— Ой, Больда, пашкадуй мае нервы… — маліў ён яе.
Але вось булён у Больды падагрэўся, хлябцы намазаныя маслам, і, прыхапіўшы вялікі жоўты кубак, Марцін ціха, у адных панчохах, шмыгануў разам з Больдай уверх па лесвіцы ў яе пакой міма вялізнага, напісанага алеем партрэта дзядулі: з партрэта глядзеў самотны худы чалавек з дзіўна чырвоным тварам, ягоная рука з дымячай цыгарай ляжала на зялёным стале. А ўнізе медная дошчачка: «Нашаму паважанаму шэфу ў дзень дваццаціпяцігоддзя фабрыкі ад удзячных супрацоўнікаў. 1938».
I заўсёды здавалася, што светла-шэры, выдатны намаляваны попел вось-вось упадзе на бліскучы паліраваны стол; часам ён нават у сне бачыў, што попел упаў, прачынаўся раніцай, быццам ад штуршка, і бег да лесвіцы паглядзець; але попел усё яшчэ вісеў на кончыку цыгары. Ён заўсёды заставаўся там, светла-шэры, надзіва дакладна намаляваны, і, заўсёды знаходзячы яго на месцы, Марцін адчуваў нейкую палёгку, але адначасова і новы цяжар у грудзях: бо ўпаў бы гэты попел, нарэшце, і ўсё было б выдатна. I ланцужок ад гадзінніка так выпісаны, што яго хацелася схапіць рукой, і тонкі, срабрыста-шэры галыптук з блакітнаватай пярлінай. I кожны раз Больда гаварыла: «Але, Карл Гальштэге быў харошы чалавек», як бы даючы зразумець, што бабулі да яго далёка.
Ад сіняй спадніцы Больды заўсёды патыхала шчолакам, і заўсёды яна была абпырсканая зверху данізу мыльнай пенай, бо асноўны занятак Больды заключаўся ў дабрачынным прыбіранні ў цэрквах. З дабрачыннасці — не за грошы — прыбірала яна ў трох цэрквах: у прыходскай, дзе яна двойчы на тыдзень урачыста шлэпала па агромністых пакрытых мыльнай пенай лужынах ад увахода да лаўкі прычасця, з глыбокай пашанай скручвала дываны перад алтаром і, як чорны анёл на аблачынцы, праплывала вакол алтара па меншай лужыне, зусім белай ад мыльнай пены. Яшчэ яна прыбірала царкву ў парку і манастырскую капліцу, куды часта хадзіў і дзядзька Альберт: цёмная каплічка, справа за лаўкай прычасця вялікая рашотка, пакрытая чорным лакам, за ёй сіняя занавеска, што аддзяляе капліцу ад царквы, і за гэтай змрочнай падвойнай агароджай спяваюць манашкі, толькі галасы ў іх больш прыемныя, тыя ж харалы, якія, як уяўлялася Больдзе, няблага пяе і яна сама. Чатыры дні на тыдзень Больда прыбірае ў цэрквах, і чатыры дні лунае яна — худы чорны анёл з бялюткім зморшчаным тварам — у пакрытых пенай, аселых на падлогу царквы аблоках. Калі Марцін зрэдчас заходзіў да яе, яму здавалася, што яе швабра — гэта вясло, а сіняя спадніца — ветразь, з іх дапамогай яна хоча закінуць зноў на нябёсы воблака, якое ўпала на зямлю, але воблака, прыляпілася да падлогі і паўзе ад увахода да лаўкі прычасця і пасля, яшчэ больш пабялеўшы ад пены, якая яго пакрывае, з паважнай павольнасцю прапаўзае вакол алтара.
У пакоі ў Больды вельмі ўтульна, хоць усё тут прапахла мыльнай пенай, разваранай рэпай і пошлым булёнам. А ад яе кушэткі, як казала маці, нясе манастырскай чакальняй; у гэтых словах заключаўся вельмі зразумелы яму намёк, намёк на мінулае Больды, калі яна была манашкай. Яе ложак — гэта таксама словы маці — нагадвае ложа Тарзана ў джунглях. Але зараз святло газавых ліхтароў пранікала з вуліцы ў пакой Больды, фарбавала ўсё ў зялёна-жоўты колер, і калі ён з’еў булён і два хлябцы, яна высунула нейкую скрынку і дастала нязменны пачастунак, які ён з усмешкай прымаў толькі дзеля яе самой, — пазліпаныя ў ком соладавыя ледзянцы.
Ён прылёг на Больдзіну кушэтку, засунуў у рот ледзянец, крыху прыкрыў вочы і пачаў глядзець на зялёна-жоўтае святло вулічнага ліхтара. Больда не запальвала святла, калі ён прыходзіў да яе. Яна сядзела пры акне каля маленечкай кніжнай паліцы, на якой былі два віды літаратуры: малітоўнікі і кінапраграмы. Кожны раз, калі Больда хадзіла ў кіно, яна абавязкова купляла праграму, прыносіла яе дадому, разглядвала малюнкі і пераказвала Марціну змест, дакладна ўспамінаючы ўсе падрабязнасці. Каб лепш сабрацца з думкамі, яна заплюшчвала вочы і адкрывала іх толькі тады, калі хацела паглядзець на малюнкі і асвяжыць у памяці нейкі эпізод; яна пераказвала яму цэлыя фільмы, сцэну за сцэнай, злёгку перарабляючы іх на свой густ. Калі ў ходзе падзей Больда закранала галоўных дзеючых асоб, яна тыцкала ў іх пальцам, і ўсё ў яе атрымлівалася цёмным, рэзкім, жахлівым, як у крывавай баладзе, — подласць, бязбожжа, распуста; але разам з тым у яе роспаведах фігуравалі высакароднасць і нявіннасць: асляпляльна прыгожыя мужчыны, якіх абманвалі асляпляльна прыгожыя жанчыны; асляпляльна прыгожыя жанчыны, якіх абманвалі асляпляльна прыгожыя мужчыны; і тут жа святы Павел, якога на шляху ў Дамаск забіла маланка гасподняя. Так, вось ён сам, святы Павел, барадаты, ахоплены полымем, на старонцы праграмкі. I святая Марыя Гарэці, подла забітая пажадлівай свіннёй, — цікава, што гэта — «пажадлівая свіння»? Яна, мусіць, мае нейкае дачыненне да распусты і бессаромнасці. Але часцей за ўсё гаворка ішла пра фільмы з дзівосна прыгожымі жанчынамі, якія станавіліся манашкамі, такіх фільмаў пра манашак было вельмі многа, і ніводнага з іх ён не бачыў, таму што на афішы з намаляванымі манашкамі ніколі не наклейвалі белую палоску: «Дзецям уваход дазваляецца».
Читать дальше