Зноў перапала хлопцу, якога Чыпола не пераставаў выстаўляць у ролі donnainolo [21] Залётнік (іт.).
і саматужнага донжуана. Прычым упартае раздражненне і варожасць, з якімі фокуснік зноў і зноў накідваўся на яго, ніяк не стасаваліся з самаўпэўненасцю кавалтьерэ і свецкімі поспехамі, якімі ён хваліўся. Вядома, хлопец павінен быў служыць мішэнню для Чыполавых досціпаў, мішэнню, якую той у кожным прадстаўленні выбіраў сабе з публікі і па кім праязджаўся. Аднак у ягоных асцюках была і сапраўдная зласлівасць, прычына якое рабілася па-чалавечы зразумелай пры першым жа позірку на фізічны склад таго і другога, нават калі б гарбач увесь час не намякаў на поспех прыгожага хлопца ў жанчын.
— Але перш чым пачаць прадстаўленне, — дадаў ён, — я, з вашага дазволу, вызвалюся ад плашча!
І ён павярнуўся да вешалкі.
— Parla denissimo [22] Выдатна кажа (іт.).
, — з захапленнем сказаў нехта каля нас.
Артыст яшчэ нічым не паказаў свайго майстэрства, але само яго ўменне прамаўляць было прызнана мастацтвам, ён зрабіў уражанне ўжо адным сваім красамоўствам. На поўдні жывая гамонка — гэта неад’емная частка жыцця, і ёй надаюць больш вагі, чым дзе-колечы на поўначы. Нацыянальны сродак зносінаў, родная мова акружана ў гэтых народаў вартай пераймання пашанай, і ёсць нешта пацешнае і непераймальнае ў той прыдзірліва палкай шаноўлі, з якою сочаць за захаваннем формаў і законаў маўлення. Тут гавораць з асалодай, але слухаюць як строгія цаніцелі. Бо па тым, як чалавек гаворыць, вызначаюць ягонае месца ў грамадстве; неахайная, каравая мова выклікае пагарду, вытанчаная і адмысловая — стварае прэстыж, і таму маленькі чалавек, калі яму належыць зрабіць выгоднае ўражанне, стараецца ўжываць выштукаваныя фразы і сочыць за сваім вымаўленнем. З гэтага боку, прынамсі, Чыпола прыхінуў бы да сябе публіку, хоць сам і не адносіўся да тыпу людзей, якія італьянцу з уласцівым яму змешваннем маральных і эстэтычных мерак здаюцца simpatico [23] Cімпатычны (іт.).
.
Чыпола зняў шаўковы цыліндр, шалік, плашч, на хаду паправіў каптан, выцягваючы манжэты з вялікімі запінкамі, расправіў бутафорскую стужку і вярнуўся на авансцэну. На галаве ў яго была гідота: амаль зусім голы чэрап, толькі вузкая падчэрненая палоска валасоў, разведзеная на бакі простым прадзелам, цягнулася, быццам прыклееная, ад патыліцы да лоба, а валасы са скроняў, таксама падчэрненыя, былі начасаны да краёў вачэй — прычоска, як у старамоднага дырэктара цырка, смешная, але ў тон яго незвычайнаму індывідуальнаму стылю, насіў ён яе з такой пэўнасцю самога сябе, што, хай сабе і камічная, публіка ў зале стрымана маўчала. Невялікая цялесная пахіба, пра якую Чыпола загадзя наўмысна згадаў, была цяпер на вачах, хоць прырода яе і не зусім ясная: грудная клетка, як заўсёды ў такіх выпадках, была паднятая ўгору, але горб на спіне сядзеў не на звычайным месцы, паміж лапаткамі, а ніжэй, над клубамі і паясніцай, не заважаў пры хадзе, а надаваў ёй нешта бязглузда карыкатурнае, бо кожны крок у яго выходзіў ураскачку, клыбата. Зрэшты, таму, што Чыпола папярэдзіў пра сваё калецтва, яно нікога не ўразіла, і ў зале да яго паставіліся з адпаведнай далікатнасцю.
— Вам да паслугаў! — сказаў Чыпола. Калі вы не пярэчыце, мы пачнём нашу праграму з сякіх-такіх арыфметычных практыкаванняў.
Арыфметыка? Гэта, бадай, на фокусы не выдае. У мяне пачало ўжо закрадвацца падазрэнне, што Чыпола нешта круціць, але хто ён на самай справе, было яшчэ няясна. Мне стала шкада дзяцей; але пакуль што яны былі шчаслівыя проста таму, што сядзяць тут.
Нумар з лічбамі, які Чыпола паказаў, быў такі ж просты, як і ашаломна эфектны ў канцоўцы. Чыпола пачаў з таго, што прымацаваў кнопкамі аркуш паперы ў правым верхнім куце дошкі і, падняўшы ліст, нешта напісаў на дошцы. Пры гэтым ён бесперастанку балабоніў, хочучы, відаць, няспынным слоўным акампанементам ажывіць нумар, каб ён не здаўся сухаватым; фокуснік такім чынам адначасова выступаў і ў ролі свайго канферансье, вельмі жвавага і вынаходлівага на язык. Ён увесь час стараўся згладзіць прорву паміж эстрадай і залай, прорву, праз якую ён паспеў ужо перакінуць кладку сваёй перастрэлкай з маладым рыбаком, і дзеля гэтага то запрашаў на сцэну каго-небудзь з публікі, то сам па сходках спускаўся ў партэр, каб уступіць у асабісты кантакт з гледачамі. Гэта было стылем яго працы і вельмі падабалася дзецям. Не ведаю, у якой меры ўваходзіла ў задумы і сістэму Чыполы тое, што ён, захоўваючы сур’ёзнасць і нават панурасць, уключаўся ў спрэчкі з асобнымі гледачамі — публіка, прынамсі публіка прасцейшая, відаць, лічыла гэта нармальным.
Читать дальше