— Пойдзеце вы, нарэшце, ці не?
Чэнтавіч холадна паглядзеў на яго.
— Як мне помніцца, мы згадзіліся, што абдумваць кожны ход можна дзесяць хвілін. Я прынцыпова буду прытрымлівацца гэтага тэрміну.
Доктар Б. прыкусіў губу. Я заўважыў, што ён з усё большым нецярпеннем пастуквае нагою па падлозе, і сам ужо не мог саўладаць з трывогаю — я ўсё болей адчуваў, што з ім вось-вось здарыцца нешта неверагоднае. І папраўдзе: на восьмым ходзе зноў адбылася сутычка. Доктар Б., хваляванне якога ўвесь час расло, не мог схаваць нервовага раздражнення; ён ні хвіліны не сядзеў спакойна на месцы і пачаў цяпер неўсвядомлена барабаніць па стале пальцамі. Чэнтавіч зноў падняў сваю цяжкую мужыцкую галаву.
— Магу я папрасіць вас перастаць барабаніць па стале? Мне гэта перашкаджае. Я так не магу гуляць.
— Ха!.. Яно і відаць.
Лоб Чэнтавіча пачырванеў.
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён рэзка, са злосцю.
Доктар Б. зноў коратка, пагардліва засмяяўся.
— Нічога, акрамя таго, што, відаць, вы вельмі хвалюецеся.
Чэнтавіч змоўчаў і зноў схіліўся над дошкаю. Толькі праз сем хвілін ён зрабіў наступны ход. Гульня працягвалася ўсё ў тым жа пахавальным тэмпе. Чэнтавіч быццам ператварыўся ў статую; цяпер, перш чым перасунуць фігуру, ён ужо поўнасцю вытрымліваў вызначаны максімум, а паводзіны нашага сябра з кожным ходам рабіліся ўсё болей дзіўнымі. Здавалася, ён перастаў цікавіцца гульнёю і заняты чымсьці зусім іншым. Ён больш не бегаў усхвалявана з месца на месца, а сядзеў нерухома і, скіраваўшы кудысьці ўдалячынь адсутны, амаль вар’яцкі позірк, мармытаў сабе нешта пад нос; або ён быў паглыблены ў абдумванне нейкіх бясконцых камбінацый, або — і я моцна падазраваў, што гэта менавіта так, — разыгрываў у галаве зусім другія партыі. Што б там ні было, кожны раз, калі Чэнтавіч рабіў ход, яго трэба было вяртаць да рэчаіснасці. Тады яму заўсёды патрэбна была хвіліна, каб зноў разабрацца ў становішчы; я ўсё больш пераконваўся, што ў доктара Б. пачаўся прыпадак ціхага вар’яцтва, які ў любы момант мог перайсці ў буйны. Ён быццам забыўся і пра нас, і пра Чэнтавіча. І папраўдзе, на дзевятнаццатым ходзе выбухнуў крызіс. Ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход, як доктар Б., кінуўшы мімалётны позірк на дошку, раптам прасунуў свайго слана на тры палі наперад і гучна закрычаў:
— Шах! Шах каралю!
Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз хвіліну адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:
— Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хто-небудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?
Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю — гэта заўважыла б і дзіця, — і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:
— Але кароль жа мусіць быць на «f7»… ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах… гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»… гэта зусім другая партыя… гэта…
Ён раптам асекся. Я моцна схапіў яго за руку, дакладней, проста ўшчыпнуў з такою сілаю, што нават ён у сваім ліхаманкавым замяшанні адчуў гэта. Ён павярнуўся і, як самнамбул, паглядзеў на мяне:
— Што… вам трэба?
— Remember! [69] Успомніце! (англ.)
— сказаў я толькі адно слова і лёгенька пагладзіў пальцам шрам на яго руцэ.
Ён механічна паўтарыў мой жэст і шклянымі вачамі ўтаропіўся на крывава-чырвоную паласу. Раптам ён задрыжаў усім целам, быццам па скуры прабег мароз.
— Богам прашу, — прашаптаў ён бледнымі губамі, — няўжо я сказаў ці зрабіў якое-небудзь глупства?.. Няўжо магчыма, што я зноў?..
— Не, — ціхім голасам адказаў я, — але вы павінны спыніць гульню зараз жа. Неадкладна! Успомніце, што сказаў вам урач!
Доктар Б. рэзка ўскочыў з крэсла.
— Прашу прабачэння за недарэчную памылку, — сказаў ён сваім ранейшым ветлівым голасам і пакланіўся Чэнтавічу. — Я, канечне, сказаў абсалютнае глупства. Зразумела, гэтую партыю выйгралі вы.
Читать дальше