Яна мне кажа:
— Ты хочаш ведаць, хто ён? (Яна апускае вочы.) Ён такі вытанчаны. О! Вельмі вытанчаны. Ён добрасардэчны. О! Вельмі добрасардэчны. Толькі… (Яна ўздымае вочы на мяне і смяецца.) Яму далёка да цябе. Хіба яму раўняцца з табою?..
Што Бузя хоча гэтым сказаць? Яна хоча паддобрыцца да мяне? Ці яна пакеплівае з мяне?
Не, яна не паддобрываецца і не пакеплівае з мяне. Яна вылівае сваё сэрца…
Гэта як двойчы два.
Пасля гарбаты мама з Бузяю пайшлі на кухню мудраваць над сняданкам, а мы з татам сталі на малітву. Я адбыў нумар хуценька, а тата, завінуўшыся ў талес і прыладзіўшы тэфілн, яшчэ стаяў тварам да сцяны і ўзносіў хвалу Пану Богу. Раптам увайшла Бузя, прыбраная, з парасончыкам у руцэ, і звярнулася да мяне:
— Пайшлі.
— Куды?
— За горад. Проста пройдземся. Дзень цудоўны. Рэдкі дзень.
Тата павярнуў да яе галаву, глядзіць паверх сваіх сярэбраных акуляраў. А Бузя нацягвае на рукі пальчаткі і кажа яму:
— Ненадоўга, тата, ненадоўга. Мы хутка вернемся. Мама ведае, што мы ідзём. Хадзем, Шымек. Ты ідзеш?
Хіба можа раўняцца найлепшая музыка, найцудоўнейшая сімфонія з гэтымі словамі, што дайшлі да майго слыху? У іх чуваць водгулле «Песні песняў»: «Лэхо дойдзі — хадзем, любы. Нэйцэй гасодэ — пойдзем у шырокія палі. Мы будзем начаваць у вёсках. Мы наведаем вінаграднікі. Паглядзім, ці зацвілі лозы? Ці наліваюцца гронкі?..»
Не помнячы сябе ад радасці, я пускаюся следам за Бузяю і не чую пад сабою ног. Што з Бузяю? Упершыню за ўвесь час, што я дома, здарылася такое: Бузя паклікала мяне пагуляць разам. Што ж гэта такое з Бузяю?..
6
Бузя мае рацыю. Дзень цудоўны. Рэдкі дзень.
Па-сапраўднаму ацаніць такі летні дзень можна толькі ў нашым маленькім бедным мястэчку, выбраўшыся з цеснаты яго вузкіх вулачак на божы свет, вольны і прыгожы. Зямля апранула сваю зялёную мантыю, прыбралася ва ўсё багацце шматколерных палявых красак. З аднаго боку яе акантоўвае сярэбраная рака, з другога боку — нізкарослы, але густы лясок. Сярэбраная рака нагадвае сярэбраны кант новага талеса з блакітнай шэрсці. Густы лясок нагадвае густую пасму кучаравых валасоў, якія час ад часу кранае ветрык.
На Бузі была блакітная сукенка, лёгкая, як дыханне, празрыстая, як паветра, як нябёсы. Яе парасончык быў з зялёнымі карункамі, на руках — белыя пальчаткі. Шматколернаю яна была, шматколернаю, як поле.
Апошні раз, кажа мне Бузя, яна адпрасілася ў маці. Апошні раз хоча яна развітацца з горадам, з ваколіцаю, з кладамі, з млынамі, рэчкаю, мастком. Дзеля гэтага апошняга разу зрабіла ёй маці ласку. Нявесце нельга адмаўляць, ха-ха… Нявеста свайго даб'ецца… Што скажаш, Шымек?
Шымек не гаворыць нічога. Мне здаецца сёння, што Бузя вясёлая нейк па-дзіўнаму. Ненатуральна вясёлая. І смяецца яна як пад прымусам. Ці гэта мне толькі здаецца?
— Ты помніш, Бузя, калі мы тут былі?
Я нагадваю ёй, калі мы тут былі. Даўно-даўно. Шмат гадоў таму былі мы тут. Мы ішлі сюды ўдваіх ірваць зелень на швуэс, калі яна памятае. Тады мы таксама ішлі гэтай самаю дарогаю, міма гэтых самых млыноў, цераз гэтую самую рэчку, цераз гэты самы масток.
— Толькі гулялі мы тады інакш, Бузя. Тады мы бегма беглі, як маладыя алені, скакалі, як стэпавыя лані на гарах бальзамічных. А цяпер?
— А цяпер? — прамаўляе Бузя і нахіляецца, каб нарваць красак.
— Цяпер мы ідзём паважна, як пасуе такім сталым людзям, як мы… Ты помніш, Бузя, калі мы тут былі апошні раз?
— Гэта было напярэдадні швуэс, — адказвае Бузя і дорыць мне букецік духмяных красак, якія сарвала.
— Гэта мне, Бузя?
— Табе, Шымек, — кажа мне Бузя і глядзіць на мяне сваімі прыгожымі блакітнымі вачыма з «Песні песняў». І пагляд гэты пранікае мне проста ў самае сэрца.
7
Мы ўжо далёка за горадам. Мы ўжо на мастку. Там я падаю ёй руку (упершыню за ўвесь той час, што я дома).
Мы ідзём разам, трымаючыся за рукі, праз масток. Дошкі хістаюцца, вада бяжыць пад нашымі нагамі, перакочваецца і падае ўніз з лёгкім плёскатам і шумам, такім ціхім, што мне нават чуваць «цік-так» Бузінага сэрца, якое так блізка, так блізка ад мяне (упершыню за той час, што я дома).
Мне здаецца, што Бузя нахіляецца да мяне ўсё бліжэй і бліжэй. Я адчуваю знаёмы пах яе прыгожых валасоў, высакародную гладкасць яе далікатнай рукі, цеплыню яе цела. І здаецца мне, што яна прамаўляе словы на мове «Песні песняў»: «Ані лэдодзі — я належу каханаму майму; вэдодзі лі — а каханы належыць мне…» А сонца, і неба, і поле, і рэчка, і лес набываюць новыя колеры, новае хараство ў маіх вачах. Які жаль, які жаль, што масток такі кароткі. Хвіліна — і мы ўжо на тым баку, на лявадзе. Хвіліна — і Бузіна высакародна гладкая, далікатная рука выслізгвае з маёй рукі. І сонца, і неба, і поле, і рэчка, і лес пазбываюцца ранейшых колераў і ранейшага хараства ў маіх вачах.
Читать дальше