Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? — пакутліва дапытваўся ён у самога сябе. — Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.
У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка — каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.
А палове дзесятай барон, нарэшце, паволі, з бесклапотным выглядам спусціўся ў вестыбюль. Ён, вядома, даўно забыўся пра сваё абяцанне, але калі Эдгар імкліва кінуўся да яго, ён усміхнуўся гэтаму палкаму парыву і выказаў гатоўнасць стрымаць сваё слова. Ён узяў хлопчыка пад руку, прагуляўся крыху са сваім юным, ззяючым ад шчасця спадарожнікам, але адмовіўся — мякка, але рашуча — пайсці цяпер куды-небудзь пагуляць далей. Ён як быццам чагосьці чакаў, мяркуючы па нецярплівых позірках, якія ён кідаў на дзверы. Раптам барон насцярожыўся. Эдгарава маці ўвайшла ў вестыбюль і, ветліва адказаўшы на баронава прывітанне, павярнула да іх. Яна ўхвальна ўсміхнулася, пачуўшы пра запланаваную прагулку, пра якую Эдгар не расказваў ёй, раўніва захоўваючы запаветную таямніцу, і адказала згодаю на баронава запрашэнне прыняць у ёй удзел.
Эдгар адразу насупіўся, закусіў губы. Як прыкра, што яна ўвайшла якраз у гэтую хвіліну! Прагулка ж цалкам належала яму; калі ён і пазнаёміў свайго сябра з мамаю, то гэта была толькі яго добрая ласка, але дзяліць сябра з ёю ён не мае намеру. Заўважыўшы галантнае абыходжанне барона з мамаю, ён ужо адчуваў нешта накшталт рэўнасці.
Яны пайшлі на прагулку ўсе, і надта яўная ўвага, якую абое дарослыя спадарожнікі звярталі на дзіця, узмацняла ў ім небяспечнае ўсведамленне сваёй значнасці. Эдгар быў амаль адзіным прадметам іхняй размовы: маці з крыху перабольшанай трывогаю гаварыла, які ён бледны і нервовы, а барон з усмешкаю пярэчыў ёй і рассыпаўся ў пахвалах свайму «сябру», як ён яго зваў. Ніколі Эдгар не быў такі шчаслівы. Упершыню ён атрымаў правы, якіх увесь час быў пазбаўлены. Ён удзельнічаў у размове, і ніхто не спыняў яго; ён нават выказваў дзёрзкія просьбы, і яму даравалі гэта. І нядзіўна, што ў ім з кожнаю хвілінаю расло падманлівае пачуццё, што ён ужо дарослы. Ён цешыў сябе думкаю, што дзяцінства засталося за ім, як застаецца скінутае адзенне, з якога ты ўжо вырас.
У абед, па запрашэнні Эдгаравай маці, якая рабілася ўсё больш ласкавай, барон сядзеў за іх сталом. Візаві ператварыўся ў суседа, знаёмы — у сябра. Трыа наладзілася, і тры галасы — жаночы, мужчынскі і дзіцячы — гучалі ва ўнісон.
Нецярплівы паляўнічы вырашыў, што настаў час падкрасціся да здабычы. Сямейны ансамбль з трох чалавек надакучыў яму. Вельмі хораша быць разам усім і балбатаць, але, зрэшты, не балбатня ж была ягоная мэта. А ён ведаў, што салонны тон, які патрабаваў маскіроўкі жаданняў, заўсёды ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю ставіць на задні план эратычнае, пазбаўляе словы пачуцця, а націск — палу. Трэба зрабіць так, каб за свецкаю гутаркаю яна не забывалася пра яго сапраўдныя намеры, якія — у гэтым ён не сумняваўся — яна ўжо разгадала.
Читать дальше