзвычайнае, як бязмежжа марское.
3 вышыні дзесяці тысяч метраў я азіраю тэрыторыю цэлай правінцыі, але мне так цесна, што я амаль задыхаюся. Тут у мяне меней прасторы, чым было яе ў тым чорным зярнятку.
Я страціў адчуванне бязмежжа. Я сляпы да бязмежжа. I адначасна я нібы прагну яго. I мне здаецца, што я дакранаюся да нейкай агульнай меры ўсіх чалавечых памкненняў.
Калі нейкая выпадковасць абуджае ў чалавеку любоў, то ўсё ў ім падначальваецца гэтай любові, і любоў узбагачае яго адчуваннем бязмежжа. Калі я жыў у Сахары, ноччу ля нашых кастроў часам з'яўляліся арабы, якія папярэджвалі нас пра злавесныя небяспекі. I тады пустыня ажывала і набывала сэнс. Гэтыя вестуны стваралі яе бязмежжа. Гэтаксама бывае і з музыкай, калі яна цудоўная. I са звыклым пахам старой шафы, калі яна адчыняецца і ажыўляе нашы ўспаміны. Патэтыка — гэта і ёсць адчуванне бязмежжа.
Але я разумею, што ўсё, што датычыць чалавека, нельга ні падлічыць, ні вымераць. Сапраўднае бязмежжа не ўспрымаецца вокам, яно даступна толькі духу. Яго можна параўнаць з мовай, бо мова нітуе ўсё.
Мне здаецца, цяпер я лепей разумею, што такое духоўная культура. Духоўная культура — гэта спадчына веравызнанняў, звычаяў і ведаў, набытых вякамі, часам іх цяжка апраўдаць лагічна, але яны носяць сваё апраўданне ў саміх сабе, як дарогі, калі яны некуды вядуць, бо гэтая спадчына адкрывае чалавеку яго ўнутранае бязмежжа.
Дурная літаратура даводзіла нам неабходнасць уцёкаў. Ну, канечне, адпраўляючыся ў падарожжа, мы шукаем бязмежжа. Але немагчыма знайсці бязмежжа. Яно ствараецца ў нас саміх. А ўцёкі нікога нікуды не прыводзілі.
Калі чалавеку, каб адчуць сябе чалавекам, трэба прыняць удзел у спаборніцтвах па бегу, спяваць у хоры або ваяваць, гэта ўжо тыя повязі, якімі ён імкнецца панітаваць сябе з людзьмі і светам. Але якія ж нетрывалыя гэтыя повязі! Існая духоўная культура цалкам напаўняе чалавека, нават калі ён нікуды не вырушае.
Читать дальше