Калі агіднасць учынка была ўсвядомленая містэрам Бамблам напоўніцу, ён выцяў кульбай па прылаўку і пачырванеў ад раздражнення.
— Ага, — сказаў трунар. — Мне ніколі ў голаву...
— Вядома ж, ніколі не прыйшло б, сэр! — усклікнуў кур’ер. — Ніколі нікому ні за што не прыйшло б, але цяпер яна памерла, і мы мусім хаваць яе. Такое распараджэнне, і чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепш.
Сказаўшы гэта, містэр Бамбл у запале прыходскага шаленства нацягнуў сваю трохкутку на ліхі бок і выскачыў з крамы.
— Вось, Олівер, ён так раззлаваўся, што забыўся нават спытацца пра цябе, — сказаў містэр Саўэрберы, гледзячы, як кур’ер шыбуе ўніз па вуліцы.
— Сапраўды, сэр, — адказаў Олівер, які ў час наведвання трымаўся па-за полем зроку і ўвесь дрыжаў адно пры гуку Бамблавага голаса.
Аднак ён рабіў дарэмныя высілкі пазбегнуць кур’еравых вачэй, бо гэты службовец, на якога вельмі моцнае ўражанне зрабіла прадказанне джэнтльмена ў белай камізэльцы, прытрымліваўся думкі, што цяпер, калі трунар узяў Олівера на выпрабавальны тэрмін, пра яго лепш памаўчаць, пакуль не будзе падпісаная сямігадовая дамова, такім чынам не будзе зліквідаваная эфектыўна і легальна небяспека ягонага вяртання на ўтрыманне прыхода.
— Добра, — сказаў трунар, насоўваючы капялюш. — Чым хутчэй справа будзе зробленая, тым лепш. Ноэ, прасачы за крамай. Олівер, надзявай шапку і хадзем са мной.
Олівер паслухаўся і пайшоў услед за гаспадаром, які выправіўся выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Нейкі час яны ішлі праз самыя людныя і густанаселеныя кварталы горада, потым, павярнуўшы ў вулку яшчэ больш гразкую і ўбогую за ўсе, якімі ішлі раней, яны спыніліся, каб зарыентавацца ў пошуках патрэбнага дома. Дамы па іхнім баку вулкі былі высокія, вялікія, але вельмі старыя. Заселены яны былі людзьмі найбяднейшага стану. Пра гэта дастаткова выразна сведчылі брудныя фасады дамоў, наўрад ці гэтая выснова патрабавала пацвярджэння ў выглядзе нешматлікіх пацёртых жыццём мужчын і жанчын, якія час ад часу, нібы хаваючыся, сунуліся па вуліцы, сагнуўшыся амаль удвая і прыціснуўшы да жывата скрыжаваныя рукі. Шмат у якіх дамах на першым паверсе былі крамы, але яны былі амаль усе зачыненыя і разбураліся. Населеныя былі толькі верхнія паверхі. Некаторыя дамы ад часу і недагледжанасці былі ў аварыйным стане; ад абсоўвання на вуліцу іх засцерагалі тоўстыя бэлькі, упёртыя адным канцом у сцяну, а другім — проста ў дарогу. Але нават гэтыя руіны служылі начным прытулкам для бяздомных беднякоў, бо шмат дзе тоўстыя аполкі, якімі забівалі дзверы і вокны, былі напалову адарваныя, так што адкрывалася лёха, дастаткова шырокая, каб туды пралезла чалавечае цела. Вада ў сцёкавых канавах была стаячая і смярдзела. Нават здохлыя шчуры, якія ляжалі сям-там у гэтай гнілі, былі на дзіва худыя.
На адчыненых дзвярах, ля якіх спыніліся Олівер і яго гаспадар, не было ні малатка, ні званка. Асцярожна, навобмацак прабіраючыся па цёмным праходзе і наказваючы Оліверу не адставаць і не баяцца, трунар падняўся на верх першага лесвічнага пралёта. Наткнуўшыся на дзверы, якія выходзілі на лесвічную пляцоўку, ён сагнутымі пальцамі пагрукаўся ў дзверы.
Іх адчыніла дзяўчынка гадоў трынаццаці або чатырнаццаці. Толькі зазірнуўшы ў пакой, трунар зразумеў, што гэта якраз тое месца, куды яго паслалі. Ён увайшоў у пакой; следам за ім увайшоў Олівер.
Камін у пакоі не гарэў, але нейкі чалавек, згорбіўшыся, звыкла сядзеў ля халоднага агменя. Побач з ім, падсунуўшы табурэтку да пагаслага агню, сядзела старая. У другім кутку пад нейкаю дзяругай варушыліся дзеці, а ў малой пройме насупраць дзвярэй на падлозе ляжала нешта, накрытае старой коўдрай. Зірнуўшы на гэтае месца, Олівер затросся і міжволі падсунуўся да свайго гаспадара, бо хоць гэтае нешта і было накрытае, хлопчык здагадваўся, што гэта цела нябожчыцы.
Твар мужчыны быў выпетралы і вельмі бледны, яго валасы і барада былі сівыя, а вочы — налітыя крывёй. У старой быў маршчакаваты твар; два апошнія зубы тырчэлі над ніжняй губой, а вочы былі вострыя і бліскучыя. Олівер баяўся зірнуць на мужчыну ці на старую. Яны надта выдавалі на шчуроў, якіх ён бачыў на вуліцы.
— Ніхто не падыдзе да яе! — усклікнуў мужчына, запальчыва ўсхапіўшыся, калі трунар пайшоў да проймы. — Адыдзі! Адыдзі, кажу, калі хочаш жыць!
— Лухта, добры чалавек, — адказаў трунар, які даўно ўжо прывык да гора ва ўсіх яго праявах. — Лухта!
— Кажу табе! — сказаў мужчына, сціснуўшы кулакі і шалёна тупаючы нагамі па падлозе. — Кажу табе, я не дам закапаць яе ў зямлю! Яна там не спачне; чарвякі ёй будуць замінаць — есці яе яны не здолеюць — так яна высахла.
Читать дальше