Трунар ніяк не адказаў на гэты прыступ шаленства, а выцягнуў з кішэні мерную стужку і на момант прысеў збоку каля цела.
— Ах! — заплакаў мужчына, укленчыўшы ў нагах мёртвай жонкі. — Укленчыце, укленчыце, усе ўкленчыце перад ёй і запомніце мае словы! Я кажу: яе замарылі голадам. У мяне і ў галаве не было, як ёй кепска, пакуль не пачалася гарачка і не праступілі потым косці праз скуру. Не было ні агню ў каміне, ні свечкі. Яна памірала ў цемры — у цемры. Яна нават не магла бачыць твары дзяцей, хоць мы чулі, як яна хрыпела іх імёны. Я жабраваў дзеля яе на вуліцах, а яны засадзілі мяне ў турму. Калі я вярнуўся, яна памірала. Уся кроў у маім сэрцы высахла, бо яны замарылі яе галоднай смерцю. Клянуся Богам, які гэта бачыў: яе замарылі голадам!
Ён убіў рукі ў валасы і з гучным лямантам стаў качацца па падлозе; яго вочы глядзелі толькі ў адну кропку, а на вуснах выступіла пена.
Спалоханыя дзеці ўголас заплакалі, але старая, якая захоўвала такі выгляд, быццам усё, што адбывалася, яе не датычыць, прымусіла іх замаўчаць. Паслабіўшы гальштук мужчыну, які ўсё яшчэ ляжаў на падлозе, яна няроўнаю хадой наблізілася да трунара.
— Гэта мая дачка, — сказала старая, кіўнуўшы галавой у бок цела. Пры гэтым яна некалькі разоў падміргнула з выглядам вар’яткі, што ў гэтых абставінах рабіла яшчэ больш цяжкае ўражанне, чым прысутнасць смерці.
— Божа, Божа! Дапраўды гэта дзіўна, што я, якая нарадзіла яе, калі была маладой, цяпер здаровая і вясёлая, а яна ляжыць тут вось такая халодная і нерухомая! Божа мой, Божа, толькі падумаць... Гэта тэатр, ну чыста тэатр!
Пакуль старэчая істота шамкала і хіхікала ў прыпадку страшэнна агіднай весялосці, трунар памкнуўся ісці.
— Стойце, стойце! — гучна прашаптала старая. — Яе пахаваюць заўтра, або пазаўтра, або сёння ўвечары? Я прыбрала яе да хаўтураў, і я мушу ісці за труной, вы ведаеце. Прышліце мне шырокі чорны плашч, цёплы плашч, бо страх які холад. Перад тым, як ісці на могілкі, нам таксама трэба выпіць віна і з’есці пірага. Зрэшты, няхай хоць хлеба — прышліце бохан хлеба і кубак вады. Даражэнькі, ці будзе нам крыху хлеба? — прамаўляла яна паспешліва, ухапіўшыся за трунарова паліто, калі той быў рушыў да дзвярэй.
— Добра, добра, — азваўся трунар, — зразумела, што будзе. Усё, што захочаце.
Ён вызваліўся ад рук старой жанчыны і паспяшаўся прэч, цягнучы за сабой Олівера.
Назаўтра (тым часам сям’і была аказана дапамога ў выглядзе двух фунтаў хлеба і кавалка сыру, якія прынёс сам містэр Бамбл) Олівер са сваім гаспадаром вярнуўся ва ўбогі прытулак, куды ўжо прыбыў містэр Бамбл з чатырма мужчынамі з працоўні, якія павінны былі несці дамавіну. На рыззё мужчыны і старой былі накінутыя старыя чорныя плашчы. Калі прыкруцілі шрубамі века нічым не абабітае труны, насільшчыкі паставілі яе на плечы і вынеслі на вуліцу.
— А цяпер паддайце хуткасці, старая лэдзі! — прашаптаў містэр Саўэрберы старой у вуха. — Мы познімся. Нельга прымушаць святара чакаць. Ну, наперад, хлопцы — рушым як найхутчэй!
Атрымаўшы такое ўказанне, насільшчыкі прыпусціліся хуткімі крокамі са сваёй лёгкай ношай; два плакальшчыкі з усяе сілы намагаліся не адстаць. Містэр Бамбл і містэр Саўэрберы шпарка крочылі наперадзе; Олівер, чые ногі былі не такія доўгія, як у гаспадара, подбегам шыбаваў збоку.
Насуперак меркаванню містэра Саўэрберы, спяшацца пільнай неабходнасці не было, бо калі яны дабраліся да занядбанага, зарослага крапівой кутка могілак, дзе хавалі прыходскіх, святара яшчэ не было, а клерк, які ў рызніцы сядзеў ля каміна, лічыў зусім верагодным, што той будзе недзе праз гадзіну. Таму труну паставілі на край магілы, і двое сваякоў цярпліва чакалі пад халоднай імжой у гразі, а хлопцы ў лахманах, якіх відовішча прывабіла на клады, тым часам сталі шумна гуляць у хованкі паміж помнікаў; потым, каб памяняць забаву, яны сталі пераскокваць цераз труну. Містэр Саўэрберы і містэр Бамбл, як асабістыя сябры клерка, сядзелі з ім ля каміна і чыталі газету.
Нарэшце, пасля крыху больш чым гадзіннага чакання, усе ўбачылі, што містэры Бамбл і Саўэрберы з клеркам бягуць да магілы. Адразу ж за імі паказаўся святар, які на хаду апранаў строй, каб чытаць службу. Потым містэр Бамбл для прыліку адлупцаваў аднаго ці двух хлопцаў, а правялебны айцец, прачытаўшы з пахавальнага абраду столькі, колькі можна было ўціснуць у чатыры хвіліны, аддаў строй клерку і сышоў.
— Біл, давай! — сказаў Саўэрберы далакопу. — Давай, засыпай.
Гэтая задача была не надта цяжкая, бо верхняя труна была ўсяго за некалькі футаў ад паверхні зямлі. Далакоп закідаў зямлю, злёгку затрамбаваў яе нагамі, ускінуў на плечы рыдлёўку і пайшоў. Яго праводзіла хеўра хлапцоў, якія гучна скардзіліся на тое, што іх забава была такой кароткай.
Читать дальше